Ініцыятарам пятага пакета санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі выступіла Данія
Як паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў сваім «Фэйсбуку», новы санкцыйны пакет ужо на стале ў 27 міністраў Еўрасаюза.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай
«Ініцыятарам санкцый упершыню выступіла Данія (!). Раней яны ніколі гэта не рабілі. Зараз этап узгаднення, кагосьці могуць дадаць, кагосьці выключыць са спісу», — адзначыў ён.
Паводле Вячоркі, пяты пакет — адказ на міграцыйны крызіс. Яшчэ тыдзень таму планавалася адкласці санкцыі на снежань, але міністры вырашылі не чакаць. Пад санкцыі могуць трапіць «Белавія» і кампаніі, якія абслугоўваюць дастаўку мігрантаў.
Дарадца Ціханоўскай таксама нагадаў, што 8 снежня пачнуць працаваць амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалія»: «Вось гэта будзе сапраўды балюча для рэжыму».
«Віна за санкцыі ляжыць на Лукашэнку і яго бандзе. Спыніць санкцыі можна — вызваліць усіх палітвязняў, спыніць міграцыйны крызіс і пачаць дыялог з народам», — піша Вячорка.