Літва спыняе з Беларуссю дамову, што забяспечвала бесперабойны паток транспарту праз мяжу
Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы. Прычыны спынення дамовы не пазначаныя, піша Памежны камітэт Беларусі.
Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу
Памежны камітэт Беларусі адзначае, што, паводле паведамлення літоўскага боку, Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі ў аднабаковым парадку спыняе ўзаемадзеянне з мытнымі і памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу і павелічэнні прапускной здольнасці аўтадарожных пунктаў пропуску.
Супрацоўніцтва Літвы і Беларусі ў гэтай галіне ажыццяўлялася на падставе дакумента, падпісанага бакамі 4 лістапада 2019 года.
Прычыны спынення ўзаемадзеяння ў паведамленні не пазначаныя.
Нагадаем, у пятніцу, 10 лютага, Польшча закрыла пункт пропуска ў Баброўніках (Бераставіца — назва з беларускага боку). Афіцыйна у якасці прычыны закрыцця былі пазначаны «пытанні нацыянальнай бяспекі». Пра закрыццё пераходу міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі сказаў: «З-за важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць … з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім пагранпераходзе ў Баброўніках». Адметна, што на такі крок Польшча пайшла пасля прысуду журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Андрэю Пачобуту.
А ўчора, 15 лютага, як пісаў НЧ, Літва паведаміла, што закрывае рух цягнікоў праз чыгуначны памежны пераход «Стасілас — Беняконі» з 16 лютага. Цяпер грузавыя цягнікі накіроўваюцца праз больш буйны памежны пераход «Гудагай — Кяна». Такая мера звязана з тым, што на пераходзе «Стасілас» не ўстаноўлены рэнтгенаўскі комплекс для агляду цягнікоў, што дазваляе правозіць кантрабанду — найперш цыгарэты — у з тэрыторыі Беларусі.