27-ы затрыманы ў справе «Белага легіёну» — гісторык Аляксандар Зімніцкі

Як стала вядома, у аўторак 28 сакавіка КДБ затрымаў яшчэ аднаго меркаванага фігуранта справы «Белага легіёну» — 25-гадовага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музэю Аляксандра Зімніцкага.

f9705822_39e5_46d6_bd40_f1bce7d9b2b6_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

Ён стаў 27-м затрыманым у спісе затрыманых у гэтай справе, які склалі праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскасці.
Зоя Зімніцкая, маці Аляксандра Зімніцкага, жыве ў Докшыцкім раёне, у вёсцы Глінная. Яна ўжо пэнсіянэрка, раней працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Зоя Вікенцьеўна плача, калі распавядае пра арышт сына.
«У пятніцу ён прыехаў сюды дадому, а ў панядзелак выправіўся ў Мінск, на працу. А тады пазваніў, што яго выклікае ў аўторак раніцай на гутарку следчы. Казаў, што ў яго быў ператрус, што забралі той пнеўматычны пісталет, які ў яго быў даўно. Ён з дзяцінства захапляўся гісторыяй, кнігамі, усё вучыўся на гісторыка, цяпер у музеі працуе. Як пазваніў, дык паехаў да следчага. А ўжо ўвечары патэлефанаваў следчы і сказаў, што Алесь затрыманы, пакуль на 3 дні. Больш нічога ня ведаю. І за што яго? Казаў, што нічога дрэннага людзям ня робіць, толькі добраму вучылі. Што цяпер будзе?» — расказала Зоя Зімніцкая.
Да сёння было вядома, што абвінавачанні затрыманым фігурантам справы «Белага легіёну» не былі выстаўленыя. Напярэдадні кіраўнік упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю КДБ Дзмітры Пабяржын казаў, што 29 сакавіка можа з'явіцца інфармацыя пра выстаўленне абвінавачання фігурантам справы. «Ёсць вызначаны законам час, да 31 сакавіка, мяркую, будзе інфармацыя», — казаў учора Дзмітры Пабяржын.
Паводле старшыні рады «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, на 29 сакавіка ў КДБ для ўдзелу ў следчых дзеяннях выкліканыя адвакаты шэрагу затрыманых.
«Спадзяюся, хлопцаў пачнуць вызваляць, спадзяюся — усіх», — сказала Ніна Шыдлоўская.
Паводле svaboda.org