Мілінкевіч: Калі ўлада адчуе небяспеку, рэакцыя будзе жорсткай

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў «Радыё Рацыі», ці будзе Еўропа «перавыхоўваць» беларускую ўладу, а таксама пра барацьбу ўнутры самой улады ў Беларусі.

0620_hdz_bychki_premia_10_mg5d0.jpg


Аляксандр Мілінкевіч: Я шчыра думаю, што пытанне стаіць не ў «перавыхаванні», а ў тым, каб скіраваць афіцыйны Менск у пэўным накірунку. І гэты накірунак — паступовая дэмакратызацыя і рэформы. А «перавыхаваць» вельмі складана, таму што не з усіх савецкіх людзей удаецца зрабіць еўрапейцаў.
РР: Ці зменіцца нешта ў беларуска-еўрапейскіх дачыненнях пасля таго, як у Менску прайшла Парламенцкая Асамблея АБСЕ?
Аляксандр Мілінкевіч: Не будзем перабольшваць — Парламенцкая Асамблея АБСЕ не гуляе вялікай ролі ў Еўропе, хаця і вельмі важная падзея, калі ў будучым мы хочам правядзення ў краіне празрыстых выбараў. Але ўсё ж-такі сёння Еўропа пры такой агрэсіўнай палітыцы Расеі настроена на тое, каб змагацца за незалежнасць Беларусі, за тое, каб гэта была самастойная краіна. У такой сітуацыі дэмакратыя несумненна адыходзіць на другі план, хаця гэта таксама важна. Але самае галоўнае — каб Беларусь інтэгравалася ў еўрапейскую прастору эканамічна, палітычна і гэдак далей. Пакуль што нейкія крокі ў гэтым накірунку робяцца. Але ўсё можа скончыцца ў адзін момант, калі ізноў распачнуцца рэпрэсіі.
РР: Рэпрэсіі захаваюцца ці сітуацыя з правамі чалавека палепшыцца?
Аляксандр Мілінкевіч: Усё будзе залежыць ад сітуацыі. Калі ўлада адчуе пагрозу, як гэта было ў сакавіку, то, безумоўна, рэакцыя з яе боку будзе жорсткая. Але ж улада таксама неаднародная. Мы ж разумеем, што там ёсць і тыя, каму бліжэй еўрапейскія каштоўнасці, і тыя, хто абсалютна абыякавы да гэтых пытанняў, каму хочацца быць бліжэй да Масквы. Таму барацьба ідзе і ў самой уладзе.