БНФ назірае за давыбарамі, якія адбываюцца сёння

Сёння, 17 траўня, адбываюцца давыбары дэпутата мясцовага савета дэпутатаў у Калодзішчах, што пад Мінскам.

Выбарчы ўчастак у Калодзішчах

Выбарчы ўчастак у Калодзішчах

Жыхары пасёлка будуць абіраць дэпутата сельсавета па Вайсковай акрузе №3 замест выбыўшага. Выбары пройдуць безальтэрнатыўна: на вакантнае месца ў Каладзішчанскім сельсавеце прэтэндуе толькі адзін кандыдат, маёр міліцыі Андрэй Чубукоў, безпартыйны.
Патрэба ў правядзенні дадатковых выбараў у савет дэпутатаў першаснага ўзроўню паўстала пасля таго, як у верасні мінулага года старшыня Каладзішчанскага сельсавета Алег Захарчыц, ён жа дэпутат па Вайсковай акрузе №3, з уласнай ініцыятывы датэрмінова склаў паўнамоцтвы.
Выбарчы ўчастак працуе з 8.00 да 20.00, па адрасе: аграгарадок Калодзішчы, вул. Кароткая, 1А (будынак сельвыканкама). На участку для галасавання зарэгістраваны назіральнікам Ільля Дабратвор, накіраваны туды Партыяй БНФ. Як паведамляе назіральнік ад БНФ, падчас датэрміновага галасавання, якое цягнулася з аўторка па суботу, у давыбарах узялі ўдзел толькі 19 чалавек, што складае менш за 3,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.


Як паведаміла ўправа Партыі БНФ, накіраванне назіральніка на давыбары ў Калодзішчах было здзесненае ў мэтах правядзення маніторынгу таго, якім чынам арганізуецца галасаванне ва ўмовах пандэміі COVID-19, якім чынам падчас выбараў на ўчастку выконваюцца супрацьпідэмічныя патрабаванні міністэрства аховы здароўя, ці ўжываюцца захады сацыяльнага дыстанцыявання і сродкі індывідуальнай абароны ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
Паводле прэс-рэліза