Жана Румас: Сяргей Румас за мяжой
Шэраг тэлеграм-каналаў 3 лютага паведаміў аб магчымым затрыманні былога прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса і колішняга старшыню праўлення «Белінвестбанка» Генадзя Сысоева.
Жана Румас, жонка Сяргея Румаса, спачатку пацвердзіла ў каментары «Нашай ніве», што мужа дома няма, але запэўніла, што «сама ва ўсім разбярэцца». Пазней яна паведаміла Tut.by, што яе муж «знаходзіцца ў ад’ездзе за межамі Беларусі». Тэлефон Сяргея Румаса недасяжны. Тым часам «Наша ніва» са спасылкай на ўласныя звесткі сцвярджае, што Сяргей Румас у адной з краінаў, дзе жывуць яго старэйшыя сыны, — у Італіі або ў Вялікабрытаніі, перадае Радыё Свабода.
Прадстаўнікі беларускіх сілавых структур не пацвярджаюць і не абвяргаюць затрыманне (так заявілі ў КДБ) або не даюць каментароў (МУС, Следчы камітэт).
Назіральнікі прыгадваюць, што 16 жніўня жонка экс-прэм’ера Жана Румас размясціла ў сацсетках сэлфі з мужам на фоне пратэстоўцаў з даху «Банка развіцця».
У свой час Румас кіраваў гэтым банкам і, на прызнанне экспертаў, гэта быў адзін з самых прагрэсіўных праектаў банкаўскай сферы за ўсе гады незалежнасці краіны.
Лукашэнка так казаў пра замену Сяргея Румаса на Рамана Галоўчанку на прэм’ерскай пасадзе пасля жнівеньскіх падзей: «Ёсць і іншыя, якіх мы своечасова разглядзелі і адправілі каго на пакой, каму проста прапанавалі займацца бізнесам. Яны таксама дзесьці посцяцца».
Акрамя таго, Сяргей Румас быў у добрых стасунках з калегам-банкірам Віктарам Бабарыкам.
Таксама з’явілася інфармацыя аб затрыманні выканаўцы абавязкаў дырэктара ААТ «Беларуская лясная кампанія», экс-кіраўніка «Белінвестабанку» Генадзя Сысоева і шэрагу топаў «Белаграпрамбанку».
Сяргея Румаса прызначылі прэм’ерам 18 жніўня 2018 году, звольнілі 4 чэрвеня 2020 году. Свабода прыгадала, чым ён адзначыўся на гэтай пасадзе.
Заступаўся за заўзятараў з бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня
Сяргей Румас любіць футбол, яго часта можна было заўважыць на трыбунах, калі ён быў і віцэ-прэм’ерам, і кіраўніком ураду. Ад красавіка 2011-га па 2019 год Сяргей Румас кіраваў Федэрацыяй футболу. Падчас сустрэчы Беларусь — Македонія ў Барысаве затрымалі заўзятараў за нацыянальную сімволіку. Тады Федэрацыя футболу стала на іх абарону.
Шматдзетны бацька
Сяргей Румас з жонкай маюць чатырох сыноў. Старэйшы сын Валер скончыў эканамічны факультэт БДУ, пасля вучыўся ў Лондане, але вярнуўся на радзіму. Яшчэ трох сыноў завуць Максім, Сяргей і Філіп.
Паспяховы банкір
Сяргея Румаса ўзялі на працу ў Нацыянальны банк адразу пасля службы ў войску, але ў 1990-х ён на некаторы час падаўся ў камерцыю. Займаў высокія пасады ў камерцыйных банках «Паўночны Захад» і «Садружнасць».
Пасля гэтага Румас працаваў у «Беларусбанку», але найбольш паспяховым было знаходжанне на пасадзе старшыні «Белаграпрамбанку», за час ягонага кіравання банк займеў у 1,5 раза больш укладчыкаў. У часы кіравання Румаса гэты банк называлі найбольш стабільным.
Дамогся мінімальнай інфляцыі
Сяргей Румас як былы банкір у тандэме з Нацбанкам здолеў дасягнуць мінімальнай інфляцыі ў 5%. Некалькі разоў быў пабіты рэкорд стаўкі рэфінансавання, якая цяпер 8%.
Сяргею Румасу на сваёй пасадзе давялося выцягваць з крызісу многія сферы, напрыклад дрэваапрацоўку, мадэрнізацыя якой так і не дала выніку. Але гэтая сфера і цяпер у крызісе.
Па выніках першага году прэм’ерства Сяргея Румаса ВУП Беларусі вырас на 3%, летась толькі на 1,2%.
Амаладзіў кабінет міністраў
Пры Румасу значна амаладзіўся кабінет міністраў, там працавалі міністр фінансаў Максім Ермаловіч (42 гады), Дзмітрый Круты (39 гадоў), першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын (44 гады).
Перажыў «падатковы манёўр» і пагрозу інтэграцыі
На сваёй пасадзе Сяргей Румас заспеў няпростыя часы для беларускай эканомікі: у Расіі правялі падатковы манёўр, які моцна ўдарыў па беларускай нафтаперапрацоўцы. Страты ацанілі ў больш як 400 мільёнаў долараў.
Таксама ў пачатку году Расія прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, што таксама мусіў вырашыць урад Румаса. А 2019 год скончыўся для ўраду перамовамі пра «паглыбленую інтэграцыю», у гэтым пытанні ўрады Беларусі і Расіі так і не дамовіліся.
Сышоў займацца бізнесам
Паводле Лукашэнкі, які прызначыў новы ўрад, да Сяргея Румаса «асаблівых нараканняў няма», але «чалавек хоча займацца бізнесам». Цяпер урад узначаліў былы кіраўнік ВПК Раман Галоўчанка.