Зяленскі: Украіна не гатовая экспартаваць збожжа праз Беларусь

Украіна не гатовая разглядаць пытанне экспарту свайго збожжа праз тэрыторыю Беларусі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з журналістамі 6 чэрвеня.

000026_1652190546_114622_big.jpg


«Што да Беларусі: гэтая інфармацыя адкрытая. Нам прапаноўвалі ехаць праз Беларусь чыгункай (экспартаваць збожжа). Мы нават разумеем, які аб’ём. Але мы разумеем, для чаго нам гэта прапаноўвалі. Мы пакуль не гатовыя ісці па гэтым фармаце і дапамагаць нашым "дружалюбным" суседзям», — заявіў Зяленскі.
Таксама Уладзімір Зяленскі заявіў, што ні ён, ні кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба не запрошаныя на сустрэчу ў Анкары 8 чэрвеня, на якой будзе разглядацца пытанне чарнаморскага суднаходства. Аднак на ёй будзе прысутнічаць кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў.
Зяленскі адзначыў, што абмяркоўваў з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам пытанне пасярэдніцтва турэцкага боку ў разблакаванні ўкраінскіх партоў.
«Для нас важна тое, што мы гатовыя выпускаць збожжа… Каб быў бяспечны калідор з караблёў — каб той ці іншы флот той ці іншай дзяржавы забяспечыў нам вываз гэтага збожжа. Вось і ўсё. І тут мы размаўлялі і з Брытаніяй, і з Турцыяй. Турцыя зараз знаходзіць фармат, як нам даць гарантыі… Я думаю, з-за гэтага яны сустракаюцца з расійцамі, каб Расія дала Турцыі гарантыі, што з іх караблямі нічога не здарыцца. Я так лічу. Але, тым не менш, дэталі іх сустрэчы мне невядомыя пакуль што», — заявіў Зяленскі.
Раней, 3 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка стэлефанаваўся з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам і выставіў умову, пры якой ён пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа праз Беларусь: гэтыя парты павінны быць адкрытыя і для беларускіх тавараў.