ДПС Украіны: Словы Лукашэнкі не адпавядаюць рэчаіснасці

Сітуацыя на ўкраінска-беларускай мяжы застаецца без зменаў. Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны не назіраюць «павелічэння тэхнікі або асабістага складу беларускіх падраздзяленняў ля нашай мяжы», паведаміў выданню «Украінская праўда» спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

«Сітуацыя на мяжы з Рэспублікай Беларусь — без зменаў. Як бачым, рыторыка Лукашэнкі таксама не мяняецца, нагнятаючы сітуацыю з рэгулярнай перыядычнасцю ва ўгоду краіне-тэрарыстцы», — сказаў Андрэй Дземчанка.

Раней Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 1», што Беларусь перакінула да мяжы з Украінай траціну сваіх войскаў.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён пайшоў на такі крок з-за таго, што Украіна не толькі «трымае паблізу граніц з Беларуссю больш за 120 тысяч ваенных», але і пачала перакідваць дадатковыя падраздзяленні:

«Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных кропках — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б, — нашых вайскоўцаў уздоўж усёй мяжы. Больш за тое, там працуюць спецслужбы, спецпадраздзяленні – “Альфа”, “Алмаз” і іншыя — найбольш падрыхтаваныя, яны сваю працу робяць».

Варта зазначыць, што Лукашэнка даў інтэрв’ю тры тыдні таму. 18 жніўня расійскія прапагандысцкія каналы паказалі гэтае інтэрв’ю.