1014-ты дзень вайны: Украіна адхіляе гарантыі Захаду, якія замяняюць сяброўства ў NATO
СМІ высветлілі, якія краіны супраць уступлення Украіны ў NATO. Важна, каб Украіне працягвала паступаць ваенная падтрымка, а пытанне яе сяброўства ў Альянсе будзе абмяркоўвацца, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.
Паветраныя сілы УСУ заявілі, што адбілі атакі не менш за 30 расійскіх дронаў
Расія ў ноч на аўторак, 3 снежня, атакавала Украіну 28 ударнымі беспілотнікамі,. Пра гэта заявілі ў паветраных сілах УСУ. Гэта значна менш, чым у сярэднім за восень. Збіць атрымалася 22 дроны-камікадзэ, гаворыцца ў ранішняй зводцы.
Беспілотнікі збівалі ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Жытомірскай, Сумскай, Адэскай, Мікалаеўскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Цярнопаль і Ровенская вобласць у зводцы не фігуруюць. Раней улады паведамлялі аб трапленні ў аб'екты энергетычнай інфраструктуры ў гэтых рэгіёнах.
Украінскі Генштаб: 201 бой за суткі, палова з іх на Пакроўскім і Курахаўскім кірунках
За мінулыя суткі, 2 снежня, на лініі фронту адбылося 201 баявое сутыкненне. Палова баёў зафіксавана на Пакроўскім і Курахаўскім напрамках, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў Facebook.
«За мінулыя суткі авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны нанеслі ўдары па шасці раёнах канцэнтрацыі асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі», — піша Генштаб.
УСУ: За суткі на фронце знішчана 1780 расійскіх вайскоўцаў і 23 артылерыйскія сістэмы РФ
За суткі з 2 па 3 снежня расійская армія страціла на фронце 1780 салдат, 8 танкаў і 22 баявыя машыны, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.
Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 03.12.24 прыкладна склалі:
асабісты склад — ліквідавана каля 745 700 (+1 780) чалавек; танкаў — 9486 (+8) шт.; баявых браніраваных машын — 19 419 (+22) адзінак; артылерыйскіх сістэм — 20 976 (+23) адзінак; БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 19 917 (+31) адзінак; крылатых ракет — 2855 (+3) шт.; аўтатэхніка і аўтацыстэрны — 30666 (+60) адзінак; спецыяльнай тэхнікі — 3627 (+8) адз.
Войскі РФ прасунуліся ў Курахаве і перарэзалі адну з дарог да Вялікай Навасёлкі — DeepState
Украінскі праект DeepState у чарговым абнаўленні карты фронту канстатуе далейшае прасоўванне расіян у Курахове і паўночней яго, а таксама пацвярджае, што РФ перарэзала адну з дарог, якія вядуць да Вялікай Навасёлкі.
Паводле звестак DeepState, расійскія штурмавыя групы працягваюць прасоўвацца ў цэнтральнай частцы Курахава, і амаль увесь цэнтр ужо альбо кантралюецца расіянамі, альбо апынуўся ў шэрай зоне.
Далей на захад пад кантролем украінскай арміі застаецца толькі вялікая прамысловая зона з Курахоўскай цеплаэлектрастанцыяй.
Акрамя таго, DeepState адзначае, што расійскія войскі захапілі ўжо ўвесь паўночны бераг вадасховішча, на паўднёвым беразе якога ляжыць Курахава, і ўвайшлі ў ключавую для абароны ўсяго гэтага ўчастка фронту вёску Старыя Церны.
«Удакладненая лінія судакранання каля Новага Камара», — далей паведамляе DeepState ў пасце пра абнаўленне карты.
Гэта вёска далёка на паўднёвы ўсход ад Курахава і на поўнач ад вялікай Навасёлкі; расіяне здзейснілі кідок да Новага Камара мінімум два дні таму і, калі ўзялі вёску, перарэзалі адну з двух галоўных дарог, якія вядуць да Вялікай Навасёлкі.
Саму Вялікую Навасёлку, ключавы населены пункт у аснаванні выступу, які заставаўся пасля леташняга няўдалага наступу ўкраінскай арміі, расіяне аблажылі з усходу больш за тыдзень таму.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ: важна, каб Украіне працягвала паступаць ваенная падтрымка
Міністры замежных спраў дзяржаў NATO 3 і 4 снежня сустракаюцца ў Бруселі. Дапамога Украіне стала галоўнай тэмай сустрэчы.
На пытанне, ці будзе па выніках сустрэчы прапанавана Украіне ўступіць у Альянс, генеральны сакратар NATO Марк Рутэ сказаў на прэс-канферэнцыі напярэдадні сустрэчы, што саюзнікі згодныя, што будучыня Украіны ў NATO, але цяпер галоўнае — дамовіцца аб далейшай ваеннай дапамозе Кіеву.
«Але нам трэба засяродзіцца на тым, што трэба цяпер, а цяпер трэба, каб Украіне працягвала паступаць ваенная падтрымка», — сказаў Рутэ.
Украіна адхіляе гарантыі, якія замяняюць сяброўства ў NATO
Напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў МЗС Украіны заявілі, што адзінай рэальнай гарантыяй бяспекі для краіны будзе толькі паўнапраўнае сяброўства Украіны ў NATO.
Ад іншых фарматаў, якія замяняюць сяброўства, Кіеў адмаўляецца загадзя: «Маючы за плячыма горкі досвед Будапешцкага мемарандума, мы не прымем ніякія альтэрнатывы, сурагаты або заменнікі паўнапраўнага сяброўства Украіны ў NATO».
У NATO сустрэчу міністраў каментуюць больш стрымана. «Мы чакаем, што міністры замежных спраў саюзнікаў абмяняюцца думкамі аб сітуацыі ва Украіне і зноў пацвердзяць нашу непахісную падтрымку Украіны», — сказаў ВВС афіцыйны прадстаўнік NATO.
У Альянсе, з ягоных слоў, чакаюць, што на сустрэчы 3-4 снежня — першай пад старшынствам новага генеральнага сакратара Марка Рутэ — міністры таксама абмяркуюць варожыя дзеянні Расіі на тэрыторыі краін NATO.
«І зноў пацвердзяць, што такія дзеянні не змогуць прымусіць саюзнікаў спыніць падтрымку Украіны і аслабіць нашы шэрагі.
Le Monde: ЗША, Германія і Венгрыя па-ранейшаму выступаюць супраць запрашэння Украіны ў NATO
Францыя і Вялікабрытанія падтрымалі ідэю запрашэння Украіны ў NATO. Аднак шэраг краін Альянсу па-ранейшаму супраць, піша РБК-Украіна са спасылкай на Le Monde.
Французскае выданне паведаміла, што цяпер супраць запрашэння Украіны ў NATO выступаюць ЗША, Германія, Венгрыя, Славакія, Бельгія, Славенія і Іспанія.
У той жа час, як паведамляюць СМІ, Францыя і Вялікабрытанія настойваюць на запрашэнні Украіны ў Альянс. Аднак прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адмаўляецца прыняць гэтае рашэнне, а яго пераемнік Дональд Трамп «ніколі не падтрымліваў гэтую ідэю».
Як піша Le Monde, Трамп нібыта прапанаваў адтэрмінаваць сяброўства Украіны ў NATO як мінімум на 20 гадоў.
- Перспектывы сяброўства Украіны ў NATO
Украіна лічыць сяброўства ў НАТО найлепшай гарантыяй бяспекі, але некаторыя чальцы Альянсу, напрыклад Венгрыя, выступаюць супраць яе ўступлення. У канцы лістапада Парламенцкая асамблея NATO заклікала паскорыць працэс, аднак Альянс не ўстанавіў тэрмінаў і не накіраваў афіцыйнага запрашэння.
Прэзідэнт Зяленскі перакананы, што сяброўства Украіны ў NATO спыніць актыўную фазу вайны. Пры гэтым у Альянсе падкрэсліваюць незваротнасць шляху Украіны ў NATO, і далейшыя рашэнні будуць залежаць, у прыватнасці, ад пазіцыі ЗША.