Дачку беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча, які падтрымаў перамены, адхілілі на год ад спаборніцтваў
Дар'ю Далідовіч — дачку славутага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча — адхілілі на год ад спаборніцтваў. Пра гэта спартовец распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
— Ну што сказаць? Федэрацыя зрабіла падарунак на Новы год.
Дэактывавала фіскод дачкі Дар'і і адхіліла на год ад спаборніцтваў, — напісаў Сяргей Далідовіч. — Падставы? Кажуць,
шпурляла прызы на спаборніцтвах, паводзіла сябе непрыстойным чынам для
спартсмена.
Раней Сяргей Далідовіч распавядаў, што Дар'і, якая перамагла на Мінскім Кубку па лыжаролерах, замест прызоў за першае месца аддалі за трэцяе. Ад тых прызоў яна адмовілася.
А цяпер, выглядае, праз гэтую забарону дзяўчынка прапусціць два важныя старты — юніёрскі чэмпіянат свету і Еўрапейскі фестываль моладзі.
— Трэнерскім саветам, кажуць, аднагалосна прынята рашэнне. Нашай трэнерскай тусоўцы — прывітанне! — адзначыў Сяргей Далідовіч. — Праз 2,5 месяцы пасля ўзнагароджання. Без тлумачэнняў ад спартсменкі. Усе геніяльнае проста! Міма юніёрскага ЧС і Еўрапейскага фестывалю моладзі. Бывае. Шкада, што дзеці за бацькоў атрымліваюць. Дзіця ў слязах. Краіна для жыцця. Вось такія навіны.
Нагадаем, што Сяргей Далідовіч не толькі лепшы лыжнік сучаснай Беларусі — ён з ліку тых спартсменаў, якія летась падтрымалі імкненне краіны да перамен.