Каляды, якія прыпынілі вайну

Зімой 1914 года на Заходнім фронце адбылася ўнікальная падзея. За тыдзень да Калядаў брытанскія і нямецкія салдаты адмовіліся страляць адзін у аднаго і пачалі абменьвацца каляднымі падарункамі.

Нямецкі і брытанскі салдаты 

Нямецкі і брытанскі салдаты 

Пачатак Першай сусветнай вайны быў даволі ўдалым для Германіі. На ўсходзе руская армія, нягледзячы на гераічнае супраціўленне, вымушана была адступаць. На захадзе паспяховы ўдар немцаў праз Бельгію дазволіў падысці кайзераўскім войскам да сталіцы Францыі Парыжа. Падчас бітвы пры Эне войскі Антанты былі не ў сілах прарваць нямецкі фронт, і вайна паступова перайшла ў пазіцыйную. На пачатак лістапада паміж французамі і брытанцамі з аднаго боку і немцамі з другога сфармавалася ўстойлівая лінія фронту.
Напярэдадні Калядаў брытанскія назіральнікі ў свае біноклі заўважылі, што немцы каля Іпра пачалі святочна аздабляць свае траншэі. Хутка брытанцы пачулі нямецкую калядную песню «Stille Nacht», а яшчэ праз некаторы час з боку немцаў на ламанай англійскай мове пачулася: «Merry Christmas to you, Englishmen» (Шчаслівых Калядаў вам, англічане). У адказ брытанцы заспявалі «Silent night». Словы ў гэтых песень розныя, але матыў адзін і той жа, і хутка песні зліліся.

Брытанцы гуляюць у футбол на полі бою

Брытанцы гуляюць у футбол на полі бою

Вось як тыя падзеі апісваў адзін з брытанскіх салдат: «Швабы паставілі святочныя елкі перад сваімі траншэямі як бы ў знак добрай волі. І праз хвіліну мы пачулі песню «Stille Nacht». Немцы пачалі выходзіць да нейтральнай паласы без зброі і зваць нас. У іх руках былі каробкі з падарункамі».
Убачыўшы немцаў, з брытанскіх акопаў пачалі выходзіць «томі» (назва брытанскіх салдат — аўт.) і накіроўвацца ў бок варожых пазіцый. Адзін з афіцэраў брытанскай арміі тыя падзеі ўспамінаў так:
«Я вызірнуў з акопа і ўбачыў чатырох немцаў, якія выйшлі са сваіх траншэй і ішлі ў наш бок. Я загадаў двум з маіх людзей пайсці і сустрэць «гасцей», але без зброі, бо немцы былі няўзброеныя, і сказаць немцам, каб яны не пераходзілі нічыйную лінію. Але мае хлопцы не пажадалі ісці, таму я пайшоў адзін. Калі немцы падышлі да калючага дроту, я ўбачыў, што гэта былі трое радавых і санітар. Адзін з іх па-англійску сказаў, што ён толькі хацеў павіншаваць нас з Калядамі. Я запытаў, які загад немцы атрымалі ад афіцэраў, калі пайшлі ў наш бок, а яны адказалі, што ніякага загаду не было, і яны пайшлі самастойна.

Брытанцы і немцы. Снежань 1914 г.

Брытанцы і немцы. Снежань 1914 г.

Мы абмяняліся цыгарэтамі і разышліся. Калі вярнуўся на пазіцыі, то ўбачыў, што ў траншэях нікога няма. Агледзеўшыся, са здзіўленнем заўважыў натоўп прыкладна 100–150 брытанскіх і нямецкіх салдат. Яны смяяліся і святкавалі.
Праз некаторы час я заўважыў двух нямецкіх афіцэраў і праз перакладчыка сказаў ім, што сустракацца трэба на нейтральнай паласе і без зброі. Брытанцы і немцы абменьваліся рознымі сувенірамі, паказвалі сямейныя фота, спявалі песні. Адзін з ворагаў сказаў мне, што марыць пра хуткі канец вайны. Я пагадзіўся з ім».
Афіцэр брытанскай арміі Брус Барнсфатэр таксама быў сведкам «каляднага перамір’я». Вось як ён яго апісваў: «Я заўважыў германскага афіцэра і намякнуў яму, што аблюбаваў яго форменныя гузікі. Немец дазволіў адрэзаць некалькі гузікаў са свайго мундзіру, а я ў замен даў яму некалькі сваіх. Хутка я заўважыў, як адзін з маіх кулямётчыкаў, будучы ў мірным жыцці цырульнікам, стрыжэ немца, які цярпліва стаіць на каленях на зямлі».
«Каляднае перамір’е» выкарысталі і дзеля таго, каб сабраць трупы загінуўшых салдат, якія праляжалі ўжо некалькі месяцаў на полі. Былі нават праведзены сумесныя царкоўныя службы па адпяванні забітых брытанцаў і немцаў.

Каляды на ўсходнім фронце

Каляды на ўсходнім фронце

У 2010 годзе на адным з брытанскіх аўкцыёнаў прадаваўся ліст невядомага брытанскага жаўнера, які пісаў маці пра тое, як адбывалася «каляднае перамір’е» ў Фландрыі. Вось вытрымкі з гэтага паслання: «Пасля абеду мы разыгралі футбольны матч. Некалькі немцаў прыйшло паглядзець на нас. Акрамя гэтага немцы выслалі сваіх санітараў бліжэй да нашых пазіцый, каб тыя пахавалі забітага намі ўчора нямецкага снайпера. Некалькі брытанцаў пайшлі дапамагчы нямецкім санітарам. Перад абедам паразмаўляў з немцамі і абмяняўся з імі рэчамі. Так мы адсвяткавалі свята Божага нараджэння».
Цікава, што футбольныя матчы паміж брытанцамі і немцамі падчас перамір’я здараліся даволі часта. «Швабы», часцей за ўсё, абыгрывалі родапачынальнікаў футбола. Аб тых матчах на поле бою потым пісалі шматлікія брытанскія газеты.
Мала хто ведае, што такія ж падзеі адбываліся і на ўсходнім фронце. У канцы снежня 1914 года нямецка-расійскі фронт затрымаўся на тэрыторыі Каралеўства Польскага на лініі рэк Бзура і Раўка. І ў нямецкай, і ў расійскай арміі было шмат каталікоў. Гісторыкі ўспамінаюць, што падчас бітвы пад Сахачэвам «мазуры» ў нямецкіх шлемах «пікельхаўбах і «мазуры» ў рускіх папахах білі адзін аднаго ў крывавай бітве. Але ў Калядную ноч баі сціхлі і над полем бітвы разнеслася польская песня «Cicha noc». Яе спявалі і «немцы» і «рускія». Бо свята было адно на ўсіх.
У снежні 1914 года на Паўночна-Заходнім фронце былі адзначаны выпадкі так званага каляднага «братання» паміж салдатамі 249-га Дунайскага пяхотнага і 235-га Белебеўскага пяхотнага палкоў рускай арміі і салдат кайзераўскай арміі. У тэлеграме камандуючага 1-й рускай арміі генерала А. Літвінава адзначалася, што немцы ўсё часцей «запрашаюць рускіх у госці». Рускім камандзірам загадвалася супыняць такія «хаджэнні ў госці» і арыштоўваць тых, хто ходзіць да немцаў як здраднікаў. Акрамя гэтага, камандаванне рускай арміі аддала загад адкрываць кулямётны агонь па тых, хто ідзе на братанне.
Але калядныя братанні рускіх салдат з немцамі не спыніліся. Прыйшоў час успомніць і пра беларусаў, бо 20 салдат, 4 унтэр-афіцэры і адзін яфрэйтар 301-га Бабруйскага пяхотнага палка 76-й пяхотнай дывізіі прынялі запрашэнне немцаў наведаць іх і, пакінуўшы свае пазіцыі, пайшлі да «фрыцаў». Падчас аднаго з братанняў рускіх і немцаў адбылося спаборніцтва па спевах. Салдаты мяняліся хлебам, цыгарэтамі, алкагольнымі напоямі, шакаладам.

Рускія і аўстра-венгерскія салдаты

Рускія і аўстра-венгерскія салдаты

Калядныя братанні адбываліся і ў снежні 1915 года. У данясенні начальніку штаба Паўночнага фронту генералу М. Бонч-Бруевічу, у прыватнасці, адзначалася, што рускія войскі на некаторых участках фронту ўстанавілі з праціўнікам «сяброўскія адносіны». Напрыклад, салдаты 55-га Сібірскага пяхотнага палка на Заходняй Дзвіне і рускія салдаты ў Форце Франц умовіліся з немцамі «жыць у сяброўстве», не страляць падчас святаў і не браць палонных. Ад немцаў рускія салдаты атрымлівалі каньяк, цыгарэты, а санітарам давалі… медыкаменты. Што самае цікавае, у такіх сяброўскіх адносінах з немцамі былі не толькі радавыя чыны, але ўнтэр-афіцэры і нават афіцэры. Нягледзячы на спробы з боку камандавання спыніць кантакты з праціўнікам, у дні Калядаў і Новага 1916 года рускія і нямецкія салдаты сустракаліся і абменьваліся святочнымі падарункамі.
Як мы ўжо казалі, рэакцыя галоўнага камандавання рускіх войск на факты «каляднага братання» была адмоўнай. Але і брытанцы не былі ў захапленні ад фактаў сяброўства «томі» і «гансаў». Камандзір брытанскага 2-га корпуса, генерал Гарацыя Сміт-Дорэн, даведаўшыся аб фактах братання ў снежні 1914 года брытанцаў з немцамі, раззлаваўся і выдаў жорсткі загад забараніць усе кантакты з праціўнікам. У 1915 годзе спробы каляднага братання жорстка супыняліся брытанскімі афіцэрамі. Аднак абмен падарункамі і спевы калядных песень усё ж здараліся.
Большасць гісторыкаў падкрэслівае, што братанне было выклікана перш за ўсё рэлігійным фактарам. Для заходніх еўрапейцаў свята Божага нараджэння было адным з галоўных, і таму ў 1914 годзе камандаванне пайшло на абвяшчэнне двухдзённага перамір’я. Да таго ж была і практычная неабходнасць пахаваць забітых і памерлых, якія ляжалі на нічыйнай паласе ўжо некалькі месцаў. Нарэшце, з кожным месяцам вайны адбывалася эрозія прапагандысцкіх клішэ. Непасрэдныя кантакты брытанцаў і рускіх з немцамі прыводзілі іх да думкі, што ім супрацьстаяць такія ж звычайныя людзі, як і яны самі, якія таксама жадаюць жыць. Таму людзі замест смерці выбіралі жыццё.

Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 26.12.2017