«Вызвалі палітвязняў, і людзі да цябе пацягнуцца». Набор даступных дзеянняў для Лукашэнкі
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра дыпламатычны тупік рэжыму і шляхі выйсця з яго.

Міністр як бы замежных спраў Рыжанкоў пахваліўся ў Кітаі, чаму Польшча не закрыла дарогу кітайскаму транзіту ў Еўропу праз Беларусь, піша тэлеграм-канал. Яна гэтага не зрабіла не проста так. Яна гэтага не зрабіла выключна дзякуючы выбітным знешнепалітычным талентам беларускіх уладаў.
І я хачу табе сказаць, што выбітныя таленты сапраўды мелі месца. Вось калі б не выбітныя таленты беларускіх уладаў, то міністру няма чым было б пахваліцца. Хто б наогул успамінаў пра гэты кітайскі транзіт? Ідзе сабе і ідзе.
А так можна заняцца дыпламатыяй і пахваліцца, што гэтая дыпламатыя як той леў абараняе кітайскі транзіт. Які б не давялося абараняць, калі б беларускія ўлады не закідвалі межы суседзяў мігрантамі.
Вось калі беларускія ўлады саджалі самалёт з Пратасевічам, яны ж яго саджалі не для таго, каб праз тры гады адправіць зваршчыка, які раскаяўся, ў Дубай. Яны ж гэтым самалётам хацелі зладзіць утаймаванне Еўропы. А калі нешта пайшло не так, вырашылі ўтаймаваць Еўропу мігрантамі.
А калі зноў пайшло не так і не туды, увязаліся ў саўдзел у вайне. Таму што ў сябе ў тэлевізары беларускія ўлады ўжо ўзялі Кіеў за тры дні і чакалі сабе порт Адэсы ў якасці платы за саўдзел.
Потым яшчэ ўтаймоўвалі Еўропу віртуальнымі ядзернымі бамбаваннямі, не выходзячы з тэлевізара. Але гэта ўжо рабілі больш па звычцы.
Глядзіце таксама

А ўсё чаму? Таму што знешняя палітыка беларускіх уладаў глыбокая, праніклівая і дальнабачная ў такую далеч, якую не разгледзіш няўзброеным поглядам.
Затое зараз можна займацца напружанай дыпламатыяй. Вось сёй-той у чацвер займаўся дыстанцыйнай дыпламатыяй сярод шматнацыянальнай сям'і народаў Беларусі. Сёй-той апошнім часам наогул рэгулярна займаецца дыпламатыяй сярод сям'і народаў Беларусі.
Таму што больш яму заняцца дыпламатыяй усё роўна няма з кім. Дыпламаты ў прыёмнай у чаргу не выстройваюцца. Няма ахвотных паслухаць, што палякі не хочуць забіраць Пачобута, бо Пачобут не хоча з'язджаць з Беларусі. І што беларускія ўлады не могуць паўплываць на мігрантаў, якія штурмуюць еўрапейскія межы, і таму могуць усё выправіць, варта толькі іх правільна папрасіць. Вось такой дыпламатыяй можна займацца толькі са шматпакутнай сям'ёй беларускіх народаў.
Сёй-той у апошні час паслаў у дыпламатычны космас столькі супярэчлівых сігналаў, што нікому ўжо не хочацца іх расшыфроўваць. А калі беларускія ўлады хочуць знайсці сабе партнёраў, а не займацца дыпламатычнымі манеўрамі ў адзіночку, то не трэба сігналаў. Будзь прасцей і людзі да цябе пацягнуцца. Ёсць просты набор даступных дзеянняў.
І пачаць можна з вызвалення палітвязняў у таварных колькасцях. Тым больш, што палітвязняў у беларускіх турмах усё роўна няма. Таму калі іх вызваліць, то беларускія ўлады нічога не губляюць.