Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Лукашэнка ўсё яшчэ жанаты і ў яго няма ніякай маёмасці

У свежым выпуску газеты «СБ» ЦВК апублікаваў дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. З дэкларацыі дзеючага прэзідэнта стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка ўсё яшчэ жанаты і ў яго няма ніякай нерухомай маёмасці, аўтамабіляў, акцый або доляй у статутных фондах юрыдычных асоб.

deklaraciya_1.jpg

Андрэй Дзмітрыеў задэклараваў за мінулы год даход 13 560 рублёў заработнай платы, кватэру ў Мінску плошчай 49,8 квадратных метраў. Даход яго жонкі Таццяны Дзмітрыевай за мінулы год склаў 28 025 рублёў. Ёй таксама належыць аўтамабіль «Нісан-Кашкай» 2016 года выпуску.
Ганна Канапацкая за мінулы год зарабіла 45 741 рубель. З нерухомасці ў яе ёсць кватэра ў Менску плошчай 84,7 квадратных метраў, адміністрацыйнае памяшканне ў сталіцы плошчай 47,7 квадратных метраў. Акрамя таго, у кандыдата Канапацкай ёсць аўтамабіль «Лэнд-Ровер» 2017 года выпуску і ёй належыць 91 акцыя ААТ «Пухавіцкі КХП».

deklaraciya.jpg

Аляксандр Лукашэнка задэклараваў 117 068 рублёў даходу за мінулы год, атрыманых у якасці заработнай платы. У радку «нерухомую маемасць (жылыя дамы, зямельныя ўчасткі, кватэры, гаражы і іншыя будынка, збудавання)» у дзейнага прэзідэнта напісана «няма». Іншай маёмасці ў выглядзе акцый або доляў у статутных фондах юрыдычных асоб у Аляксандра Лукашэнкі таксама няма.
З дэкларацыі дзеючага прэзідэнта стала вядома, што ён усё яшчэ жанаты. Галіна Радзівонаўна Лукашэнка за мінулы год зарабіла 5560 рублёў — гэта пенсія і даходы ад акцый. Ёй належыць жылы дом плошчай 196 квадратаў метраў у горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. ½ Долі ў праве ўласнасці на жылы дом у вёсцы Б. Межнік Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці плошчай 54 квадратныя метры, зямельны ўчастак плошчай 0,1498 гектара ў горадзе Шклове. Акрамя таго, у Галіны Лукашэнкі ёсць 56 акцый ААТ «Шклоўскі масларобны завод».
У Святланы Ціханоўскай даход за мінулы год склаў 15 784 рублі — гэта дапамога на дзяцей, дапамога па догляду за дзіцем-інвалідам, сацыяльная пенсія дзіцяці-інваліду, даходы па дагаворах дарэння. Нерухомай маёмасці і аўтамабіляў у Ціханоўскай няма, але ёсць долі ў статутных фондах юрыдычных асоб: 49% — у ТДА «Студыя КОМПАС», 49% — у ТАА «Вясёлка забаў», якая знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
Муж кандыдаткі Сяргей Ціханоўскі за мінулы год зарабіў 75 016 рублёў — гэта заработная плата, даходы ад краўдфандынгу, ад індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Блогеру таксама належыць кватэра ў Менску плошчай 66 квадратных метраў, жылы дом 192 квадратныя метры ў вёсцы Агародня Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўласнасці ў Сяргея Ціханоўскага ёсць два аўтамабілі: «УАЗ-31514» 2003 года выпуску, «Форд Мандэа» 1994 года выпуску. Яму належаць і долі ў статутных фондах юрыдычных асоб: 51% — у ТДА «Студыя КОМПАС», 51% — у ТАА «Вясёлка забаў», якая знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
Даход Сяргея Чэрачня за мінулы склаў 96 тысяч рублёў. І гэта не зарплата, а даход ад дамовы куплі-продажу. Нерухомасці ў Чэрачня ва ўласнасці няма. Яму належыць 50% у ТАА «Интернейшнл Технолоджи Эдвайзерс», 50% у ТАА «С58 Технолоджиз» і 50% у ТАА «Інфармацыйны Спектр».

Паводле tut.by