Канада ўвяла санкцыі супраць Тапузідзіса, Баскіна, Шакуціна і Пефціева
МЗС Канады апублікавала спіс санкцый, анансаваны ў аўторак. Яны ўключаюць абмежаванні ў дачыненні да дзевяці беларускіх грамадзян.
У санкцыйным спісе апынуліся намеснікі міністра абароны Андрэй Жук, Андрэй Бурдыка і Сяргей Сіманенка, піша REFORM.by.
Кампанію ім склалі вядомыя бізнесмены. Некаторыя апынуліся пад санкцыямі ўпершыню.
У спіс увайшлі:
- Аляксандр Шакуцін («Амкадор»),
- Валянцін Байко (чалец Савета Рэспублікі, «Контэ СПА»),
- Яўген Баскін («Сервалюкс»),
- Павел Тапузідзіс («Карона», «Тытунь-Інвест»),
- Уладзімір Пефціеў,
- Анатоль Тарнаўскі.
Уладзімір Пефціеў трапляе пад санкцыі ўжо не першы раз. Раней яго звязвалі з гандлем зброяй праз «Белтэхэкспарт». Таксама дзесяць гадоў таму пад санкцыямі быў Анатоль Тарнаўскі.
Падсанкцыйным асобам забараняецца ўезд у краіну, іх актывы замарожваюцца. Таксама канадскім асобам забараняецца аказваць ім садзейнічанне, весці гандаль, перадаваць тэхналогіі.
Адначасова Канада ўвяла санкцыі і супраць дзевяці расійскіх бізнесменаў і чыноўнікаў. Пад абмежаванні трапілі Уладзімір Патанін, Віктар Вексельберг, Кірыў Шамалаў, Ігар Касцюкоў, Дзмітрый і Галіна Пумпянскія, Вадзім Машковіч, Леанід Міхельсон і Аляксандр Вінакураў. Акрамя таго, новым рашэннем забаронена канадскім кампаніямі страхаваць і перастрахоўваць расійскія самалёты.