«Нават калі Пуцін прымусіў Лукашэнку да ўступлення ў вайну, то было б глупствам цяпер пра гэта трубіць»
Ці выстаяў беларускі кіраўнік перад націскам крамлёўскага начальніка? Меркаванні аналітыкаў.
Лукашэнка адмовіў Пуціна ва ўдзеле ў вайне ва Украіне. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны. Эксперты звярнулі ўвагу, што падчас візіту Пуціна ў Мінск абодва дыктатары ўстрымаліся ад публічнага абмеркавання расійскага ўварвання ва Украіну.
— Лукашэнка выкарыстоўвае рыторыку абароны беларускіх межаў
ад Захаду і NATO, спрабуючы пазбегнуць удзелу ў расійскім уварванні ва Украіну.
Ён таксама выкарыстаў падобныя намёкі на магчымае размяшчэнне ядзернай зброі ў
Беларусі 17 лютага ў кантэксце заяўленай агрэсіі Захаду, — адзначылі аналітыкі.
Ці сапраўды Лукашэнка выстаяў перад націскам Пуціна ці гэта
толькі шырма для наступных дзеянняў? «Салідарнасць» сабрала
меркаванні аналітыкаў.
Аляксандр Фрыдман, палітолаг:
— Амерыканскі Institute for thr Study of War мяркуе, што
Лукашэнка паспяхова правёў сустрэчу з Пуціным: Расbі не ўдалося дамагчыся згоды
на непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне, а маскоўская атака з мэтай прымусіць
Мінск да далейшых інтэграцыйных саступак была адбітая.
Лукашэнка будзе выключна прыемна азнаёміцца з высновамі ISW,
а далейшыя падзеі пакажуць, ці маюць рацыю аналітыкі ў сваіх ацэнках.
Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекта «Пазірк»:
— Самае ж вострае пытанне — ці уступіць беларуская армія ў
вайну — чакана засталося вісець у паветры.
Яшчэ раз падкрэслім: магчыма, пакуль Пуцін прымае пад увагу
контраргументы Лукашэнкі: маўляў, не трэба будзіць ліха, дэстабілізаваць
сітуацыю ў Беларусі (армія не матываваная, насельніцтва катэгарычна супраць яе
ўдзелу ў вайне). Мы вас лепш прыкрыем ад натаўскіх супастатаў, дамо танкаў,
боепрыпасаў і іншага дабра.
Але нават калі Пуцін дэ-факта прымусіў Лукашэнку да прамога
ўступлення ў вайну, то было б глупствам цяпер пра гэта трубіць.
Па-першае, як кажуць ваенныя эксперты, на беларускай
тэрыторыі пакуль занадта мала сіл для новага наступу на Украіну. Каб сабраць
ўдарны кулак, трэба яшчэ два-тры месяцы. Навошта загадзя адкрываць карты? Лепш
і надалей трымаць Кіеў і Захад у недасведчанасці і напрузе. Прычым нават калі
будзе ісці відавочнае назапашванне расійскіх войскаў у Беларусі, удзел яе
войска ў меркаваным новым наступе з поўначы будзе заставацца пад пытаннем да
апошняга моманту.
Па-другое, Лукашэнка і палітычна, і псіхалагічна нявыгадна
апрыёры заяўляць аб прынцыповым рашэнні стаць суагрэсарам па поўнай праграме.
Гэта адразу выклікала б фурор і супрацьдзеянне — і ў Кіеве, і ў заходніх
сталіцах, і ўнутры Беларусі, і ў апазіцыйных штабах.
Куды больш выгадна, калі ўжо няма куды будзе дзявацца,
выкарыстоўваць нейкую неспадзяванку казус бэлі (справакаваць ці ўвогуле выдумаць яго —
справа тэхнікі ў патрэбны момант). Маўляў, мы не хацелі, але нас вымусілі,
зараз пакажам карты, адкуль на Беларусь зноў рыхтаваўся напад.
Увогуле, адказ на гэтае павіслае ў паветры пытанне мы
даведаемся толькі па факце. А пакуль факт у тым, што заклятыя саюзнікі
працягваюць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Прычым гульні
бесперспектыўнай ў гістарычным плане — два жорсткія, тэхналагічна адсталыя рэжымы супраць усяго перадавога дэмакратычнага свету. Але наламаць дроў у гэтай
авантуры яны могуць яшчэ нямала.
Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:
— Часам не трэба будаваць ніякіх канспіралагічных
тэорый, трэба проста ўважліва слухаць, што яны кажуць.
Пуцін: «У Расіі няма зацікаўленасці кагосьці
паглынаць. Проста няма мэтазгоднасці ў гэтым».
Лукашэнка: «Мы не ў стане самі забяспечыць і абараніць сваю
незалежнасць. Навошта нас паглынаць? Мы ва ўсім ідзем насустрач Расіі, па любых
пытаннях».
Ну вось сапраўды ўсё даволі ясная, лагічна і празрыста.
Станіслаў Бялкоўскі, палітолаг:
— Основный сэнс заявы Пуціна па выніках цяперашніх
перамоваў у Мінску: калі РФ будзе наносіць тактычны ядзерны ўдар, то з
тэрыторыі і сіламі РБ, каб РБ нікуды ў вырашальны момант не адкруцілася.
Галоўны сэнс заявы Лукашэнкі па выніках тых жа перамоваў: ёсць тэрмін «суагрэсія», гэта практычна тое ж, што «сузалежнасць».