Ніна Шыдлоўская заклікае не спыняць дапамогі сем’ям патрыётаў
«Беларуская вясна» прынесла яе ўдзельнікам сотні прысудаў на штрафы і суткі. Аднак ёсць і тыя патрыёты, хто застаецца за кратамі, ім пагражаюць сур’ёзныя тэрміны зняволення.
Пра тое, чым можна дапамагчы сем’ям былых сяброў «Белага легіёну», гаворыць старшыня «Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”» Ніна Шыдлоўская.
— Частка сем’яў засталася без кармільцаў. Гэта жонкі з малымі дзецьмі на здымных кватэрах. Ужо зараз відавочна, што гэтая справа стане марафонам, яна хутка не вырашыцца. А сем’ям трэба збіраць перадачы, жыць самім, карміць сваіх дзетак. І я звяртаюся да ўсіх, хто толькі можа мяне пачуць: не спыняйце гэтай матэрыяльнай дапамогі сем’ям, бо ім без нашай дапамогі, яшчэ ў стане псіхалагічнага прэсінгу з усіх бакоў, самім справіцца немагчыма. А спадзяванняў на хуткае вырашэнне справы пакуль няма.
Былых удзельнікаў арганізацыі “Белы легіён” беспадстаўна абвінавачваюць у стварэнні незаконных узброеных фармаванняў і працягваюць утрымліваць за кратамі. Каб даведацца, якім чынам дапамагчы іх сем’ям, дастаткова зайсці на старонку інтэрнэт-суполку BY_help.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя