Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў вайне. І назваў вайну «спецаперацыяй»
Аляксандр Лукашэнка на чарговай нарадзе са сваімі сілавікамі ўпершыню публічна заявіў, што Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам вайны ва Украіне. Пры гэтым многія заўважылі, што расійскую агрэсію ў суседняй краіне ён цяпер вайной не называе — выкарыстоўвае расійскі тэрмін «спецаперацыя».
«Што
тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы
ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы
нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем сваіх абавязацельстваў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўная прапаганда.
Ён зноў паўтарыў наратывы пра тое, што Беларусі трэба «прыкраць спіну» расійцам, бо магчымы ўдар з боку краін НАТА — Польшчы, Літвы і Латвіі.
«Вось наш удзел», — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён паўтарыў, што «ў Беларусі няма неабходнасці аб'яўляць мабілізацыю».
Адзначым, што з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь удзельнічае ў вайне на баку Расіі з першага дня поўнамаштабнага ўварвання. Бо напад на Украіну і рэгулярныя абстрэлы яе гарадоў армія РФ здзяйсняе ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.