Дзіўныя «міратворцы» выглядаюць камічна — Украіна пра прапановы перамір’я ад Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў спыніць баявыя дзеянні ва Украіне «абодвум бакам» і без права перамяшчэння ваеннай тэхнікі. Украіна адказала на гэту ідэю.

Малюнак з сайта zerut.ru

Малюнак з сайта zerut.ru


Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення з пасланнем да беларускага народа і парламента прапанаваў свой, так бы мовіць, мірны план: спыніць баявыя дзеянні ва Украіне «з абодвух бакоў» — перамір'е аб'явіць без права перамяшчэння войскаў.

Магчымае контрнаступленне ўкраінскай арміі прывядзе да незваротнай эскалацыі канфлікту ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Цяпер шмат размоў пра контрнаступленне УСУ. На мой погляд, гэта вельмі небяспечна. Гэта горшае, што магчыма ў цяперашніх умовах. Таму што можа перакрэсліць усе надзеі на перамоўны працэс і прывядзе да незваротнай эскалацыі канфлікту», — заявіў ён.

Кіраўнік Беларусі прапанаваў замест гэтага спыніць баявыя дзеянні ва Украіне «з абодвух бакоў».

«Паспрабую рызыкнуць прапанаваць спыніць баявыя дзеянні. Многія цяпер, асабліва ў Расіі, могуць сказаць: мы ўжо спынялі на Данбасе — тады была іншая сітуацыя. Але з улікам гэтых умоў спыніць баявыя дзеянні, перамір'е аб'явіць без права перамяшчэння, перагрупоўкі войскаў з абодвух бакоў, без права перакідання зброі, жывой сілы і тэхнікі», — прапанаваў беларускі кіраўнік.


У Офісе ўкраінскага прэзідэнта адрэагавалі на «міратворчасць» Лукашэнкі

Спыненне агню будзе азначаць «права» Расіі застацца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта напісаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк у Twitter у пятніцу, 31 сакавіка.

«Яшчэ раз па пунктах. Любое спыненне агню будзе азначаць права РФ застацца на акупаваных тэрыторыях. Гэтага катэгарычна нельга дапусціць... Дзіўныя «міратворцы» выглядаюць камічна», — адзначыў ён.

Падаляк дадаў, што Украіна мае права перамяшчаць на сваёй тэрыторыі войскі і тэхніку так, як лічыць патрэбным.


Зрэшты, нават прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў усумніўся ў рэальнасці выканання і прапановы Лукашэнкі, і так званага «мірнага плана» Кітая. Аднак у гэтым ён традыцыйна абвінаваціў Украіну.

Паводле korrespondent.net