Змітру Дашкевічу працягнулі нагляд на 3 месяцы
Суд Першамайскага раёну Минска працягнуў прэвентыўны нагляд за Змітром Дашкевічам на 3 месяцы. Прычынай такога рашэння суддзя Леанід Ярмоленка назваў тое, што Дашкевіч некалькі разоў парушаў правілы прэвентыўнага нагляду.
Пра працягненне тэрміну нагляду хадайнічала міліцыя Першамайскага раёну.
У 2011 годзе старшыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады калоніі нібыта за ўдзел у бойцы з мінакамі, якая адбылася за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. За некалькі месяцаў да адбыцця тэрміну ў Глыбоцкай калоніі Зміцер Дашкевіч быў асуджаны яшчэ на год нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі. Актывіст выйшаў на волю з Гарадзенскай турмы ў канцы жніўня 2013 года і трапіў пад прэвэнтыўны нагляд на 6 месяцаў. Нагляд быў працягнуты яшчэ на 3 месяцы.
Зміцер Дашкевіч мусіць знаходзіцца дома з 20 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы, у любы час дня і ночы да яго могуць прыйсці з праверкай. Таксама ён мусіць рэгулярна адзначацца ў міліцыі і атрымліваць дазвол на паездкі за горад.
Паводле Радыё Свабода