Начныя абстрэлы Украіны: Мікалаеў, Харкаў, Славянск, Нікапаль

156-ты дзень вайны Расіі ва Украіне пачаўся з начных абстрэлаў украінскіх гарадоў. У выніку пападання ракет ёсць ахвяры.

Начны абстрэл Нікапаля. Фота: t.me/dnipropetrovskaODA

Начны абстрэл Нікапаля. Фота: t.me/dnipropetrovskaODA


Расія працягвае абстрэльваць украінскія гарады і вёскі. У ноч з 29-га на 30-е ліпеня быў абстраляны Мікалаеў, паведамляе старшыня Мікалаеўскай АВА Віталь Кім. Ёсць ахвяры:
«Уначы, 30 ліпеня, пасля 01:00 быў абстраляны адзін са спальных раёнаў горада. Папярэдне вядома, што адзін чалавек загінуў, шасцёра атрымалі раненні. Па выніках абстрэлу значныя пашкоджанні атрымалі шматпавярховікі».
Двойчы за ноч расійцы абстрэльвалі Харкаў. Ёсць прамое пападанне ў будынак навучальнай установы, там зараз ліквідуюць пажар. Інфармацыі пра ахвяр пакуль няма.
Пад ракетны ўдар трапіў і Славянск. Паведамляецца, што прыцэльны агонь вёўся па аўтавакзале, былі пашкоджаныя таксама суседнія будынкі. Ахвяр і параненых няма.
Некалькі разоў за ноч ракеты прыляталі ў Нікапаль. Як паведамляе старшыня Днепрапятроўскай АВА, па горадзе і бліжэйшых мясцовасцях было выпушчана каля 80 снарадаў. Пашкоджаныя прыватныя дамы, каля тысячы людзей засталіся без святла. На шчасце, з людзей ніхто не пацярпеў.
На Луганскім кірунку ўкраінскія войскі спынілі выведвальную групу расійцаў, паведаміў кіраўнік Луганскай АВА Леанід Гайдай. Паводле яго слоў, расейцы адышлі на пяці кірунках, дзе рабілі спробы прарваць абарону ўкраінцаў. Зрэшты, ён падкрэсліў, што акупанты працягваюць знішчаць населеныя пункты ствольнай і рэактыўнай артылерыяй.