Памятаеце выкрыццё ў Жэшуве шпіёнскай сеткі з удзелам беларусаў? Да гэтага спрычыніўся п’яны паляк
Амерыканскае выданне The Wall Street Journal (WSJ) паведаміла падрабязнасці выяўлення расійскай шпіёнскай сеткі ў раёне горада Жэшуў вясной 2023 года. Паводле звестак выдання, усё пачалося са званка п'янага паляка.
Нецвярозы мужчына шпацыраваў недалёка ад чыгункі і мясцовага аэрапорта ў Жэшуве і заўважыў падазроную відэакамеру. Яна была накіравана на шляхі.
Менавіта пасля гэтага званка польскія спецслужбы пачалі расследаваць, што адбываецца ў раёне галоўнага лагістычнага цэнтра паставак дапамогі Украіне. У выніку там выявілі яшчэ больш камер на чыгуначных станцыях і чыгуначных пераездах. Ужо ў сакавіку спецслужбы заявілі аб ліквідацыі групы шпіёнаў-дыверсантаў.
Дарэчы, менавіта праз Жэшуў, які амерыканцы называюць Джэй-таун, перавозяць заходнія ўзбраенні на мільярды долараў для Украіны. Жэшуў як лагістычны цэнтр пачаў працу праз 48 гадзін пасля пачатку вайны ва Украіне.
Цяпер у аэрапорце Жэшува ўстаноўлена некалькі узроўняў сістэм супрацьпаветранай абароны, пастаўленых ЗША, Вялікабрытаніяй і Польшчай. Амерыканскія батарэі Patriot добра бачныя з тэрыторыі аэрапорта.
Раней польскае выданне Rzeczpospolita адзначала, што сярод затрыманых вясной у Польшчы дыверсантаў былі беларусы і ўкраінцы.
Тым часам расійскае прапагандысцкае агенцтва «Спутник» паведаміла са спасылкай на «крыніцы ў спецслужбах Беларусі», што там пацвердзілі затрыманне грамадзян Беларусі, але адмаўляюць іх шпіёнскую дзейнасць. Адной з удзельніц групы апынулася 18-гадовая беларуска, сцвярджае агенцтва. Афіцыйна Мінск не камэнтаваў затрымання.
Пазней Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка заявіў, што ўлады Польшчы прапанавалі яму абмяняць затрыманых па абвінавачанні ў шпіянажы трох беларусаў. Але не ўдакладніў, на каго.
У сваю чаргу ўлады Польшчы сцвярджаюць, што затрыманыя з'яўляліся шпіёнамі, у тым ліку беларусы, і не проста сачылі за шляхамі паставак ва Украіну, але і рыхтаваліся да дыверсій.
Варта дадаць, што пасля прыгожынскага «мяцяжу» і перадыслакацыі «вагнераўцаў» у Беларусь Лукашэнка пыхліва апавядаў, што баевікі вельчі хочуць выбрацца «на экскурсію» менавіта ў Жэшуў. Гэта быў тыповы шантаж беларускага дыктатара, які любіць пужаць Еўропу сваёй уяўнай усемагутнасцю. Палякі ў адказ на з’яўленне ў Беларусі падраздзяленняў адыёзнай ПВК, а таксама на размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ўмацавалі сваю ўсходнюю мяжу.
Пазней Прыгожынм загінуў у Расіі пры загадкавых абставінах, і тэма «экскурсіі ў Жэшуў» неяк сама сабой сышла. Пра «вагнераўцаў» Лукашэнка ўжо даўно нічога не кажа.
Паводле «Тэлеграфа».