Азбука паліталогіі: Краевугольны камень з прыметнікамі

Калі б бацька рэгулярна глядзеў беларускае тэлебачанне, то пытанне малечы-сына «Што такое добра і  што такое дрэнна?» у геапалітыцы не заспела б яго знянацку. Такое пытанне для абазнанага бацькі — гэта як спытаць пра тое, колькі будзе двойчы два.

fota_novy_czas__1__logo.jpg

Аднапалярны свет на чале з англасаксамі — гэта не проста дрэнна, а надзвычай кепска і нават жахліва. Гэта прамая пагроза незалежнасці і суверэнітэту. 

Шматпалярны свет — гэта добра. Чым добра? Ну хаця б ужо тым, што ніхто табе не спрабуе навязваць так званыя «ліберальныя каштоўнасці» і заклікаць да адказу за парушэнне так званых «правоў чалавека». А гэта ў наш неспакойны час дарагога вартае.

Здавалася б, абмяркоўваць тут няма чаго. Аднак не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш. У выступленні дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі РБ Аляксандра Вальфовіча на сустрэчы з калектывам ТАА СП «Санта Брэмар» у Брэсце чытаем: «Сёння на фоне станаўлення шматпалярнага свету, барацьбы паміж Захадам і Усходам Беларусь апынулася ў эпіцэнтры палітычных падзей. Супраць нашай краіны развязана самая сапраўдная гібрыдная вайна. У розных формах яе праяў — у палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай».

Гэта што ж атрымліваецца? Выходзіць, праблемы, з якімі апошнія гады сутыкаецца Рэспубліка Беларусь, спароджаны станаўленнем шматпалярнага свету? Вось табе, бабуля, і Юр'еў дзень!

І як цяпер пасля гэтага разважаць пра інтэграцыю над усімі інтэграцыямі?! І дзе знайсці слухачоў, здольных ацаніць вартасць Беларусі ў ролі донара еўрапейскай стабільнасці?

А як добра ўсё пачыналася! Прычым пачыналася роўна дзесяць гадоў таму, калі краіны — удзельніцы Адзінай эканамічнай прасторы — намерыліся прапанаваць Еўрапейскаму Саюзу стварыць адзіную транзітную прастору ад Лісабона да Уладзівастока.

Ініцыятыва была не з пальца высмактана і не са столі ўзята. Вы толькі паслухайце міністра па мытным супрацоўніцтве Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзіміра Гошына: «Цяпер да гэтага саспелі ўжо ўсе аб'ектыўныя перадумовы. І спадзяюся, што праз пару гадоў нам не трэба будзе пераафармляць ніякія дакументы пры пастаўцы тавару як з Еўропы ў наш бок, так і ад нас у Еўропу, гэта значыць, ён будзе ісці па адзіным транзітным дакуменце».

Ну, чым вам не формула шчасця! З Еўропы да нас і ад нас у Еўропу па адзіным транзітным дакуменце! Без паперкі ты — казюрка, а з паперкай — чалавек! А да якіх вышынь здольны дабрацца ўладальнік адзінага транзітнага дакумента?!

Абястлушчаная Еўропа

Ад Лісабона да Уладзівастока з адзінай эканамічнай прасторай не выгарала. Па чыёй віне? Для пошуку вінаватага ні да варажбітак, ні да астролагаў хадзіць неабавязкова. Нездарма ж у наш час існуюць палітолагі. Расіянін Сяргей Міхееў — далёка не апошні ў іх шэрагах. Яму і дадзім слова:

«Амерыканцы перашкаджалі магчымаму Еўразійскаму аб'яднанню паміж Расіяй і Еўропай. Я не маю на ўвазе аб'яднанне дзяржаў. Але пасля распаду СССР магла скласціся карціна, калі Расія і еўрапейскія дзяржавы так ці інакш супрацоўнічалі б. Яны маглі мець гарантыі па бяспецы і эканамічную выгаду. Гэта было б цалкам магчыма, калі б не пашырэнне NАТO».

На думку масцітага палітолага, для амерыканцаў такая канцэпцыя падобная да смерці. Мяркуйце самі: «Без Еўропы Амерыка ператворыцца назад у рэгіянальную дзяржаву. Амерыканцы гэта зразумелі, і пачалася барацьба, каб Еўропа не сплыла кудысьці ў іншы бок. І я разглядаю канфлікт ва Украіне менавіта ў гэтым кантэксце. Ім патрэбна Еўропа, яны вельмі баяліся яе страціць. Цяпер амерыканцы яе прывязалі да сябе надоўга і надзейна. Разам з тым яны абястлушчваюць Еўропу і заганяюць яе ў эканамічны крызіс».

Галоўнае — эканоміка. Ёсць эканоміка, усё астатняе прыкладзецца. Але амерыканцы, калі хто не зразумеў, абястлушчваючы Еўропу, аслабляюць свайго галоўнага саюзніка. Тым самым яны спрыяюць канчатковай дэградацыі заходняга полюса. Вось ужо пашанцавала дык пашанцавала. Дзякуй Дзядзьку Сэму!

Што тычыцца інтэграцыі над усімі інтэграцыямі — ад Лісабона да Уладзівастока, то жылі без яе трыццаць гадоў і яшчэ трыццаць разоў па трыццаць пражывём. Дый які сэнс інтэгравацца з Еўропай пад амерыканскім каўпаком? Не смяшыце маю аўтаматычную міжпланетную станцыю «Месяц-25».

Суверэнная — і такім чынам нязменная

Чым добры шматпалярны свет для заснавальнікаў Саюзнай Дзяржавы? У першую чаргу, магчымасцю акукліцца. Гэтаму спрыяе і рэнтная прырода эканомікі. Сыравіна не смярдзіць, а ўкладзеная ў яе здабычу капейка прыносіць долар, які быў, ёсць і яшчэ доўга будзе заставацца свабодна канвертоўнай валютай — не параўнаць з юанем, рублём і рупіяй.

На тэрыторыях, якія акукліліся, фарміруюцца асаблівыя ўяўленні аб дэмакратыі. Суверэнная — адна з іх. Вось як яе своеасаблівасць сфармуляваў у пачатку нулявых ідэолаг Крамля Уладзіслаў Суркоў:«Задача Пуціна — стварэнне такой сістэмы, у рамках якой рускі народ сам зможа вырашаць пытанне пра ўладу. Рашэнне гэтага пытання можа і не ўключаць у сябе змяняльнасць улады любой цаной кожныя чатыры гады або ратацыю партый ва ўладзе... Але прынцыпова важна, каб у вырашэнні гэтага пытання ўдзельнічала і згаджалася з яго вынікам большасць грамадзян. У гэтым формула дэмакратычнага суверэнітэту».

Нязменнасць улады — краевугольны элемент суверэннай дэмакратыі, дый не толькі суверэннай. У шэрагах так званых «дэмакратый з прыметнікамі» (дэлегатыўная дэмакратыя, неліберальная дэмакратыя і ў падобных да іх) без яго не абыходзіцца ні адна. Ці не таму ў аднапалярнага свету праціўнікаў больш, чым прыхільнікаў?