Палітзняволены Мікіта Емельянаў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення

Палітзняволены анархіст Мікіта Емяльянаў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення. Пра гэта паведамляюць яго паплечнікі з dissidentby.

emeljanau.jpg

Паведамляецца, што суд, які вынес такое рашэнне адбыўся сёння, 29.05.2020 г.
Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы, інфармуе spring96.org.
Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.
27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы знялі фільм «14. Крымінальная справа Емяльянава і Комара», у якім распавядаецца пра абставіны справы, парушэнні на папярэднім следстве і пра асобы асуджаных.