Савет Еўропы будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі і надалей

Кантактная група Савета Еўропы па Беларусі па выніках пасяджэння 1 снежня ў Страсбургу склала папярэдні план мерапрыемстваў на 2024–2025 гады.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія дэмакратычныя сілы на сустрэчы прадстаўляла, у прыватнасці, дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і справах студэнтаў Маргарыта Ворыхава. Як паведаміла яна «Позірку», запланаваныя мерапрыемствы «ахопліваюць розныя сферы».

«У сукупнасці яны накіраваны на пашырэнне правоў і магчымасцей беларускай грамадзянскай супольнасці, юрыстаў, журналістаў і моладзі шляхам прадастаўлення ведаў, навыкаў і падтрымкі пры прапагандзе правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасцей і рэформаў кіравання ў Беларусі», — адзначыла дарадца Ціханоўскай.

Усяго, паводле яе слоў, у плане пяць раздзелаў і 11 пунктаў.

Ворыхава падкрэсліла, што план «актыўнасцей» кантактнай групы ў бліжэйшыя тыдні будзе дапрацоўвацца. Яго зацвярджэнне чакаецца не пазней за 24 студзеня.

Кантактная група СЕ па Беларусі дзейнічае з лістапада 2022 года. З беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

У кастрычніку гэтага года Савет Еўропы прадаставіў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.