Уэйн Грэцкі — галоўнае, што зрабіла для хакею Беларусь
У дзень народзінаў найлепшага хакеіста ўсіх часоў і народаў узгадаем пра яго паходжаньне і акрэсьлім самае істотнае зь ягонага жыцьця. Сваякі ў Беларусі называлі яго проста Ваня.
Хтосьці можа запярэчыць і назваць у якасьці асноўнай перамогі беларускага хакею легендарную перамогу над зборнай Швэцыі ў чвэрцьфінале алімпійскага турніру ў 2002 годзе. Паўфінал на алімпіядзе — такое бывае ня кожны дзень. Нехта можа назваць імя Руслана Салея — бадай што самага пасьпяховага і таленавітага хакеіста Беларусі, які трагічна разьбіўся на самалёце разам з камандай. А хтосьці трэці здолее дастаць з кішэні якую-небудзь яшчэ гісторыю. Аднак лепшае, чаго Беларусь дасягнула ў хакеі, будзем шчырымі — гэта, безумоўна, Уэйн Грэцкі.
Давайце разгледзім з пачатку
У былым Пінскім павеце Вялікага Княства Літоўскага знаходзіцца паселішча з даволі нязвыклай назвай Агдэмер. У ім пакаленьне за пакаленьнем жыла сям’я, якая валодала пэўным надзелам зямлі. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя ў сям’і Лаўрэнція іНастасьсі Грэцкіх нарадзіўся Цярэнці (Антоні), якому было наканавана памерці не на радзіме. Яшчэ да пачатку кастрычніцкага перавароту 1917 году ён пакідае Агдэмер і скіроўваецца праз Злучаныя Штаты ў Канаду разам з жонкай Ганнай і сынам у пошуках лепшага жыцьця.
З дакумэнта аб праезьдзе ў Канаду мы даведваемся цікавыя факты, напрыклад, што Цярэнці-Антоні быў грэка-каталіком (вуніятам). Цярэнці Грэцкі ўладкоўваецца на працу ў пажарную брыгаду і адтуль скіроўваецца на фронт Першай сусьветнай у складзе канадзкай арміі.
Пасьля вайны ў сям’і нараджаецца яшчэ шмат дзяцей, але неўзабаве Ганна з малымі пакідае Канаду і ў 1930-х вяртаецца ў Заходнюю Беларусь.
Далей сямейныя таямніцы хаваюць невядомыя старонкі гісторыі: нібы спачатку Цярэнці Грэцкі мусіў паехаць усьлед за жонкай, але не атрымалася, а потым сама Ганна імкнулася вярнуцца ў Канаду, але таксама сутыкнулася з перашкодамі. Цярэнці ўрэшце заводзіць другую жонку ў Канадзе — Паўліну Марыю, родам з украінскай вёскі, і ў іх нараджаюцца пасьлядоўна шасьцёра дзяцей. Адзін зь іх — Уолтэр Грэцкі — нарадзіўся ў 1938 годзе. Ён займаўся фэрмерствам і меў агурковыя пасевы на шмат гэктараў.
Уэйн і Ўолтэр Грэцкі
Уолтэр сустрэў Філіс Хокін — спадкаемніцу славутага брытанскага генэрала Айзэка Брока, героя войнаў з Напалеонам, і пабраўся зь ёй шлюбам. 26 студзеня 1961 года ў пары нарадзіўся Ўэйн Грэцкі. Акурат у 60-я гады хакей з проста папулярнага віду спорту Канады, якім не асабліва заробіш вялікія грошы, пераўтвараецца ў новы прадукт. З гэтага моманту хакеісты ў НХЛ маглі атрымліваць шалёныя заробкі, асабліва, калі ты зорка. Уолтэр Грэцкі аддаў свайго сына Ўэйна ў хакейную секцыю. Акрамя гэтага ён зрабіў на тэрыторыі дома коўзанку, дзе Ўэйн гадзінамі паляпшаў сваю тэхніку. Першыя шайбы лавіла бабуля Паўліна Марыя, якой, як кажуць, працэс прыносіў задавальненьне.
Пазьней у сваёй кнізе Ўолтэр Грэцкі ўзгадваў, калі пісаў пра свайго бацьку і дзеда Ўэйна:
(«Калі хто-небудзь пытаўся ў майго бацькі, ці расеец ён, той адказваў: "Не. Беларус"».)
Прыгожы і красамоўны факт. Сам Уэйн Грэцкі адзначаў, што ў дзяцінстве чуў дома ў сям’і беларускую мову ад дзеда, а вось ягоны бацька мог размаўляць і па-ўкраінску, на мове сваёй маці.
Шайба і жыцьцё
Уолтэр даў параду сыну «каціцца туды, куды ідзе шайба, а не туды, дзе яна была». Незвычайны талент хлопчыка заўважылі ледзьве не з першых яго крокаў па лёдзе. Калі Ўэйну было 6 гадоў, у камандзе супернікаў каталіся 10-гадовыя хлопцы. У 10-гадовым узросьце ён за 1 сэзон у юнацкай лізе за Брэндфард забіў 378 галоў і зрабіў амаль паўтары сотні галявых перадачаў. За ім сачыла ўся хакейная Канада.
У 1977 годзе ён скіроўваецца ў каманду «Грэйхаўнд», дзе ўпершыню абярэ для сябе легендарны ў будучыні нумар на швэдары — 99. Першапачаткова Ўэйн жадаў узяць нумар 9 — як у свайго хакейнага героя Гордзі Хоў, аднак той быў заняты партнэрам па камандзе.
Свой першы сэзон за дарослую каманду Ўэйн Грэцкі правёў у 1978/79 гадох. Яго «Эдмантан Ойлерз» правёў чэмпіянат у лізе WHA, якая дыхала на ладан. І ўжо ў наступным сэзоне адбылося пашырэньне Нацыянальнай Хакейнай Лігі за кошт камандаў з WHA, пачалася новая эра ў гісторыі сусьветнага хакею — эра Ўэйна Грэцкі.
Мы ня будзем пераказваць уласна кар’еру гэтага спартоўца, адзначымся толькі некаторымі галоўнымі пунктамі, што складаюць ягоную гістарычную спадчыну. Уэйн Грэцкі чатыры разы перамагаў у галоўным турніры сусьветнага хакею — Кубку Стэнлі. Перамогі трапілі на яго выступы за «Эдмантан Ойлерз» у 80-х гадох.
У шэрагах «Лос-Анжэлес Кінгс» ён пабіў у 1989 годзе вялікі рэкорд Гордзі Хоў — 1850 пунктаў па сістэме «гол плюс пас» за кар'еру. Ён гуляў якраз супраць сваёй былой каманды «Эдмантан Ойлерз», і за хвіліну да канца гульні ягоная каманда прайгравала 4-3. Уэйн катаўся ўжо 3 хвіліны бяз зьмены, стомлены, тым ня менш адмовіўся сыходзіць зь лёду — ён жа ў першым пэрыядзе ўжо даў галявы пас і дагнаў Хоў. І ён меў рацыю: за 53 сэкунды да канца гульні ён закінуў шайбу і пабіў рэкорд, калі набраў 1851-ы пункт. Гульню перапынілі, каб адсьвяткаваць гэтую падзею, а потым працягнулі, і ў авэртайме Грэцкі забіў яшчэ адну шайбу і прынес сваёй камандзе перамогу! Вось дык сюжэт!
А ў 1994 годзе ў матчы супраць «Ванкувера» Грэцкі пабіў яшчэ адзін рэкорд, які заставаўся ў Гордзі Хоў — 801 шайба за кар'еру, і стаў лепшым снайперам у гісторыі НХЛ. Уэйн зьяўляецца адзіным гульцом НХЛ, які набраў больш за 200 пунктаў за адзін сэзон, і гэтае дасягненьне яму ўдавалася чатыры разы.
Уэйн Грэцкі выйграў рэкордныя дзевяць «Харт Трофі» як самы каштоўны гулец НХЛ. Паміж 1981 і 1994 гадамі ён 10 разоў выйграваў «Трофі Арта Роса», які ўручаўся лідэру сэзона НХЛ па колькасьці пунктаў.
У 1998 годзе на Алімпійскім турніры ў Нагана Ўэйн Грэцкі са зборнай Канады сустрэўся са зборнай Беларусі. Вынік — 5-0 на карысьць найлепшага хакеіста ў гісторыі.
Грэцкі супраць зборнай Беларусі
Уэйн Грэцкі зрабіў усё, што жадаў, яму не было з кім спаборнічаць у індывідуальным пляне, і ў 1999 годзе ён скончыў кар’еру. Апошнім клюбам легенды стаў «Нью-Ёрк Рэйнджэрс».
У 2010 годзе Ўэйн Грэцкі пабываў у Менску і паўдзельнічаў у хакейным шоу. Падчас паездкі была арганізаваная ў тым ліку і сустрэча з беларускімі сваякамі легенды. Уэйн паразмаўляў з нашчадкамі свайго дзеда Лаўрэнція, якія разам з першай жонкай вярнуліся ў Беларусь.
Са сьвятам, Уэйн!