Няма ніякіх сумневаў, хто ў вайне на знясіленне зламаецца першым
Юрый Пшэннік для партала «Наше мнение» піша пра пазіцыйную вайну Расіі супраць Украіны і яе магчымыя зыходы.
Любая вайна ўсё ж заканчваецца. Скончылася нават Стогадовая вайна. Хоць у строгім сэнсе гэта была не вайна, а серыя ўзброеных канфліктаў з 1337-га па 1453 год — і ўсё ж гэты перыяд скончыўся. Вось толькі заканчваюцца войны па-рознаму. А «перамога» ці «паражэнне» застаюцца паняццямі неадназначнымі. Найбольш вядомы прыклад — СССР у Другой сусветнай вайне. Можна лічыць гэта «вялікай перамогай», а можна і «вялікай катастрофай» савецкага народа, калі ўсё ляжала ў руінах і кожны чацвёрты загінуў. Так што абодва вызначэнні правільныя.
Паводле распаўсюджанага вызначэння, перамога — гэта калі новы свет лепшы за даваенны. У такім выпадку, акрамя ЗША і Вялікабрытаніі, перамаглі таксама Германія і Японія, але не Савецкі Саюз. Так, часам паражэнне арміі становіцца перамогай для краіны ў доўгачасовай перспектыве. Скажам, у гісторыі Швейцарыі ёсць перыяд у некалькі стагоддзяў, калі яна была вельмі ваяўнічай краінай. І вельмі беднай пры гэтым. Гібель швейцарскага корпуса арміі Напалеона на Бярэзіне прымусіла швейцарцаў канчаткова змяніць «вектар» на прыхільнасць міру і нейтралітэту. І гэта ў выніку стала вялікай перамогай для краіны: іх ВУП, скажам, прыкладна на парадак пераўзыходзіць наш. Адпаведна, швейцарцы — адна з самых багатых нацый у свеце.
Наогул жа ў выніку войнаў часцей за ўсё сітуацыя пагаршаецца для большасці праціўнікаў, уключаючы фармальных пераможцаў. Наступствы вайны шмат у чым вызначаюцца яе характарам і ў большасці выпадкаў не ўкладваюцца ў рамкі спартыўных азначэнняў кшталту «перамога», «паражэнне» або «нічыя». Гэта вельмі эфемерныя паняцці.
Вайна, якую разгарнула Расія на тэрыторыі Украіны, больш за ўсё падобная да Першай сусветнай. Пра гэта сказаў гісторык, публіцыст, прафесар УКУ Яраслаў Грыцак у рамках праекта «Кава з Трашчынскім». «Кожнае параўнанне не ідэальнае, але мы бяром тое, што можа больш растлумачыць сучаснасць. Першая сусветная вайна мела вялікія бітвы, франты былі вельмі працяглыя, страты велізарныя, але лінія фронту амаль не рухалася», — тлумачыць гісторык. Паводле яго, калі былі прарывы, яны нічога не каштавалі. «Вайна была зацяжная і пазіцыйная — тое, што правільна сказаў Залужны. Такая вайна заканчваецца не ваенным паражэннем аднаго боку, як у Другой сусветнай, а калапсам аднаго з бакоў, які першым не вытрымлівае цяжар вайны. Я думаю, у значнай ступені разлік Пуціна пабудаваны на калапсе Украіны ці Захаду», — мяркуе Грыцак.
Згодны, цяперашняя «СВА» менавіта да Першай сусветнай і падобная па характары. Прычым падчас Першай сусветнай самай першай такі не вытрымала Расія. Калапс наступіў больш чым за год да заканчэння вайны. Самае слабае звяно на той момант.
Наогул жа бываюць войны на знішчэнне, такія яшчэ часам называюць «бліцкрыгамі», і войны на знясіленне. Першая сусветная вайна сапраўды была вайной на знясіленне. У такіх войнах перамагае не «геній палкаводца», а «геній фінансіста» — не выдрэсіраваныя арміі, а больш развітыя эканомікі. Войны на знішчэнне іншы раз прыводзяць да міру, выгаднага для пераможцы (франка-пруская, аўстра-пруская вайна). Тыя, што прайгравалі, неслі страты, але захоўваліся як дзяржавы, і нават улада змянялася не ва ўсіх выпадках. Войны на знясіленне практычна заўсёды прыводзяць да змены ранейшага дзяржаўнага ладу тых, што прайгралі, а часам і да знікнення самой такой дзяржавы. Так па выніках Першай сусветнай вайны зніклі Расійская імперыя, затым Германская, Аўстра-Венгерская, Асманская. Выгады не атрымаў ніхто, хоць на абломках старых імперый з'явілася шмат новых дзяржаў.
Некалькі тыпаў вайны могуць спалучацца ў ходзе адной «вялікай вайны» (серыі войнаў). Напалеон, напрыклад, правёў серыю паспяховых кампаній на знішчэнне кантынентальных армій. Пры гэтым усе, хто прайграў, захаваліся як дзяржавы, і нават цары з каралямі ў большасці сваёй не памяняліся. Паралельна Напалеон вёў вайну на знясіленне з Брытанскай імперыяй, якой у выніку прайграў. У вайне на знясіленне ваенныя поспехі не з'яўляюцца вызначальнымі, а эканоміка Францыі была слабейшай. У выніку паражэння Напалеона дзяржаўны лад у Францыі змяніўся.
Адносна «дачакацца калапсу Захаду». Так, гэтак войны на знясіленне і заканчваюцца, і ёсць верагоднасць, што такія спадзевы прысутнічаюць. Пуцін запэўніў Сі Цзіньпіна, што мае намер ваяваць з Украінай яшчэ не менш за пяць гадоў, і заявіў, што пераможа. Але, цалкам верагодна, што «вялікі геапалітык» моцна перабольшвае свае магчымасці. Расійскае кіраўніцтва першапачаткова значна перабольшыла моц свайго войска, цяпер жа моцна перабольшвае ўстойлівасць сваёй эканомікі.
А яна, эканоміка, у іх на ўзроўні парадку сотай часткі ад сукупнай эканомікі ЗША, Канады, Еўропы, Японіі, Паўднёвай Карэі і іншых. Вядома, на баку Пуціна Беларусь, Іран, Паўночная Карэя, Буркіна-Фасо і хто там яшчэ. Але гэтага мала, каб знясіліць Захад і дачакацца яго калапсу. Хоць па расТБ гэта падаецца як факт, што практычна ўжо адбыўся. Але гэта пакуль мары. Бо для таго, каб не прайграць Расіі, заходнім краінам дастаткова выдаткаваць 1% сваіх даходаў. Расіі між тым трэба выдаткаваць усе 100%. Але гэта немагчыма, тады не толькі з яйкамі будзе дэфіцыт, тады і «125 блакадных грам» стануць праблемай. Нешта мне падказвае, што вяртання да ранейшых «заможных» часоў не будзе нават пасля заканчэння «СВА».
Увогуле, ёсць нюансы, але шанцаў выклікаць «калапс Захаду» практычна няма. Не праглядаецца пакуль там такіх фундаментальных праблем. Нават Орбан — недастаткова сур'ёзная праблема. Дзясятак мільярдаў далі, ён і галасуе як «просяць». «Калі праблему можна вырашыць за грошы, гэта не праблема, а выдаткі», — абвяшчае яўрэйская мудрасць. У Захаду пакуль няма праблем, якія не вырашаліся б грашыма. Нават галоўную праблему, на якую вельмі спадзяваліся ў Расіі — з нафтай і газам — там вырашылі. У Расіі ўсё часцей праглядаюцца праблемы, а не выдаткі. І чым далей — тым больш выразна.
Так, вядома, яшчэ ёсць Кітай або Індыя. Яны з Расіяй сапраўды супрацоўнічаюць, але яны хутчэй «нейтралы», а не хаўруснікі. А супрацоўнічаюць у сваіх інтарэсах, якія працуюць хутчэй на знясіленне Расіі, а не на яе ўзмацненне. Асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве.
А «СВА» на знясіленне, вядома, скончыцца. І ў мяне складваецца цалкам пэўнае меркаванне, хто зламаецца першым. Пры гэтым пяць гадоў для гэтага наўрад ці спатрэбіцца. Хопіць і трох.