«Рускі свет» у назвах беларускіх вуліц
Назвы беларускіх вуліц закліканыя не толькі ўвекавечваць «слаўныя імёны герояў». Важнай задачай, якую яны выконвалі і выконваюць, з'яўляецца ідэалагічнае выхаванне.
У папярэднім артыкуле я распавяла пра ўвекавечанне камуністычна-савецкіх нормаў і асаблівасцяў жыцця людзей у савецкай Беларусі. Але не толькі камуністычна-савецкае мінулае адлюстраванае ў назвах беларускіх вуліц. Не менш важнай часткай ідэалогіі, закладзенай у гэтых назвах, з'яўляецца іх «руска-расійскі» складнік.
Рускі свет
«Руска-расійскае» ў назвах вуліц беларускіх гарадоў пачало з’яўляцца яшчэ ў часы ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Асабліва гэты працэс узмацніўся пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, калі ў расійскай літаратуры — і навуковай, і публіцыстычнай — сталі ўжываць паняцце «рускі свет».
Лічыцца, што канцэпцыя «рускага свету», прапанаваная графам Сяргеем Уваравым у 1833 годзе, склалася канчаткова і набыла цэласны і скончаны выгляд да пачатку 1870-х гадоў. Згодна з гэтай канцэпцыяй, Расія з’яўлялася ядром дзяржаў славянскага культурна-гістарычнага тыпу. Увараўская трыяда «рускага свету» — праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць — была дапоўненая міжнародным складнікам, які вызначыў Расію як галоўную абаронцу ўсіх славян.
У часы СССР-БССР «руска-расійскі» складнік ідэалогіі выяўляўся перш за ўсё ў ідэі «рускага старэйшага брата», які клапоціцца пра духоўнае і матэрыяльнае развіццё сваіх «малодшых братоў і сясцёр». Да ліку такіх малодшых сясцёр-братоў адносілася і Беларусь. Адбыліся і пэўныя змены ў паняцці «рускага». Рускае ў гэты час — перш за ўсё партыйнае, маскоўскае (так трансфармавалася паняцце «самадзяржаўе»), савецка-камуністычнае (замест праваслаўя — камуністычная ідэалогія), перадавое («старэйшы») і рускамоўнае з багатай, поўнай герояў расійскай гісторыяй і культурай (трансфармацыя паняцця «народнасць»). Вуліцы не толькі беларускіх гарадоў, але і гарадоў іншых рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР, сталі называць у гонар «рускіх» (у новым разуменні) падзей і герояў.
Пасля распаду СССР ідэя «рускага старшага брата» стала непапулярнай. Аднак яна не памерла і была ў чарговы раз трансфармаваная і прыстасаваная да новых умоў у паняцці «рускага свету».
З'яўленне «рускага свету» ў пачатку ХХІ стагоддзя было абумоўленае жаданнем кіраўніцтва Расіі выкарыстоўваць патэнцыял эміграваўшых грамадзян Расіі і русіфікаваных грамадзян былых савецкіх рэспублік (іх налічылі каля чвэрці мільярда, больш за само насельніцтва гэтай краіны) у інтарэсах развіцця Расійскай дзяржавы. Акрамя таго, палічылі, што незалежныя дзяржавы, якія вызнаюць сваю агульную славянскую цывілізацыйную прыналежнасць, маглі б працягваць разам ствараць «рускі свет» і разглядаць яго як свой агульны наднацыянальны праект.
Сталі казаць нават пра такое паняцце, як «краіна рускага свету». Яно азначала, што краіна належыць да «рускага свету», калі ў ёй выкарыстоўваецца руская мова як мова міжнацыянальных зносін, развіваецца руская культура, а таксама захоўваецца агульнагістарычная памяць і адзіныя каштоўнасці грамадскага будаўніцтва.
Чытайце таксама:
Беларускія «дзікавосы»: вуліцы і іх назвы
У паняцце сучаснага «рускага свету» зноў вярнулася праваслаўе. Але ўжо не столькі як разнавіднасць хрысціянскай веры, а як цывілізацыйна ўтваральны фактар — у грамадскую свядомасць актыўна былі ўведзеныя паняцці «праваслаўная гісторыя, культура, каштоўнасці» і іншае.
Уладзімір Пуцін у канцы 2006 года, выступаючы на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй у Санкт-Пецярбургу ў якасці складнікаў «рускага свету» вылучыў «рускае слова» і «рускую культуру». «Рускі свет можа і павінен аб’яднаць усіх, каму дарагія рускае слова і руская культура, дзе б яны ні жылі, у Расіі ці за яе межамі», — сказаў ён.
Патрыярх Кірыл, якому новая форма ідэі «рускага свету» вельмі падабаецца, і яго апалагеты лічаць, што з праваслаўнага пункту гледжання, «рускі свет» з’яўляецца агульнай «цывілізацыйнай прасторай» на тэрыторыі гістарычнай Русі, які трымаецца на наступных слупах: праваслаўе, руская культура і руская мова, агульная гістарычная памяць і агульныя погляды на грамадскае развіццё.
Расійскімі ідэолагамі Беларусь заўсёды разглядалася як «краіна рускага свету». І ў царскія, і ў савецкія, і ў наш час ідзе барацьба за тое, каб у свядомасці беларусаў асноўныя ідэі і паняцці «рускага свету» былі не толькі замацаваныя, але і адчуваліся імі як свае, родныя, неабходныя для духоўнага развіцця. Назвы вуліц маюць у гэтай барацьбе не апошняе значэнне, бо з дзяцінства прывучаюць бачыць і чуць пра руска-расійскія падзеі і герояў. І поспехі ў гэтай барацьбе сёння не на карысць Беларусі.
Разгледзім для пацвярджэння назвы вуліц Мінска — сталіцы Беларусі.
Пісьменнікі
У назвах вуліц Мінска ўвекавечаныя пісьменнікі і паэты, якія лічацца рускімі, як часоў Расійскай імперыі, так і савецкіх. Некаторыя з іх вядомыя шырока, некаторыя — не вельмі, нават у Расіі. Ёсць вуліцы Талстога (мяркую, што Льва, але не выключана таксама, што і ў гонар Аляксея), Тургенева, Дастаеўскага, Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Чарнышэўскага, Ясеніна, Маякоўскага, а таксама Бялінскага, Грыбаедава, Кальцова, Караленкі, Нікіціна, Агарова, Адоеўскага, Серафімавіча, Майкова і іншых. Варта адзначыць, што ў назвах вуліц Мінска ніякіх іншых імёнаў, нават сусветна вядомых еўрапейскіх або амерыканскіх пісьменнікаў, не адлюстравана. Істотна, што да Беларусі ўшанаваныя пісьменнікі і паэты маюць вельмі апасродкаваныя адносіны. Пераважная большасць сучасных, асабліва маладых беларускіх людзей, зусім не знаёмыя з іх творчасцю і, натуральна, не могуць адчуваць падзяку да іх працы — неабходную ўмову для ўшанавання.
Мастакі
Калі на вуліцы Мінска спыніць маладога чалавека і спытаць: «Якіх мастакоў вы ведаеце і якіх любіце?», пераважная большасць не назаве імя якога-небудзь беларускага мастака. Цяжка любіць тое, пра што не маеш ніякага ўяўлення. І хоць у цяперашні час некаторыя перадачы БТ спрабуюць распавесці пра беларускіх мастакоў, паказаць іх карціны, прозвішчы гэтых асобаў не застаюцца ў памяці — аднаразовая перадача з расповедам пра творчасць мала гэтаму спрыяе. Але ў Мінску ўжо шмат гадоў існуюць вуліцы Айвазоўскага, Верашчагіна, Крамскога, Сурыкава, Фядотава, Шышкіна, Рэпіна.
Музыка і тэатр
У 2013 годзе Нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў цікавую «тэатральную статыстыку» па Беларусі. Паводле дадзеных 2011 года, Беларусь стала лідарам па колькасці тэатральных мерапрыемстваў сярод краін СНД. Самыя папулярныя ў Беларусі тэатры — драматычныя і музычныя. У 2012 годзе для жыхароў і гасцей рэспублікі працавала 28 прафесійных тэатраў, з якіх 19 — драматычных і музычных, 8 — дзіцячых і юнага гледача, 1 — оперы і балета. Рэпертуар тэатраў у 2012 годзе ўключаў 981 пастаноўку. З іх 374 пастаноўкі беларускіх аўтараў, 421 — для дзяцей. Толькі чвэрць усіх спектакляў была пастаўленая на беларускай мове. Разам з тым у Мінску ўвекавечаны не беларускія акцёры і тэатральныя дзеячы, а расійскія. Ёсць вуліцы рускага кампазітара Чайкоўскага, рускага акцёра Тарханава (мяркую, што Міхаіла), акцёра Шчэпкіна, заснавальніка рускай акцёрскай школы Станіслаўскага — рускага тэатральнага рэжысёра, акцёра і педагога, рускіх спевакоў Няжданавай, Собінава. У той жа час, імя заснавальніка беларускага тэатра, беларускай акцёрскай школы Еўсцігнея Міровіча ў вуліцах Мінска не ўвекавечана.
Калі руская культура прадстаўленая ў назвах больш за 70 вуліц Мінска, то беларуская савецкая культура прадстаўленая ў 36 назвах, а беларуская нацыянальная — у 24 (паводле дадзеных 2009 года)
З назвамі ў гонар рускіх акцёраў ёсць і «цікавосы». Сапраўднае прозвішча акцёра Тарханава — Масквін. Акцёраў Масквіных, досыць вядомых у Расіі, не менш за пяць. Зразумець, у гонар якога з іх названая вуліца ў Мінску, звычайнаму чалавеку немагчыма нават з дапамогай інтэрнэту. Але самым вядомым з Масквіных з’яўляюцца сёння не акцёры, а Анатоль Масквін — як напісана ў Вікіпедыі, «расійскі краязнаўца-некрапаліст, лінгвіст-паліглот, перакладчык, журналіст і ўкладальнік слоўнікаў. У сваёй кватэры ўтрымліваў больш за дваццаць муміфікаваных цел дзяўчынак і адну ў гаражы. З дыягназам «шызафрэнія» накіраваны судом на прымусовае лячэнне па абвінавачванні ў абразе целаў памерлых». Пры няведанні, можна лічыць, што вуліца названая і ў яго гонар.
Гісторыя
У назвах мінскіх вуліц (і не толькі мінскіх, такая ж сітуацыя ва ўсіх буйных гарадах Беларусі) увекавечаныя найбольш значныя падзеі менавіта расійскай гісторыі. Паўстанні — вуліцы Пугачова, Разіна, Балотнікава; дзекабрыстаў (вуліцы Рылеева і Пестэля); ваенныя перамогі Расіі ў асобе палкаводцаў, якія іх набылі — вуліцы Кутузава, Суворава, Лазарава, Нахімава, Ушакова і іншых. Ва ўгоду расійскай гісторыі ганьбіцца айчынная, беларуская. Так, у Мінску ёсць вуліцы Мініна і Пажарскага. У расійскай гісторыі яны ўслаўленыя за тое, што арганізавалі і накіравалі народнае апалчэнне на «вайну з палякамі». Пра якіх палякаў у дадзеным выпадку ідзе гаворка? У 1609–1618 гадах Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзілі беларускія землі, вяла вайну з Масковіяй. У Мінску ўвекавечаны людзі, якія прынеслі паразу ў той час нашай дзяржаве! Тое ж можна сказаць і адносна Суворава, які на тэрыторыі Беларусі кіраваў баямі з паўстанцамі на чале з Касцюшкам, што выступалі супраць падзелу і далучэння да Расіі Рэчы Паспалітай.
Найбольшая колькасць вуліц Мінска названая ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — каля 130 вуліц! Увекавечаныя савецкія маршалы і генералы, нават тыя, што да бітваў у Беларусі не мелі ніякага дачынення, і проста салдаты і афіцэры, якія нарадзіліся ў Расіі, але загінулі на тэрыторыі Беларусі. Даведацца, чаму вуліца носіць імя таго ці іншага чалавека і хто ён насамрэч, ужо ў 1990-я гады было вельмі складана.
Таму Мінгарвыканкам на сваім сайце змясціў кароткія звесткі пра тых, у гонар каго названая вуліца. Заўважу, што гэтая інфармацыя тычыцца толькі ўдзельнікаў ВАВ, астатнія назвы ўдакладненняў не маюць. Аднак, калі пачытаць гэтыя кароткія звесткі, становіцца зразумела: Мінск і Беларусь вызвалілі расіяне, у падзяку якім і названыя вуліцы. Жыхарам беларускіх гарадоў нават не трэба чытаць «прыватызаваную» расіянамі (як кажа беларускі кіраўнік) гісторыю ВАВ — у назвах беларускіх вуліц даўно замацаваная думка, што перамога ў вайне — заслуга выключна расіян.
Мінск — горад шматканфесійны. Тут дзейнічаюць храмы розных хрысціянскіх канфесій, і гэта было адлюстравана і ў назвах вуліц дарэвалюцыйнага горада. У савецкія часы рэлігійныя назвы вуліц былі змененыя на рэвалюцыйныя. Рэлігійныя назвы паціху пачалі вяртацца з пачатку 1990-х гадоў. Першай з іх стала перайменаванне вуліцы Бакуніна ў вуліцу Кірылы і Мяфодзія. Другое перайменаванне тычылася вяртання вуліцы Апанскага гістарычнай назвы — Кальварыйская. З’явілася і новая вуліца — Усіхсвяцкая. Але пакуль беларускі варыянт «рускага свету» не мае праваслаўнага складальніка ў назвах вуліц.
Ці можна перайменаваць вуліцу?
Беларускія людзі добра ведаюць — як караблік назавеш, так ён і паплыве. У адной з дыскусій па назвах вуліц Мінска нейкі чалавек трапна адзначыў: «У нас тапонімы ўсе прадказальныя: цэнтр — тэарэтыкі і героі рэвалюцыі; крыху далей — іх беларускія падручныя; яшчэ крыху далей — военачальнікі і героі Другой сусветнай; яшчэ крыху далей — чарада партыйных «недалыг» (Кісялёў, Бяда, Сурганаў...) А прадстаўнікам нацыянальнай культуры месца знайшлося толькі там, куды нас некаторыя «асабліва разумныя» адпраўляюць каровам хвасты круціць: Шабаны, Брылевічы, Каменная Горка». Але выправіць сітуацыю зусім няпроста.
Яшчэ ў савецкія часы, у кастрычніку 1983 года, Саветам Міністраў БССР было зацверджана Палажэнне аб парадку назвы і перайменавання дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і іншых аб’ектаў. Гэтая пастанова дзейнічала да 2007 года. У 2007 годзе было зацверджанае новае-старое палажэнне аб парадку назваў і перайменавання арганізацый, чыгуначных станцый, аэрапортаў і іншых аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама фізіка-геаграфічных аб’ектаў. У развіццё палажэння адносна наймення і перайменавання вуліц у гэтым жа годзе Мінскі гарсавет вызначыў наступную працэдуру.
Пры Мінгарвыканкаме створаная Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада Мінска. Сябры камісіі, грамадзяне, юрыдычныя асобы, арганізацыі ўносяць сюды прапанову па найменні ці перайменаванні вуліцы. Потым прапанова вылучаецца: а) на грамадскае абмеркаванне ў СМІ, б) даследуецца юрыстамі. Пасля гэтага, пры станоўчым рашэнні Камісіі, разглядаецца дэпутатамі Мінгарсавета на чарговай сесіі, якія і прымаюць канчатковае рашэнне. Пры гэтым новая назва павінна быць гістарычна абгрунтаваная, прыемная на слых, а таксама дапамагаць арыентавацца ў горадзе мінчанам і гасцям горада. Здаецца, хоць і не ўсе проста, але магчыма змяніць сітуацыю.
На самай справе, зусім няпроста і не заўсёды магчыма. У 2008 годзе жыхары вуліцы Бяды, названай у гонар ураджэнца Казахстана, двойчы героя Савецкага Саюза Леаніда Бяды, які загінуў у 1976 годзе ў аўтакатастрофе разам з Фёдарам Сурганавым, папрасілі камісію перайменаваць вуліцу ў гонар Мулявіна, які на гэтай вуліцы жыў да сваёй смерці. Адным з аргументаў для перайменавання было і тое, што назва мае двухсэнсоўнае гучанне. Але адказ жыхары атрымалі адмоўны. Ён быў прыкладна наступнага зместу: з улікам таго, што перайменаванне вуліцы Леаніда Бяды выкліча справядлівае абурэнне ветэранаў Вялікай Айчыннай, а таксама таго, што на ёй размешчаны шматкватэрныя жылыя дамы, арганізацыі і ўстановы, якім давядзецца пераафармляць дакументы на права ўласнасці і домаўладання, асабовыя рахункі і юрыдычныя адрасы, камісія вырашыла захаваць наяўную назву.
У 2010 годзе ўжо сама Камісія вырашыла вярнуць цэнтру Мінска гістарычны выгляд. Пачалі вельмі асцярожна. У прыватнасці, вырашылі толькі шэсць невялікіх вуліц у самым цэнтры назваць па-іншаму: вуліцу Вызвалення — вуліцай Васкрасенскай; вуліцу Герцэна — Бернардынскай; Камунальную набярэжную — Траецкай; вуліцу Дзімітрава — Пятніцкай; Віцебскую — Няміга-Ракаўскай; Рэвалюцыйную — Койданаўскай.
Акрамя гэтага, згодна з рашэннем Камісіі, праектаваная вуліца ў межах вуліц Чалюскінцаў — Катоўскага — Ушакова — Лазо — Адэскай павінна была атрымаць імя аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады ВАВ — Віктара Лівенцава. Брацкія магілы ахвяр Першай сусветнай вайны афіцыйна назваць «Мінскія брацкія могілкі 1914–1918 гг.», безыменны сквер у межах вуліц Кашавога і Ванеева (ля будынка аўтавакзала «Усходні») назваць «сквер імя Амара Хаяма». Але з гэтага атрымалася толькі назваць сквер, новую вуліцу і перайменаваць набярэжную.
Фінансавыя затраты — галоўны і амаль непераадольны аргумент пры адмоўных адказах, звязаных з перайменаваннем вуліц. Але застаецца пытанне: якія назвы атрымаюць новыя вуліцы Мінска?
Толькі ў 2012 годзе Камісія разглядала больш за 40 зваротаў з прапановамі надаць новым вуліцам імёны вядомых людзей. У іх ліку — Казімір Малевіч, Марк Шагал, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Стэфанія Станюта, Тадэвуш Касцюшка, Амар Хаям, Фрэдэрык Шапэн. У лютым 2018-га Камісія мела ўжо, па словах чыноўнікаў, цэлы спіс людзей, у гонар якіх грамадзяне хацелі б назваць вуліцы. Агулам у ім каля 60 імёнаў. Гэта мастак Міхаіл Савіцкі, Тадэвуш Рэйтан, які выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторык Мікалай Улашчык, народны паэт Рыгор Барадулін, мінскі губернатар Захар Карнееў, дзеячы нацыянальнага адраджэння браты Луцкевічы, полацкі князь Усяслаў Чарадзей і іншыя. Асобныя грамадзяне прапаноўвалі назваць сталічныя вуліцы Грунвальдскай (у гонар знакамітай перамогі 1410 года), Тбіліскай і Белградскай. І хоць новых вуліц у Мінску ў год узнікае не шмат, новыя назвы ўжо адлюстроўваюць жаданне людзей захаваць памяць пра «беларускі свет», павагу да яго асобаў.
У заключэнне
Чытач спытае — ну і ў чым тут «дзікавосы»? 29 студзеня 2015 года Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ падкрэсліў важнасць незалежнасці краіны, у тым ліку і ад «рускага свету»: «А калі ёсць тут [людзі], якія лічаць, што беларуская зямля — гэта частка, ну, як яны кажуць зараз, «рускага свету» і ці ледзь не Расіі, — забудзьцеся». Як бы тую ж думку, але ўжо ў новай інтэрпрэтацыі Лукашэнка выказаў 28 красавіка таго ж года выступаючы са штогадовым пасланнем да парламента: «Рускі свет — гэта не пра нас. Мы рускія людзі, але гэта не значыць, што мы расіяне. Мы — беларусы».
У Брэсцкай крэпасці 2 чэрвеня 2018 года ён у чарговы раз выказаўся адносна расійскай інтэрпрэтацыі гісторыі ВАВ: «Апошнім часам я адсочваю гэтую тэндэнцыю, назіраю. Усё больш інфармацыі менавіта на гэтую тэму. Камусьці карціць, што дзіўна — у Расіі, прыватызаваць гэтую перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузін, армян, таджыкаў, туркмен…».
Аднак, ідучы на працу, вяртаючыся дадому ў грамадскім транспарце, адпраўляючыся на адпачынак, любы грамадзянін Беларусі кожны дзень бачыць і чуе рускую мову, герояў «рускага свету» — гістарычных, культурных, ваенных. Ён міжволі, па Фрэйду, — ужо на ўзроўні падсвядомасці з’яўляецца часткай «рускага свету». І як бы ні казаў кіраўнік дзяржавы, у такіх умовах «свайго пункту гледжання на свет» не будзе.
P.S. Невыпадкова кажуць, што беларусы — народ своеасаблівы. За стагоддзі ён выпрацаваў уласныя формы супраціву — каб выжыць у любым «свеце». Супраціўляецца ён і насаджэнню «рускага свету» — але па-свойму. «Вось, напрыклад, Герой Савецкага Саюза Юрый Аляксеевіч Гагарын хай і не меў ніякага дачынення да Мінска, але вуліцу імя сябе атрымаў зусім адмоўную. Ужо лепш ніякую, чым такую — брудную, у прыватным сектары па кальцавой у раёне Навінак», — адзначае блогер Дзяніс Блішч.
Які свет, такое і ўшанаванне, такая і памяць.