У Мінску прайшоў Усебеларускі кангрэс за незалежнасць
Абарона незалежнасці Беларусі зʼяўляецца галоўнай тэмай Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, які 21 снежня прайшоў у сталіцы. У форуме бралі ўдзел дэлегаты з усіх абласцей краіны.
У прэзідыуме Кангрэса — акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб, грамадская дзяячка Алена Анісім, публіцыст, ветэран Вялікай Айчыннай
вайны са Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў.
Прэзідіюм Кангрэса
Дэлегатаў на кангрэсе было няшмат — 63 чалавекі. Да канца арганізатары не ведалі, што ім дадуць нармальнае памяшканне, таму збіралі людзей з разліку на невялікую сядзібу Партыі БНФ.
Падчас кангрэсу не адбылося нічога сенсацыйнага. Шмат хто чакаў, то гэты кангрэс зацвердзіць у якасці кандыдаткі на прэзідэнцтва Алену Анісім, намесніцу старшыні ТБМ, якая заяўляла аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Гэтага не адбылося.
Затое вылучыўся Аляксандр Мех з Кобрына. Ён сказаў, што яго гатовыя падтрымаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты прадпрымальнікі Кобрына і Мінска, і заклікаў удзельнікаў Кангрэсу падтрымаць яго ў якасці кандыдата. Некалькі чалавек сустрэлі заяву Меха апладысментамі, але большасць усё ж маўчала.
Вядучы Кангрэса Алег Трусаў сказаў, што мэта кангрэсу — сабраць мінімум 1 мільён подпісаў пад Маніфестам у абарону незалежнасці Беларусі. «Калі збярэм, то будзем упэўненыя, што Беларусь застанецца, што мы не прахадны двор і не частка Расійскай імперыі», — зазначыў ён.
Выступоўцы збольшага казалі пра тое, што хвалюе іх: пра стан беларускай мовы, пра пагрозы незалежнасці. Рыгор Кастусёў гаварыў пра «новую хвалю шалёнага расійскага імперыялізму, якая гатовая накрыць наш рэгіён».
На думку Радзіма Гарэцкага, падзеі ва Украіне паказалі, што пагроза зыходзіць ад Расіі, якая дзеля задавальнення сваіх імперскіх амбіцыяў пойдзе на ўсё. Акадэмік нагадаў словы былога дарадцы прэзідэнта Расіі Пуціна Андрэя Іларыёнава, што Беларусь стаіць на першым месцы ў планах Крамля на аншлюс.
Дэлегаты мерапрыемства
Удзельнікі Кангрэса вырашылі, што ён будзе пастаянна дзеючай пляцоўкай, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні эканомікі, экалогіі, незалежнасці і гэтак далей дзеля
пошуку шляхоў па выхаду Беларусі з крызісу. Дэлегаты абралі Раду Кангрэса, якая будзе ажыццяўляць сувязі з грамадскасцю. Прысутныя таксама паставілі свае подпісы пад Маніфестам за незалежнасць
Беларусі. Першым маніфест падпісаў Мечыслаў Грыб, які паставіў свой подпіс пад першай Канстытуцыяй незалежнай Беларусі. Другім падпісантам стаў Радзім Гарэцкі, трэцім Фелікс Шкірманкоў.
Рэгістрацыя дэлегатаў
Цяпер ініцыятары Кангрэса збіраюцца арганізаваць збор подпісаў у абарону незалежнасці. Праўда, хто ім у гэтым дапаможа? На Кангрэсе былі людзі сталага веку, і ў іх ужо мала імпэту бегаць па
кватэрах, як кажа апазіцыя, «ад дзвярэй да дзвярэй». Больш маладыя ж занятыя ўласнымі праектамі, якія таксама патрабуюць подпісаў: хто «за якасную медыцыну», хто
«супраць наркаманіі і алкагалізму», хто за «Народны рэферэндум», а хто за «Беларусь у Балонскі працэс».