Арцём Шрайбман: Беларусь стала абслугоўваючым складам для расійскага войска
У Беларусі будзе разгорнута сумесная з РФ рэгіянальная групоўка войскаў. Ці азначае гэта няўхільнае ўцягванне беларускага войска ў вайну, ці афіцыйнаму Мінску ўдасца ў каторы раз утрымацца толькі ў ролі саўдзельніка агрэсіі, разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Мы не ведаем напэўна, ці саспеў Лукашэнка для гэтага рашэння,
— цытуе эксперта «Салідарнасць» са спасылкай на канал «Папулярная палітыка». — Да гэтага часу абсалютна дакладна гэта было супраць яго
інтарэсаў.
Усе выдатна
разумеюць, што беларуская армія не прынцыпова зменіць суадносіны сіл у гэтым
канфлікце, асабліва пасля мабілізацыі ў Расіі. Мы таксама разумеем, што
беларуская армія зусім не баяздольная з пункту гледжання вопыту і баявога духу.
Апытанні, якія ўсё яшчэ адбываюцца ў краіне хоць у нейкай ступені, але паказваюць
вельмі нізкі ўзровень энтузіязму адпраўкі сваёй арміі на вайну — гэта ніжэй за
10%.
З
нематываванай, ненавучанай арміяй (максімум называюць лічбу да 10 тысяч чалавек
баяздольных злучэнняў) вы не зменіце ход вайны, а проста выдаткуеце гэтую сілу.
Для Лукашэнкі гэта стварае шэраг рызык у сябе дома, таму ўсе аналітыкі
сыходзяцца ў меркаванні, што ён не хоча гэтага рабіць.
Зараз, з
разгортваннем гэтай групоўкі, якая на самай справе на паперы існуе ўжо 20
гадоў, і з завозам пэўнай колькасці расійскіх салдат, гэта іншыя формы
саступкі — Лукашэнка, магчыма, спрабуе даць Пуціну штосьці іншае, а не прамое
ўступленне ў вайну. Напрыклад, стварыць Украіне напружанне з паўночнага флангу,
адцягнуць нейкія сілы з іншых франтоў. Ці, можа, дапамагчы падрыхтаваць
расійскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах і тэхніцы. Або проста паказаць:
я вось таксама турбуюся, падняў краіну ледзь не ў стан баявой трывогі.
У любым
выпадку, падкрэслівае Арцём Шрайбман, пакуль падрыхтоўкі да сухапутнага
ўварвання з Беларусі не адбываецца — наадварот, вайсковая тэхніка з'язджае з
Беларусі ў РФ, «выграбаюць са складоў запасы».
— Беларусь,
як Паўночная Карэя, стала абслугоўваючым складам для расійскага войска. Калі б
хацелі пачынаць наступ з Беларусі нанова з удзелам беларускіх войскаў, то,
напэўна, рух гэтых эшалонаў ішоў бы ў адваротны бок, — кажа аналітык.
Ацэньваючы
поле для манеўраў, якое засталося ў беларускага кіраўніка, эксперт канстатуе
адзіна звыклы і працоўны сцэнар:
— Працягваць віляць — гэта тое, што ён будзе працягваць рабіць, колькі дазваляе
сітуацыя. Рух у бок эрозіі свайго суверэнітэту і залежнасці ад РФ — гэта рух па
спектры, які можа працягвацца даволі доўга. Таму ён паступова здае суверэнітэт
у розных галінах: у эканамічнай — перанакіроўвае ўвесь свой гандаль на Расію і
яе лагістыку, у вайсковай — мы гэта бачым штодня, у замежнай палітыцы — калі
наведвае Абхазію.
Лукашэнка
паступова апускаецца ў «братэрскія абдымкі», імкнучыся захаваць столькі
аўтаноміі, колькі яму даступна. Як доўга гэта будзе працягвацца, думаю, цалкам
залежыць ад ходу вайны, яе траекторыі. Калі Расія працягне трываць паразу, мы
можам убачыць абсалютна новую ступень яго энтузіязму і віляння.
Што
запатрабуе Пуцін наўзамен за $1,5 мільярда крэдыту, які РФ выдзеліць Беларусі
на рэалізацыю сумесных імпартазамяшчальных праектаў? На думку Арцёма Шрайбмана,
часткай платы ў гэтай угодзе як раз і з'яўляюцца цяперашнія заявы беларускага
кіраўніка аб рэгіянальнай групоўцы.
— Але гэта
не грошы, якія Лукашэнка зможа пакласці ў кішэню і раздаць пенсіянерам, —
звяртае ўвагу аналітык. — Гэта крэдыт на будаўніцтва імпартазамяшчальных
прадпрыемстваў, які незразумела якімі траншамі і як доўга будзе паступаць, таму
я не лічыў бы іх гэткім ратавальным кругам. Але ў цэлым эканамічная палітыка
Расіі ў дачыненні да Беларусі досыць лаяльная.
А тое, што
робіць Лукашэнка, аддаючы сваю тэрыторыю, падтрымліваючы Расію на міжнароднай
арэне (улічваючы, як мала краін працягваюць гэта рабіць нават сярод бліжэйшых
саюзнікаў) — мабыць, гэтага дастаткова і ацэньваецца вось па такім курсе.
Думаю, гэта не велізарныя грошы, Лукашэнка не можа справіцца з усімі сваімі
праблемамі з іх дапамогай, але ён пакуль і не цалкам уступіў у вайну. Гэта мне
бачыцца як раўназначны абмен «па паняццях».