Ці дацісне Пуцін Лукашэнку на Валааме?
Якія новыя козыры могуць быць у расійскага прэзідэнта супраць кіраўніка беларускай дзяржавы?
Кіраўнікі Расіі і Беларусі могуць правесці закрытыя перамовы на востраве Валаам на гэтым тыдні. Пра гэта Znak.com паведаміў інфармаваны суразмоўца.
Мяркуецца, што сустрэча пройдзе 11 ліпеня. Раней СМІ паведамлялі пра тое, што Лукашэнка і Пуцін павінны сустрэцца 18 ліпеня. Для чаго спатрэбілася дадатковая закрытая сустрэча двух лідараў на Валааме?
На думку філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, гэта сведчыць аб тым, што рабочыя групы, якія былі створаныя для ўзгаднення пазіцый па Саюзнай дзяржаве, так «ні да чаго і не дамовіліся».
— Або тое, пра што яны дамовіліся, ніяк не задавальняе Пуціна. Таму прэзідэнтам даводзіцца ліквідаваць недапрацоўкі міністраў замежных спраў, рабочых груп, прэм'ер-міністраў. Ну, і Расія працягвае ціснуць на беларускага прэзідэнта, не згаворлівага ў шматлікіх пытаннях. З іншага боку, Лукашэнка спрабуе праўдамі-няпраўдамі дамагчыся ад Расіі змякчэння падатковага манеўру і іншых непрыемнасцяў.
— Ці з’явіліся ў руках Пуціна новыя козыры для ціску на Лукашэнку?
— Калі б козыры з’явіліся, новых сустрэч не трэба было прызначаць. Яны былі б проста прад’яўленыя. Сілавы ціск ці ўльтыматумы, ад якіх Лукашэнка не мог бы адмовіцца, праходзілі б у цішыні, а не на такіх інтэнсіўных і частых сустрэчах.
— Якой тактыкі Лукашэнка будзе прытрымлівацца далей?
— Цяперашняя стадыя беларуска-расійскіх адносін — гэта гандаль. Хтосьці вылучае адны патрабаванні, іншы называе за іх адпаведную цану, на гэты кошт не згаджаюцца, таму патрабаванні карэктуюцца. На коне — незалежнасць і суверэнітэт Беларусі. Гэта трэба разумець і ўлічваць.
Генадзь Косараў, «Заўтра тваёй краіны», пераклад НЧ