Як жывуць нашчадкі дыктатараў сёньня?
Ці адказваюць дзеці за бацькоў? А ўнукі? А калі продак дыктатар ці адказны за масавыя забойствы, ці дазваляе гэта цкаваць іх нашчадкаў аж да якога-кольвек калена? Паглядзелі, чым і як сёньня жывуць дзеці і ўнукі некаторых адыёзных асобаў ХХ ст.
Бэніта Мусаліні
Нашчадкамі дыктатара Італіі зьяўляюцца на сёньня шматлікія асобы, зьвернем увагу на дваіх унучак.
Алесандра Мусаліні ўжо даўно ў палітычнай эліце Італіі. Яна абіралася ў парлямэнт Італіі, а ў 2022 годзе трэці раз была абраная ў эўрапарлямэнт. Алесандра зьяўляецца дачкой Рамана Мусаліні і Марыі Шыкалонэ, сястрой легендарнай акторкі Сафі Ларэн.
Цёця верагодна спрычынілася да пачатковага этапу яе кар’еры, які прыйшоўся на кіно. Напрыканцы 70-х і пачатку 80-х унучка Бэніта Мусаліні здымалася ў кіно, а таксама спрабавала запісваць музычныя альбомы. У паўзах паміж гэтай дзейнасьцю пасьпявала зрабіць аголеныя фотасэсіі для Playboy.
У 1990 годзе Алесандра вырашыла завязаць з забавамі і ахінулася ў дарослы сьвет палітыкі. Ужо ў 1992 годзе яе ўпершыню абралі ў італьянскі парлямэнт ад партыі “Італьянскі сацыяльны рух – Нацыянальныя правыя”. Ужо ў 1994 Алесандра Мусаліні выйшла ў другі тур выбараў мэра Неапаля. У хуткім часе згаданая партыя скончыла сваё існаваньне, і на наступных выбарах у 1996 годзе ішла ў складзе новай партыі Нацыянальны Альянс у зьвязку з партыяй “Наперад Італія” Сільвіё Бэрлусконі.
На працягу кар’еры Алесандра Мусаліні зьмяніла некалькі правых партыяў, у пэўны час нават заарганізавала сваю, у 2013 годзе першы раз, а ў 2022 годзе ужо трэці яна далучылася да партыі на сёньня памерлага Бэрлусконі.
Кар’ера Алесандры была азмрочаная скандаламі. Яе разрыў з Нацыянальным Альянсам адбыўся ў лістападзе 2003 года, калі лідэр партыі Фіні паехаў у Ізраіль, дзе ён сказаў, спасылаючыся на драму Галакосту, што фашызм «быў часткай абсалютнага зла дваццатага стагодзьдзя», пры гэтым ён прынёс прабачэньні ўраду Ізраіля за расавыя законы 1938 года. Пасьля гэтых заяваў Алесандра Мусаліні праз тры дні пакінула Нацыянальны Альянс.
У 2015 годзе яе муж быў асуджаны за дзіцячую прастытуцыю.
Усё гэта не замінае Алесандры больш за 20 гадоў быць абранай.
Насуперак сваёй скандальнай зводнай сястры, кар’ера іншай унучкі Бэніта Мусаліні складваецца больш роўным чынам.
Ракеле Мусаліні нарадзілася тады, калі яе сястра ўва ўсю балявала і шыкавала, у 1974 годзе. З сястрой, як сьведчыць Ракеле, адносіны добрымі не склаліся.
На сёньня яна двойчы абраная ў муніцыпальную раду Рыма ад кіроўнай партыі прэм’ер-міністаркі Джорджы Мэлоні “Браты Італіі”. У 2021 годзе на выбарах яна назьбірала найбольшую колькасьць галасоў, што не прымусіла левыя медыя крычаць: “Мусаліні зноў кіруе Рымам”.
Прадстаўнікі левага фронту наракаюць на Ракеле з двух прычынаў: у яе прозьвішча Мусаліні, а таксама тое, што яна не адзначае дзень 25 красавіка (25 красавіка 1945 года быў забіты чырвонымі партызанамі Бэніта Мусаліні). Сёньня ў Італіі гэта сьвята “Дзень вызваленьня ад фашызму”.
Ня дзіўна што, не сьвяткуе, бо гэта дзень сьмерці яе роднага дзеда. Як піша публіцыст П’ера Сансанэці: “Што такое новыя каштоўнасьці сёньняшняй палітыкі — яны просяць унукаў пляваць на целы сваіх бацькоў ці дзядоў, каб быць дапушчаным да грамадзтва? Ну, але тады чаму вы злаваліся на Пал Пота?”
Сама Ракеле кажа: «У дзяцінстве я жыла не вельмі добра. Калі я пайшла ў трэнажорную залю, я рабіла гэта замаскіравана, я падпісалася прозьвішчам сваёй маці, Ракеле Пучыні. Не таму, што я саромелася ці хацела адрачыся ад свайго паходжаньня, я ганаруся тым, што зьяўляюся дачкой Рамана Мусаліні. Мой бацька быў выдатным джазмэнам і неардынарным чалавекам, якога ўсе любілі, але відавочна, што гэтае прозьвішча было прыкметным, і ён не хацеў, каб мяне адразу ж траўмавалі.
Неабходнасьць пастаянна абараняцца ад пытаньня аб фашызме я лічу сьмешнай».
Іосіф Сталін
Унучка Сталіна можа зьдзівіць адэптаў чырвонай заразы сваім вонкавым выглядам. Крыс Эванс зьяўляецца дачкой Сьвятланы Алілуевай.
Спадкаемца крывага дыктатара жыве ў капіталістычным і буржуазным горадзе Портлэнд у Злучаных Штатах Амэрыкі. Яна пабудавала жыцьцё, якое выразна адрозьніваецца ад спадчыны яе дзеда. Яна ўласьніца пасьпяховай антыкварнай крамы.
Панк замест вычварэнца-камуніста.
Сьвятлана Алілуева, адзіная дачка Сталіна, уцякла з Савецкага Саюза ў 1966 годзе і выйшла замуж за будучага бацьку Крыс Эванс, архітэктара Уільяма Уэслі Пітэрса.
«Для мяне Сталін быў адным з трох людзей, якія выйгралі Другую сусьветную вайну — Чэрчыль, Рузвэльт і ён», — сказала яна аднойчы ў інтэрвію. «Тады мама папрасіла мяне паслухаць яе. Вось тады я даведалася пра яго злачынствы».
Крыс нарадзілася Вольгай, але вырашыла зьмяніць імя.
«Вядома, мая маці ненавідзіла тое, што зрабіў Сталін», — казала ўнучка Сталіна. «Але быў перыяд, калі так шмат людзей лічылі яе адказнай за яго дзеяньні, што яна на самой справе пачала думаць, што, магчыма, гэта праўда. Гэта так несправядліва».
Франсіска Франка
У гішпанскага правадыра была адна дачка і сямёра ўнукаў. Сярод гэтых унукаў адна асоба нязьменна прыцягвае ўвагу грамадзкасьці — Кармэн Марцінэс-Бардыу, якая носіць ня хітрую мянушку «ўнучка Франка».
Кармэн адважна заваявала рэпутацыю як сьвецкая ільвіца і тэлевядоўца папулярных рэаліці-шоу.
Кармэн і яе браты і сёстры ўзялі на сябе ролю абаронцаў іміджу свайго дзеда, што часта ставіць іх у супярэчнасьці з паловай Гішпаніі, якая з пагардай ставіцца да дыктатуры Франка.
Да канца 2022 года Кармэн мела тытул княгіні, які ў яе забраў сацыялістычны ўрад Гішпаніі паводле новага “Закона аб дэмакратычнай памяці”. Пасьля свайго першага мужа Альфонса дэ Бурбона іх дзеці карыстаюцца тытулам бацькі — герцаг.
Пал Пот
Пра дачку камбаджыйскага дыктатара вядома няшмат. Адзін з рэдкіх выпадкаў, калі яна трапіла ў медыя быў у 2014 годзе. Тады Сар Патчата апынулася ў цэнтры ўвагі падчас свайго вясельля, памяркоўнасьць якога рэзка кантраставала з філязофіяй жорсткага рэжыму яе бацькі, кіраўніка чырвоных кхмераў. Гэтая элегантная цырымонія адбылася ў былым апірышчы чырвоных кхмераў у Малаі, недалёка ад камбаджыйска-тайскай мяжы.
З тых часоў Сар Патчата, як прывід мінулай эпохі, поўнай рэкаў крыві, зноў сышла ў невядомасьць.
У ценю чалавека, які калісьці вызначаў лёс Камбоджы, яго нашчадкі абралі іншы шлях: шлях адасобленасьці і цішыні.
Мао Цзэдун
Мао Сіньюй, унук Мао Цзэдуна, зьяўляецца знакамітым камуністам у Кітаі сёньня.
Мао Цзэдун асабіста даў свайму ўнуку імя Мао Сіньюй. Імя азначае цудоўнае дабраславеньне стварыць новы сьвет. Калісьці Мао Цзэдун напісаў наступны верш: «Разбурэньне Сусьвету не скончыцца, але той, хто яго разбурыць, Ён будзе там, без сумневу! Мы вельмі чакаем яго зьнішчэньня, зьнішчэньня старога сусьвету, каб стварыць новы сусьвет».
Ён мае званьне генэрал-маёра Народна-вызваленчай арміі Кітая, самы малады, з тых, хто калі-небудзь дасягнуў такога статусу. Яму было 35 гадоў на той час. Але акрамя ваенных заняткаў, ён выконвае яшчэ больш інтрыгоўную ролю — навукоўца і захавальніка спадчыны свайго дзеда. З глыбокай прыхільнасьцю да сваіх каранёў, ён прысьвяціў сваё жыцьцё вывучэньню і прапагандзе думак Мао Цзэдуна.
У адрозьненьне ад некаторых унукаў вядомых правадыроў, Мао Сіньюй не цураецца свайго паходжаньня. Затое ён актыўна ўзаемадзейнічае з грамадзкасьцю, нават вядзе блёг, дзе дзеліцца сваімі думкамі па розных пытаньнях.
Першыя 11 гадоў свайго жыцьця ён правёў удалечыні ад бацькоў, якія пражывалі ў чырвоным СССР. Бацька служыў расейска — кітайскім перакладчыкам у Камуністычнай партыі Кітая, пакуль не стаў інвалідам праз псыхічнае захворваньне, хутчэй за ўсё, шызафрэніі.
У 2010 годзе, калі журналісты спыталі аб яго поглядах на тагачасныя высокія кошты на жыльлё і іншыя праблемы са сродкамі для існаваньня, ён шчыра прызнаўся, што «я не вельмі знаёмы з гэтым аспектам».
Унук Мао Цзэдуна напісаў прынамсі тры песьні. Адна зь іх, выдадзеная ў 1995 годзе мае назву «Тут хадзіў дзед».
Аўгуста Піначэт
Аўгуста Піначэт Маліна, унук былога дыктатара Чылі, генэрала Аўгуста Піначэта. Былы капітан чылійскай арміі Піначэт Маліна быў выгнаны з арміі пасьля імправізаванай прамовы, якую ён вымавіў на пахаваньні свайго дзеда ў Санцьяга ў 2006 годзе. У ёй ён усхваляў кампанію свайго дзеда па «разгроме марксізму» ў Чылі.
У 2015 годзе адбыліся дзьве значныя падзеі ў жыцьці ўнука дыктатара. Яго арыштавалі за ўжаваньне какаіну ў публічным месцы. А таксама Аўгуста Піначэт Маліна заявіў аб стварэньні новай партыі, якая павінна аб’яднаць прыхільнікаў яго дзеда.
Нягледзячы на тое, што новая партыя прызнае, што вайскоўцы жорстка абыходзіліся з грамадзянамі, партыя Піначэта ніколі не кажа пра дыктатуру, а пра «ваенны ўрад». Пасьля якога дзясяткі афіцэраў Піначэта былі збмешчаныя за краты за забойствы і зьнікненьне каля 3200 чылійцаў за 17 гадоў праўленьня Піначэта.
«Гэта партыя, якой наканавана быць меншасьцю і, перш за ўсё, фашысцкай», — сказаў чылійскі сэнатар Алехандра Навара ў інтэрвію.
Садам Хусэйн
Рагад Хусэйн, старэйшая дачка іракскага дыктатара. На сёньня Рагад жыве ў Ярданіі з 2003 года, дзе яна атрымала прытулак ад караля Абдалы II пасьля ўварваньня ЗША ў Ірак. Аднак яна не сышла ў нябыт, а выкарыстала сваё становішча, каб адстойваць імідж бацькі і нейкім чынам падтрымліваць уплыў сваёй сям'і.
Яна выйшла замуж у 1983 годзе за Хусэйна Камэля аль-Маджыда, яе стрыечнага брата, які пазьней уцёк у 1995 годзе і падзяліўся дзяржаўнымі таямніцамі зброі з заходнімі спэцслужбамі. Хусэйн Камэль быў забіты ў 1996 годзе.
Нягледзячы на абвінавачаньні з боку новага дэмактратычнага іракскага ўрада ў нібыта падтрымцы паўстанцаў у 2006 годзе, яна ўвесь час кідала выклік крытыкам. Пасьля свайго выгнаньня яна ўвесь час выступае наконт іракскіх справаў. У лютым 2021 года яна зьявілася ў тэлеінтэрвію. Рагад Хусэйн выказала сваю гатоўнасьць у рэшце вярнуцца ў Ірак і граць палітычную ролю. Гэта стварыла напружанасьць у рэгіёне і спрэчкі сярод грамадзкай думкі ў Іраку.
Дачка Садама Хусэйна значыцца ў сьпісе асобаў, якіх найбольш шукаюць у Іраку.
Фердынанд Маркас
Імі і Фердынанд «Бонгбонг» Маркас-малодшы, яго двое старэйшых дзяцей, працягваюць несьці факел палітычнай дынастыі сваёй сям'і. Нашчадкі філіпінскага дыктатара някепска ўладкаваліся.
Дачка Імі была губэрнатарам адной з правінцый Філіпінаў у 2010-2019 гадах, а на сёньня зьяўляецца сэнатарам. Яе зьвязваюць са скрадзеным багацьцем яе бацькі, якое ён здабыў падчас свайго кіраваньня. Імі ідэнтэфікуюць як бенэфіцыяра розных афшорных холдынгаў Маркаса, як выяўлена ў Панамскіх дакумэнтах.
Напярэдадні выбараў у сэнат у 2019 годзе Імі Маркас сцьвярджала ў шматлікіх месцах, у тым ліку ў агітацыйнай улётцы і на сваім афіцыйным сайце, што яна скончыла знакаміты ўнівэрсітэт Прынстан. Гэта прымусіла Прынстан выпусьціць адмысловую заяву, паводле якой выявілася хлусьня дачкі дыктатара. Нягледзячы на гэта, яна пасьпяхова заняла пасаду.
Сын дыктатара — Фердынанд Маркас малодшы вярнуў бацькавую спадчыну — з чэрвеня 2022 года ён новы прэзідэнт Філіпінаў. Бонгбонг займаў розныя пасады, ад губэрнатара да сенатара, і пытаньне застаецца ў тым – ці не да канца жыцьця ён сеў у мяккі фатэль прэзідэнта. Маркас абвесьціў, што будзе адначасова выконваць абавязкі міністра сельскай гаспадаркі. Як бачым, шырокага профілю чалавек.
У якасьці высновы падкрэсьлім галоўнае: не прозьвішча робіць чалавека, але ўчынкі. Будзьце пільнымі і рабіце высновы ўласнай галавой.