10 тэхналогій, якія зменяць жыццё людзей у 2024 годзе
Спецыялісты Масачусецкага тэхналагічнага інстытута назвалі 10 шматабяцаючых тэхналогій, якія, на іх думку, моцна паўплываюць на чалавецтва ў гэтым годзе.
ШІ для ўсяго
Наступіў век штучнага інтэлекту: сотні мільёнаў людзей ужо карысталіся ШІ-інструментамі, якія па запыце генеруюць тэкст, карцінкі, відэа і іншы кантэнт. Тэхналогія перавярнула ІТ-індустрыю і забяспечыла велізарныя інвестыцыі стартапам, якія на ёй спецыялізуюцца.
Супер эфектыўныя сонечныя фотаэлементы
Сонечная энергія ўсё шырэй выкарыстоўваецца на планеце і спрыяе памяншэнню вугляроднага следу. Аднак сучасным сонечным панэлям не хапае эфектыўнасці — гэтая праблема будзе вырашацца ў 2024 годзе.
Apple Vision Pro
Вельмі хутка пачнуцца продажы Vision Pro — першай гарнітуры змяшанай рэальнасці ад Apple. Яе асаблівасцю стане дысплэй з найвышэйшым сярод падобных дэвайсаў разрозненнем. Цалкам магчыма, што дзякуючы Apple такія гарнітуры стануць мэйнстрымам.
Прэпараты ад атлусцення
СААЗ лічыць праблему атлусцення пандэміяй. Але ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе прэпараты для яго лячэння, такія як Mounjaro і Wegovy. Таксама яны здольныя прадухіляць сардэчныя прыступы і інсульты.
Прасунутыя геатэрмальныя сістэмы
Геатэрмальная энергія экалагічна чыстая, заўсёды даступная і практычна бязмежная. Але з-за інжынерных абмежаванняў яе патэнцыял пакуль цалкам не раскрыты. Гэта дазволяць зрабіць новыя тэхналогіі бурэння —глыбей і ў раней не даступных лакацыях.
Чыплеты
Інжынеры пастаянна шукаюць спосабы зрабіць камп’ютары хутчэйшымі і больш магутнымі. Чыплеты — невялікія модулі для пэўных функцый, якія можна аб'ядноўваць у больш складаныя інтэгральныя схемы, — таксама ўвайшлі ў топ прарыўных тэхналогій года на думку MIT.
Рэдагаванне генаў
У канцы 2023 года лякарства на аснове рэдагавання генаў было ўпершыню ўхвалена для выкарыстання на людзях У ЗША і Вялікабрытаніі. Яно распрацавана кампаніяй Vertex і прызначана для лячэння серпападобна-клетачнай анеміі і трансфузійна-залежнай бэта-талассэміі.
Экзафлопсныя камп'ютары
Наймагутнейшыя ў свеце суперкамп'ютары здольныя выконваць вылічэнні з хуткасцю квінтыліён (мільярд мільярдаў, чысло з 18-ю нулямі) аперацый у секунду. Гэта дазваляе навукоўцам апрацоўваць велізарныя аб'ёмы даных і будаваць складаныя сімуляцыі, напрыклад, у галіне кліматычных даследаванняў, ядзернага сінтэзу і многіх іншых.
Цеплавыя помпы
Гэта электрычныя прылады для пераносу цяпла, якія забяспечваюць як абаграванне, так і астуджэнне будынкаў. Тэхналогія можа спрыяць зніжэнню шкодных выкідаў у атмасферу.
Заменнікі Twitter
Ілан Маск купіў Х, а тады яшчэ Twitter, у канцы 2022 года. Пасля гэтага ён разагнаў большасць супрацоўнікаў, пачаў ўмешвацца ў мадэрацыю, распужаў рэкламадаўцаў і карыстальнікаў. Яны мігравалі ў альтэрнатыўныя сацсеткі, напрыклад Bluesky і Threads і іншыя, якія стабільна набіраюць папулярнасць.
Паводле devby.io