Прыйшла Пакрова, пытае, ці да зімы гатова

14 кастрычніка праваслаўныя адзначаюць Пакровы. У беларускім народным календары гэта канец збору ўраджаю, пачатак зімы і вяселляў, дзень, калі даведваліся пра надвор’е да самай вясны.

Абраз «Пакроў Маці Божай». Крыніца: politeka.net

Абраз «Пакроў Маці Божай». Крыніца: politeka.net

Па праваслаўным царкоўным паданні, свята Пакроваў Багародзіцы ўсталявана ў гонар выратавання Канстанцінопаля ад сарацынаў у 910 годзе. Калі вернікі маліліся аб перамозе над ворагам у храме, святы Андрэй пабачыў Маці Божую, якая пакрывала хрысціян сваім амафорам (пакровамі). У каталіцкім календары свята Пакровы адсутнічае.

Разам з Першай і Другой Прачыстай Пакровы ўваходзяць у лік «багародзіцкіх святкоў». Гэты дзень часам звалі Трэцяй Прачыстай. Пакровы выступалі адным з каляндарных рубяжоў між восенню і зімой, паводле павер’яў, у гэты дзень ужо мог легчы снег. Казалі:

«Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова».

«Пакроў правярае гаспадароў».

«Прыйшла Пакрова — усохла / уціхла дуброва».

Чэслаў Пяткевіч пісаў: «Пакрова — урачыстае свята. Лічаць, што гэта адна з Божых святых, абавязак якой — сарваць рэштку лісцяў, а калі гэта ўжо зрабілі яе папярэднікі, то яна мусіць засыпаць зямлю снегам».

На лугах ужо не хапае корму для жывёлы. Пакровы лічацца першым днём зімавання статку ў хлявах, хаця маглі пасвіць яшчэ і ў лістападзе. Гэта адлюстроўвалася ў прымаўках:

«Пакровы — хавай у хлеў каровы»;

«На Пакрова дай сена карове»;

«Пакрова — кіі на дрова» (ужо не патрэбны пастухам). 

Паляшучка ў традыцыйнай вясельнай сукенцы і вянку. Палессе, 1936 год. Архіў Зоф'і Хамянтоўскай / Fundacja Archeologia Fotografii. Фота з сайта veha.by.

Паляшучка ў традыцыйнай вясельнай сукенцы і вянку. Палессе, 1936 год. Архіў Зоф'і Хамянтоўскай / Fundacja Archeologia Fotografii. Фота з сайта veha.by.

Дзяўчаты маліліся да Божай Маці, каб пакрыла іх галаву вясельным вянком ці жаночым галаўным уборам, як пакрывае зямлю снегам: «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам»; «Святы Пакроў, пакрыў ты траву лісцем, зямлю снегам, пакрый жа ты і мяне, маладу, чапцом!»

Тут вобраз Маці Божай зліваецца з персаніфікаваным вобразам прысвечанага ёй свята. Ад Пакроваў да Піліпаўскага посту (пачынаецца 15 лістапада) — пара вяселляў, Вялікая Вясельніца. Да гэтага часу ўжо збіралі ўвесь ураджай, было чым пачаставаць гасцей і быў час іх прымаць. Гэта адлюстроўвалася ў прымаўках:

«Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва».

«Святы Пакроў у гумно звозіць».

«Да Пакроў з поля ўсё далоў».

«Пакрова — дзеўка гатова, пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла».

«Пакроў пакрываець зямлю лістом, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, а дзевак таской». 

Хадора Пятроўна Мартынава ў пакроўскім вянку. Панізоўе, Руднянскі раён, Смаленская вобласць. 1983 г. Фота Марыны Уласавай.

Хадора Пятроўна Мартынава ў пакроўскім вянку. Панізоўе, Руднянскі раён, Смаленская вобласць. 1983 г. Фота Марыны Уласавай.

У вёсцы Панізоўе Руднянскага раёна, на мяжы з Беларуссю, даследчыца з Санкт-Пецербурга Марына Уласава запісала ўспаміны пра гульню ў маладых (нявест) на Пакровы. Дзяўчаты-падлеткі плялі вянок з кляновага лісця. Ззаду, таксама з лісця, мацавалі нешта кшталту касы ніжэй за пояс. Магчыма, гэта аналаг вэлюму. «Нявеста» ў вянку кланялася «свекрыві» з прымаўкамі. Напрыклад: «Вставай, свекрова счастливая, встречай невесту сопливую!»

Магчыма, падлеткі так гулялі, таму што бачылі ў гэтую пару вяселлі ў вёсцы, а магчыма, што гульня мела больш глыбокі сэнс — ініцыяцыі дзяўчат у стан нявест ці абыгрыванне каляндарнага пераходу.

На Пакровы, як і амаль на кожнае каляндарнае свята, прадказвалі надвор’е:

 «Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача».

«Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як «у старом» — сільна зіма».

«Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно будзе і да вясны».

«З якога боку быў вецер на Пакровы, з таго боку ён будзе часцей дзьмуць і ў бліжэйшую зіму».

«Калі на Пакрову вее вецер з поўначы, то будзе зіма цяжкая. Калі з палудня, то будзе лёгкая».

«Калі каля Пакровы схвацяць маразы або выпадзе снег, зіма будзе лёгкая, а калі толькі восень доўгая – зіма цяжкая».

«Якая пагода на Пакрава, такая і на Раства».

«Не пакрылі Пакровы зямлі снегам — не пакрыюць і Каляды».

Вяселле 4 жніўня 1963 г., в. Шавялі, Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл. Вера Аляксееўна Лойка і Мікалай Пятровіч Вашчылка. Архіў Ніны Казленя. Фота з сайта veha.by.

Вяселле 4 жніўня 1963 г., в. Шавялі, Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл. Вера Аляксееўна Лойка і Мікалай Пятровіч Вашчылка. Архіў Ніны Казленя. Фота з сайта veha.by.

Падрабязна апісвае прыкметы пра надвор’е, якое назіралі на Пакровы, Чэслаў Пяткевіч: «Калі на Пакрову ўвесь дзень цёплая пагода і вецер вее з поўдня, то зіма будзе лёгкая і сухая, а калі ідзе дождж, то будзе цёплая да мокрая. Дождж з ветрам паўночным паказуе на тое, што зіма будзе дажджлівая і снежная, з частымі мяцеліцамі. Вецер з паўночнага або ўсходняга боку варожыць зіму марозлівую, сухую».

Лічылася, што перад святам (ці, наадварот, пасля яго) на тыдзень-два ўсталёўвалася цёплае сухое надвор’е — «бабіна лета». А ў Мядзельскім раёне тыдзень пасля Пакроваў звалі «дзявоцкім летам». Дні тыдня размяркоўваліся дзяўчатам, якіх прынялі ўжо «ў дзеўкі». Звычайна такое прыманне здзяйснялася з пачаткам вячорак (супольных попрадак), незадоўга да Пакроваў. На тыдні варажылі, ці добры характар у будучых маладух. Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, ласкавыя, — значыць, і характар у дзяўчат павінен быць добры, ласкавы.

Што да ўласна святкавання Пакроваў, складана выдзеліць нешта адметнае, характэрнае для ўсёй Беларусі: наведвалі царкву, ездзілі на кірмашы. Мікалай Нікіфароўскі апісвае абыход гаспадаркі з рытуальным хлебам на Віцебшчыне: «Кожны гаспадар ці гаспадыня абыходзіць з пакроўскім пірагом усе гаспадарчыя будыніны, прыкладваючы яго да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца з гэтага дня, не разбуралі стрэхаў».

У Брагінскім раёне на Пакровы хадзілі ў поле глядзець азімае жыта з песняй:

Святы Пакроў пытаецца ў Васількі,

Ці ўзышло ў полі жыта,

А я буду да хадзіці, аглядаці,

Ці вырасла ў полі жыта,

Лісцем жоўтым прысыпаці,

Ваду лёдам адзяляці,

Старых бабак — кіёчкамі,

Сярэдніх жанчын — сыночкамі,

А дзяўчатак вяночкамі надзяляці.

А хлопчыкам здароўечка даваці.

Падобны сюжэт пра Пакровы сустракаецца ў валачобных песнях.

На Брэстчыне зафіксаваны звычаі на Пакровы кідаць сена на страху, такім чынам магічна праграмуючы, каб корму жывёле хапіла на ўсю зіму, і збіраць лісце, каб узімку выпякаць на ім хлеб.


Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 14 кастрычніка 2019