Гардон заклікаў беларусаў не ісці вайной на Украіну
Вядомы ўкраінскі журналіст Дзмітрый Гардон у эфіры тэлеканала «Украіна 24» звярнуўся да беларусаў з заклікам не ісці супраць украінцаў, а лепш здацца, калі Лукашэнка штурхне іх на вайну.
Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон заклікаў беларусаў не ісці ваяваць супраць украінцаў.
«Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да беларусаў, якіх вельмі люблю. Гэты шматпакутны народ у мяне ў сэрцы. Дарагія беларусы, як толькі ваш звар’яцелы лідар кіне вас ваяваць з украінцамі — перайшоўшы мяжу, адразу здавайцеся. Нават не хадзіце да нас. Вам забяспечаць цудоўнае існаванне. Хто захоча стаць грамадзянамі ЕС, будзе грамадзянамі ЕС. Хто захоча ваяваць супраць Лукашэнкі — мы вам дамо зброю. Адразу здавайцеся, не ідзіце супраць украінцаў», — сказаў Дзмітрый Гардон.
У той жа час ён запэўніў, што тыя, хто прыйдзе ва Украіну з вайной, будуць знішчаныя.
«Мы выдатна ўзброеныя, у нас вялізная колькасць найноўшага заходняга ўзбраення. Мы будзем забіваць усіх, хто прыйдзе на нашу тэрыторыю з вайной. Усіх. Таму Лукашэнка няхай нават не думае. Калі толькі ён гэта зробіць, мы будзем атакаваць яго і тых, каго ён дашле, на ўсіх напрамках. У нас хопіць сіл, у нас хопіць рашучасці, у нас хопіць зброі. Наша справа правая, і мы пераможам», — падкрэсліў Гардон.
Украінскі журналіст добра ведае сітуацыю ў Беларусі. Яшчэ перад выбарамі ў 2020 годзе ён узяў вялікае інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі.
Следчы камітэт Расіі распачаў адразу ж тры крымінальныя справы супраць украінскага журналіста. Гардона абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 354 КК РФ («Публічныя заклікі да развязвання вайны»), ч. 2 пункт «б» арт. 282 КК РФ («Дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце») і ч. 2 пункт «а». арт. 207.3 КК РФ («Распаўсюджванне фэйкаў пра дзеянні арміі РФ»).