Да Статкевіча падсаджвалі чалавека, які збіваў вязняў
16 лютага Марына Адамовіч атрымала ад Мікалая Статкевіча чарговы ліст з магілёўскай турмы. Жонка палітыка працытавала карэспандэнту “Свабоды” кавалак ліста, які тычыцца чарговай, як яна мяркуе, правакацыі супраць палітвязня.
«Першага чысла, як я зразумела, яму паспрабавалі падсадзіць новага суседа, які сам былы супрацоўнік міліцыі. І на яго там шмат скаргаў ад іншых
сукамернікаў, што ён іх збіваў. «Але чалавек той тут доўга не затрымаўся, хутка разабраўся ў сітуацыі, папрасіў прабачэння за памылку і стаў
прасіцца выйсці». А самы ключавы сказ, які сапраўды мяне напружыў, гэта вось такі: «Я не пісаў бы табе пра гэты выпадак, бо я ж
не пра ўсе такія выпадкі паведамляю. Але мне тут ужо сказалі, што паводле гэтага выпадку, як начальнік выйдзе з адпачынку, будуць разбіральніцтвы. Калі мяне прызнаюць
вінаватым ва “ўціску” яшчэ і на гэтага чалавека, то з улікам яго памераў і спецпадрыхтоўкі, я, мабыць, ужо монстр
нейкі».
Марына Адамовіч нагадала, што раней да Мікалая Статкевіча ў камеру падсаджвалі вязня, з якім узнік канфлікт, і гэта адбілася на становішчы
Статкевіча. Марына Адамовіч не выключае новых правакацый супраць яе мужа з-за таго, што ён адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра
Лукашэнкі.
«Пра сябе Мікола напісаў, што пачуваецца добра. Цяпер яму шмат ідзе лістоў, ў тым ліку адказаў на ягоныя лісты. Даслала адказ Ірына Халіп, якая паведаміла, што толькі зараз
атрымала ад яго віншаванне з Новым годам, датаванае яшчэ 23 снежня».
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх
выбараў 19 снежня 2010 года. Палітык адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, куды быў змешчаны як злосны парушальнік рэжыму.