«Немагчыма спыніць ідэю, час якой настаў». Партыя БНФ выказалася з нагоды ліквідацыі ў Беларусі
У Вярхоўным судзе Беларусі на 14 жніўня 2023 года прызначаная да разгляду справа аб ліквідацыі Партыі БНФ. Яна не падавала дакументы аб перарэгістрацыі, бо ў сённяшняй Беларусі немагчымае існаванне апазіцыйных партый увогуле.
У заяве Партыі БНФ адзначаецца, што згодна з абноўленым законам «Аб палітычных партыях» на партыі ад 2023 года быў ускладзены абавязак забяспечваць выкананне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам. Невыкананне гэтага прынцыпу замацавана ў законе як асобная падстава для ліквідацыі палітычных партый, таксама як і іншых грамадскіх аб’яднанняў.
Такім чынам, на заканадаўчым узроўні замацаваная норма пра немагчымасць існавання ў зарэгістраваным статусе тых аб’яднанняў, якія не падтрымліваюць цяперашні палітычны курс кіраўніцтва краіны і гуртуюць людзей на аснове іншага погляду на неабходныя для Беларусі і беларускага народу шляхі развіцця, маюць іншае бачанне беларускай будучыні і неабходнай для нацыі ўнутранай і знешняй палітыкі.
«Партыя БНФ не мела ані палітычнага права, ані юрыдычных магчымасцяў прывесці сваю ідэалогію, праграму і практычную праграмную дзейнасць у адпаведнасць з новым законам і падпарадкавацца гэтаму патрабаванню для мэты перарэгістрацыі», — канстатуецца ў заяве Партыі БНФ.
Пры гэтым, падкрэсліваецца ў заяве, у дачыненні да Партыі БНФ былі «ўжытыя шматлікія метады рэпрэсій і пераследу». У прыватнасці, старшыня партыі Рыгор Кастусёў ад красавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі, ён асуджаны на 10 гадоў зняволення па недарэчным абвінавачанні ў змове. У зняволенні знаходзяцца многія іншыя сябры партыі. Праз жорсткія ўмовы ўтрымання і адсутнасць належнай медычнай дапамогі за кратамі загінулі актывісты-фронтаўцы Вітольд Ашурак, Мікола Клімовіч, Алесь Пушкін. Шматлікія сябры Сойму, лідары рэгіянальных суполак і шараговыя актывісты БНФ былі вымушаныя пакінуць радзіму праз палітычна-матываваны пераслед.
Цэнтральная сядзіба Партыі БНФ у Мінску была апячатаная следчымі органамі ад 14 ліпеня 2021 года, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у офісах грамадскіх арганізацый.
«10 лістапада 2021 года Вярхоўны суд прыняў рашэнне ліквідаваць Грамадскае аб'яднанне БНФ «Адраджэньне». Пры гэтым статутнай мэтай Партыі БНФ ёсць ажыццяўленне Праграмы Грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне"», — гаворыцца ў заяве.
З улікам выкладзенага Партыяй БНФ было прынятае палітычнае рашэнне не падаваць дакументы на ініцыяваную ўладамі перарэгістрацыю партый.
«Партыя БНФ як палітычнае аб’яднанне з’яўляецца прадаўжальнікам традыцыі нацыянальна-дэмакратычнага руху беларускага народу, на які працавалі некалькі пакаленняў беларускіх патрыётаў. Нас цешыць, што да гэтай традыцыі за апошнія гады далучыліся шматлікія тысячы грамадзян, што ўсвядомілі ідэалы Нацыянальнага Адраджэння як свае», — адзначае ПБНФ.
«Рашэнне Вярхоўнага суду аб ліквідацыі Партыі БНФ не азначае спынення руху грамадства да прыняцця і пашырэння нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, бо немагчыма спыніць ідэю, час якой настаў» — адзначае Партыя БНФ.
Беларускі народны фронт — беларуская партыя, заснаваная ў 1993 годзе. Партыя грунтавалася на грамадскім руху Беларускі народны фронт «Адраджэньне», які быў заснаваны ў 1988 годзе і выступаў за незалежнасць Беларусі, дэмакратызацыю ўлады, адраджэнне беларускай мовы і культуры. Лідарам партыі быў Зянон Пазняк. Партыя з’яўляецца членам Міжнароднага дэмакратычнага саюза (IDU) з 2007 года.
БНФ знаходзіцца ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі.