У МЗС Украіны назвалі «лухтой» і «заезджанай мантрай» сцвярджэнне КДБ Беларусі пра зброю
У Кіеве назвалі «поўнай лухтой» заяву кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля, што з Украіны пастаўляецца «зброя для тэрактаў». Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка.
«Поўная лухта, якая ўжо не першы раз гучыць з вуснаў беларускіх чыноўнікаў. Катэгарычна не прымаем заезджаную мантру пра „зброю з Украіны“. Улады ў Беларусі павінны нарэшце перастаць палохаць беларускі народ надуманым вонкавым ворагам», — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Украіны.
Нагадаем, напярэдадні старшыня КДБ Беларусі Церцель заявіў, што з тэрыторыі Украіны вялікімі партыямі дастаўляецца зброя для наступнага выкарыстання з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі.
«Мы бачым, што з тэрыторыі Украіны вялікія партыі зброі дастаўляліся для наступнага выкарыстання ў мэтах дэстабілізацыі сітуацыі. Планаваліся тэрарыстычныя акты як у дачыненні да аб'ектаў дзяржаўных ведамстваў, так і ў дачыненні да асобных службовых асоб — у тым ліку з пагрозай гібелі вялікай колькасці насельніцтва», — паведаміў Церцель.
Раней Кіеў ужо неаднаразова абвяргаў словы беларускіх улад пра зброю з тэрыторыі Украіны.
Паводле tut.by