Як у Вялікага Княства Літоўскага была калонія ў Амерыцы

Гучыць як назва прыгодніцка-фантастычнага рамана, але справа ў тым, што гэта праўда. Некаторы час наша радзіма была каланіяльнай і мела сваю сапраўдную тэрыторыю, якую некалі знайшоў для Еўропы сам Хрыстафор Калумб.

1_782.jpg

Сур’ёзна?

Так, гэта абсалютная праўда. Давайце паглядзім на беларускую калёнію ў далёкай Амэрыцы.

Гаворка вядзецца пра выспу Табага, што сёньня разам з суседнім Трынідадам адзначае свой дзень незалежнасьці. Незалежнасьць яны атрымалі ад Брытаніі, але пачнем з самага пачатку.

Як Трынідад, так і Табага былі адкрытыя Хрыстафорам Калюмбам 14 жніўня 1498 году. Трынідад стаў істотным мейсцам для гішпанскай калянізацыі Новага Сьвету, а вось выспа Табага заставалася амаль незаўважанай. Нават Калюмб вырашыў не высаджвацца спачатку на ёй.

Гішпанскія канкістадоры атрымалі права па загадзе караля вылаўліваць тут мясцовых, каб выкарыстоўваць іх працу на больш карысных для гішпанскай кароны мейсцах. Так прайшло цэлае стагодзьдзе з моманту адкрыцьця Табага. Толькі ў 1628 годзе эўрапейскія пасяленцы з Галяндыі пабудавалі першае паселішча на выспе Табага. Калёнію яны назвалі Ніў Вальхэрэн.

Табага. Мапа XVII ст.

Табага. Мапа XVII ст.

Паселішча было пакінутае ў 1630 годзе пасьля нападу карэннага насельніцтва, але было адноўленае ў 1633 годзе. Новая калёнія была зьнішчаная ўжо гішпанцамі з Трынідада пасьля таго, як галяндцы падтрымалі паўстаньне ў Трынідадзе.

Наступная спроба калянізаваць Табага, гэтым разам ангельцамі ў 1630-х гадах, таксама праваліліся праз супраціў карэннага насельніцтва.

Далей за справу ўзяліся падданыя Вялікага Княства Літоўскага — ягоны васал герцагства Курляндзкае.

Што за Курляндыя?

Гэтая тэрыторыя ўтварылася пасьля зьнішчэньня Лівонскага Ордэну, нямецкай дзяржавы, якая шмат гадоў тэрарызавала Вялікае Княства Літоўскае. Курляндзкае герцагства ўтварылася акурат падчас Лівонскай вайны.

Глядзіце таксама

Маскоўскі тыран Іван IV Жахлівы імкнуўся дасягнуць заходняй часткі Эўропы, бо адчуваў адсталасьць сваёй краіны ў тэхналёгіях і больш шырока — у культуры. Адзіны магчымы шлях вёў праз балтыйскія землі, што тады складалі канфэдэрацыю зь пяці княстваў, пад кіраўніцтвам Лівонскага Ордэну.

Як гэта спрадвек павялося, маскавіты спасылаліся на тое, што ў часы дапатопныя гэтыя землі нібы належалі іх продкам, а тагачасная ўлада Лівонскага Ордэну не плаціла даніну Маскве — вырашылі прымусіць гэта рабіць з дапамогай мяча. Маскавіты захапілі Нарву, Дэрпт і падышлі да Рэвеля. Ордэн, у сваю чаргу, вырашыў шукаць дапамогі ў мацнейшых суседзяў.

Магістэр Лівонскага Ордэну Готхард Кэтлер, які перайшоў пад уладу Вялікага Княства Літоўскага

Магістэр Лівонскага Ордэну Готхард Кэтлер, які перайшоў пад уладу Вялікага Княства Літоўскага

Першымі адмовілі Данія і Швэцыя, якія не жадалі быць уцягнутымі ў вайну. Тады ў 1559 годзе магістэр Ордэна зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста, караля Польшчы, і той таксама адмовіў у дапамозе. А далей адбылася цікавая рэч: магістэр зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста ўжо як вялікага князя літоўскага, і на гэты раз атрымаў тое, чаго прагнуў. Тут крыецца вялікая геапалітычная гульня, што разгортвалася ў тыя часы. Разам з тым, што Лівонскі Ордэн пераходзіў пад пратэктарат беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага 31 жніўня 1559 году, станавілася відавочным, што вялікая вайна з маскавітамі была непазьбежнай.

Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога было скіраванае ў Лівонію, але атрымала паразу ў 1561 годзе. У хуткім часе спыніў і фармальнае сваё існаваньне Лівонскі Ордэн. У Рызе іх магістэр перадаў знакі дзяржаўнай улады Вялікаму Княству і працягваў кіраваць тэрыторыяй ужо ад імя вялікага князя літоўскага. Тэрыторыя атрымала назву Курляндзкае герцагства.

Вайна з Расеяй цягнулася з 1558 па 1582 год. Па ўмовах мірнай дамовы, у Вялікае Княства Літоўскае вярталіся ўсе захопленыя з пачатку Лівонскай вайны землі, а таксама былы Лівонскі ордэн, які станавіўся часткай нашай дзяржавы.

Нашая калёнія Табага

Разабраліся, што такое Табага і адкуль узьнікла Курляндыя. Вернемся да галоўнай тэмы — калянізацыі амэрыканскай тэрыторыі.

У 1642 годзе ў нашага васала зьявіўся новы герцаг — Якаб Кэтлер.

Якаб Кэтлер

Якаб Кэтлер

У гэты ж час у гісторыі Табага здарыўся нечаканы паварот. Дзякуючы велізарнаму гандлёваму флоту, Курляндзкі герцаг быў сталым пастаўшчыком прадуктаў і фуражу для эўрапейскіх войскаў, якія няспынна ваявалі адно з адным. Адпаведна, ён быў і крэдыторам шматлікіх манархаў, чыя скарбніца была пустая.

Мабыць, па гэтай прычыне, не пазьней за 1637 год, ангельскі кароль Карл I аддае правы на выспу Табага нашаму васалу.

У 1654 годзе 45-гарматны ваенна-транспартны карабель Das Wappen увайшоў у самую вялікую бухту выспы Табага, плошча якой складае каля 300 квадратных кілямэтраў. На борце, акрамя экіпажу, былі 80 сем'яў каляністаў. Для аховы калёніі, названай Новая Курляндыя, герцаг пасылае 25 афіцэраў і 124 жаўнеры.

Флёт для свайго часу ў Курляндзкага герцагства Вялікага Княства Літоўскага быў вельмі немалы: да 65 вайсковых і 130 гандлёвых караблёў.

Выява краба — менавіта такім быў сьцяг курляндзкага флоту.

Выява краба — менавіта такім быў сьцяг курляндзкага флоту.

Зрэшты, яшчэ ў 1639 годзе наш васал, бацька Якаба — Фрыдрых Кэтлер, спрабаваў заснаваць тут першую калёнію, але пасяленцы захварэлі, і было іх менш за 40 чалавек, так што на наступны год няўдалыя імігранты вярнуліся дадому. У другі раз курляндцы распачалі спробу калянізацыі ў 1642 годзе, калі 300 сялянаў, падданых Вялікага Княства Літоўскага, высадзіліся ў гэтых жа мейсцах. І зноў няўдала. Прыйшлося адступіць пад ціскам ваяўнічых мясцовых жыхароў.

І толькі з трэцяй спробы можна казаць пра пасьпяховую заваёву. На месцы першай фартэцыі, якая не захавалася, сёньня стаіць помнік Курляндыі.

pomnik_10.jpg

У 1659 годзе, калі Курляндыя была захопленая Швэцыяй, галяндцы захапілі ўладаньні Якаба ў Табага. Далей быў шэраг прыёмаў-перадачаў: у 1660 годзе Табага нам вярнулі, але ў 1666 годзе паселішча было зьнішчанае піратамі, а новы карабель, пасланы ў Карыбскае мора праз два гады, вымусілі паплыць назад тыя ж галяндцы. Да 1680-га году васал Вялікага Княства Літоўскага зноў адрадзіў калёнію, але і тая пратрымалася толькі тры гады.

Апошні раз курляндцы вярнуліся сюды ў 1686 годзе, і нарэшце ў 1690 годзе герцаг Фрыдрых Казімір, які растраціў усе бацькаўскія багацьці, прадаў Табага ангельцам. Зрэшты, да акупацыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1795 годзе працягваліся прызначацца «губэрнатары Новай Курляндыі». Праўда, далей за бліжэйшае возера каля Балтыкі яны не адплывалі.

Брытанскі прататып флягманскага карабля Das Wappen, на якім адпраўляліся нашыя каляністы.

Брытанскі прататып флягманскага карабля Das Wappen, на якім адпраўляліся нашыя каляністы.

У 1704 годзе выспа была абвешчаная нэўтральнай тэрыторыяй і стала базай піратаў карыбскага мора. Толькі ў 1763 годзе Табага перайшоў пад кантроль Вялікай Брытаніі. Выспа пераходзіла з рук у рукі 33 разы.

Да нашага часу захавалася назва «Вялікая Курляндзкая бухта» ў Табага, калі будзеце там, абавязкова наведайце.

Галасы суседзяў

Пакуль не асабліва чутныя беларускія галасы ў нашай каланіяльнай мінуўшчыны, суседзі ўжо спрабуюць прыватызаваць сабе тую гісторыю. У 2000 годзе прэзідэнтка Латвіі Віке-Фрайберга езьдзіла на калядныя вакацыі адпачываць на Табага, каб разам з прыемным адпачынкам адрадзіць «даўнія гістарычныя сувязі між Табага і Латвіяй».

Ёй, напэўна, не пасьпелі паведаміць, каму падначальвалася «старажытная латыская дзяржава. Разам з тым  на некаторых латыскіх рэсурсах чорным па белым гучна выказваюцца думкі: «Вернем Табага ў латыскую гавань!» Што ж, мы не заклікаем вярнуць Табага ў беларускую гавань і паважаем іхную незалежнасьць, але справа ў гістарычнай справядлівасьці — няёмка, калі нашыя суседзі« прысабечваюць» адных за аднымі падзеі і гістарычных дзеячоў. За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба.

Бухта «Новая Курляндыя»

Бухта «Новая Курляндыя»

Расейскія рэсурсы поўныя допісаў кшталту «Згубленая расейская Калёнія». Бо менавіта ж яны акупавалі Вялікае Княства Літоўскае, разам зь яго неад'емнай часткай — Курляндзкім герцагствам у 1795 годзе. Вось такая імпэрыялістычная лёгіка.