Сахашчык: У Беларусі ствараюць «аналаг ПВК Вагнера»

Прадстаўнік па абароне і нацбяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык у інтэрв'ю dw.com расказаў пра прыватнае ахоўнае прадпрыемства «Гард-Сервис», якое рыхтуюць да ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Беларускае ахоўнае прадпрыемства «Гард-Сервис», адзінае, якому ўказам Аляксандра Лукашэнкі дазволена мець агнястрэльную зброю, у разы павялічыла колькасць супрацоўнікаў і рыхтуецца да ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Пра гэта расказаў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Валерый Сахашчык. Паводле яго інфармацыі, персанал «ГардСервис» трэніруецца ўжо некалькі месяцаў.

ПАП могуць выкарыстоўвацца ў дыверсійна-выведвальных групах

Валерый Сахашчык лічыць, што супрацоўнікаў «Гард-Сервис» рыхтуюць да ўдзелу ў баявых дзеяннях, навучанне праходзіць на некалькіх беларускіх палігонах. «Я ведаю, што афіцэры 5-й брыгады спецназа (базуецца ў Мар'інай Горцы. Заўв. рэд.) трэніруюць супрацоўнікаў «Гард-Сервис» на сваім палігоне. Акрамя таго, кампанія забрала сабе базу былога цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі "Дынама", там таксама праходзяць актыўныя дзеянні», — кажа прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета.


Паводле яго слоў, за апошні час значна вырасла колькасць супрацоўнікаў. Сахашчык мяркуе, што цяпер іх можа быць больш за тысячу чалавек: «Падрыхтоўка і набор кадраў доўжацца ўжо некалькі месяцаў. Персанал павялічылі за кошт афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдат, якія служылі ў Сілах спецыяльных аперацый і ў спецпадраздзяленнях сілавых ведамстваў Беларусі».

Кіраўнік абароннага напрамку АПК лічыць, што супрацоўнікаў «Гард-Сервис» могуць выкарыстоўваць у дыверсійна-выведвальных групах і далей для штурмаў як наймітаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) Вагнера. Раней Валерый Сахашчык заяўляў, што ў «Гард-Сервис» Уладзімір Пуцін «інвеставаў вельмі сур'ёзную суму» і стварае з яе «беларускі аналаг ПВК Вагнера».

У Мінск прыляцелі расійскія найміты?

Між тым летам 2022 года ў незалежных СМІ з'явілася інфармацыя ад ананімнага супрацоўніка «Гард-Сервис», які сцвярджаў, што ў канцы ліпеня-жніўні ў Мінск для навучання супрацоўнікаў ПАП прыбылі найміты з ПВК Вагнера. (Пра тое, што ў жніўні ў РБ прылятаў самалёт расійскай ПВК, паведамляў і Telegram-канал «М*толькопомоги»). Крыніца адзначала, што ў «Гард-Сервис» да таго моманту налічвалася каля паўтысячы чалавек, і што, паводле чутак, супрацоўнікам абяцалі камандзіроўкі і ў будучыні заробак у 10 тысяч беларускіх рублёў (каля 3700 еўра ў эквіваленце).


«З'явіўся нейкі чалавек, які пачаў рассылаць розным СМІ апавяданні пра тое, як супрацоўнікаў "Гард-Сервис" трэніруюць супрацоўнікі з ПВК Вагнера. У пацвярджэнне ён дасылаў сваё пасведчанне, дзе былі замазаныя фота, імя і прозвішча. Ідэнтыфікаваць гэтага чалавека было немагчыма, як і тое, наколькі праўдзівую інфармацыю ён падаваў», — адзначае журналіст «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» Аляксей Карпека. Ён займаўся двума расследаваннямі, прысвечанымі ПАП.

Нагадаем, праз напад на Украіну і спансаванне ПВК Вагнера і іншых мілітары-груповак Еўрапарламент прызнаў Расію дзяржавай-тэрарыстам. Верагодней за ўсё, калі інфармацыя пра беларускую ПАП праўдзівая, нашу краіну чакае той жа шлях.

Пра тое, што такое «Гард-Сервис» і каго там гатовыя браць у найміты, чытайце на «Deutsche Welle».