912-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: навіны «Курскай аперацыі», расійскі наступ на Пакроўск і пагроза блэкаўту на Запарожскай АЭС
У Курскай вобласці РФ украінскія войскі акружылі жаночую калонію, дзе заселі салдаты расійскай арміі, цяпер там ідуць жорсткія баі. У той жа час на ўкраінскай тэрыторыі расійцы спрабуюць узяць Пакроўск — баі ідуць у 10 км ад горада.
***
У Курскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы штурмуюць будынак жаночай калоніі, дзе заселі расійскія салдаты, якія ўладкавалі агнявыя пазіцыі, паведамляе медыя-праект «Build на рускай».
Паводле звестак праекта, падчас свайго прасоўвання ў Курскай вобласці ўкраінская армія выйшла да жаночай калоніі, за якую цяпер ідуць жорсткія баі.
У вёсцы Малая Локня, за 14 кіламетраў ад украінскай мяжы, расійскія вайскоўцы ператварылі жаночую папраўчую калонію №11 у крэпасць і аказваюць жорсткі супраціў УСУ. Як мяркуецца, у абароне ўстановы ўдзельнічаюць нават ахоўнікі калоніі, адзначаюць журналісты.
З 2011 года ў калоніі ўтрымліваюцца 203 асуджаныя злачынцы, прысуджаныя да тэрмінаў ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Пры гэтым некалькі дзясяткаў расійскіх салдат замацаваліся вакол калоніі, узвялі барыкады і выкарыстоўваюць вартавыя вышкі турмы як агнявыя пазіцыі, а масіўныя будынкі — як абарону ад украінскіх нападаў.
Украінскія вайскоўцы, у сваю чаргу, абстрэльваюць абаронцаў з баявых машын пяхоты «Marder» нямецкай вытворчасці, а таксама атакуюць беспілотнікамі вартавую вежу ля ўваходу ў жаночую калонію.
Расійскія ваенныя «Z-блогеры» пацвярджаюць, што Малая Локня была амаль цалкам акружаная ўкраінскімі падраздзяленнямі, але ўнутры комплексу салдаты УС РФ працягваюць трымаць абарону.
Пры гэтым Мінабароны РФ заяўляе, што ўсе атакі ўкраінскіх войскаў на Малую Локню былі адбітыя.
Пакуль што незразумела, колькі зняволеных усё яшчэ ўтрымліваецца ў жаночай калоніі ў Малой Локні, рэзюмуюць журналісты.
***
Прасоўванне расійскіх войскаў у напрамку Пакроўска прывяло да адыходу ўкраінскіх войскаў з пазіцый на паўднёвы ўсход ад горада, і расійскія войскі не змаглі дасягнуць сваёй відавочнай мэты — тактычнага акружэння ўкраінскіх сіл у гэтым раёне, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 жніўня, паказваюць на тое, што расійскія сілы нядаўна захапілі Птушынае (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска) і прасунуліся далей на поўдзень ад гэтага населенага пункта, і, паводле ацэнак ISW, гэта пацвярджае заявы РФ аб тым, што расійскія сілы раней захапілі астатні ўсходні бераг Карлаўскага вадасховішча ў гэтым раёне.
Прасоўванне расійскіх войскаў на поўдзень і паўднёвы захад ад трасы т-0511 (Ачэрэціна — Гродаўка) нівелявала расійскія пазіцыі на ўсход і паўднёвы ўсход ад Пакроўска — замест таго, каб стварыць умовы для тактычнага акружэння ўкраінскіх сіл.
Аднак на працягу апошніх тыдняў расійскія войскі атачылі ўкраінскія сілы, калі яны прасоўваліся да трасы Е-50 (Данецк — Пакроўск), і пагроза тактычнага акружэння, верагодна, заахвоціла ўкраінскія войскі да адступлення. Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Пакроўскім кірунку, прызнаў 22 жніўня, што расійскі наступ заахвоціў украінскія сілы да адступлення, каб выраўнаваць фронт і захаваць жыцці ўкраінскага асабістага саставу.
Некалькі ўкраінскіх камандзіраў, якія дзейнічаюць на Пакроўскім кірунку, паведамілі «Associated Press» у артыкуле, апублікаваным 22 жніўня, што новапрыбыўшыя ўкраінскія навабранцы на Пакроўскім кірунку ў некаторых выпадках адступілі з пазіцый.
ISW не назіраў паведамленняў пра хаатычны адыход украінскіх войскаў на Пакроўскім кірунку, а адсутнасць хуткіх тактычных поспехаў расійцаў у гэтым раёне дазваляе выказаць здагадку, што ўкраінскім войскам удалося выйсці з акружаных пазіцый на працягу апошніх тыдняў.
Размовы сярод расійскіх ваенных блогераў пра тактычнае акружэнне ў гэтым раёне сціхлі.
***
Выданне «The Economist» напісала, што расійцы ўзмацняюць свае войскі паблізу горада Пакроўск і маюць стратэгічную мэту яго захапіць.
Выданне піша, што Пакроўск рыхтуецца да новага «непрыемнага этапу вайны». Расія разглядае яго захоп, як стратэгічную мэту, бо гэты горад адкрывае плацдарм для наступу на Днепр і Запарожжа.
Як сцвярджаюць у артыкуле, Упраўленне паліцыі і мясцовая адміністрацыя выехалі з горада, два супермаркеты закрыліся. Мясцовыя стаяць у чэргах каля банкаў і пенсійных аддзяленняў, некаторыя прыслухоўваюцца да заклікаў уладаў і эвакуююцца з горада.
«Сыход Украіны з Аўдзееўкі ў лютым і няўдалая ратацыя ў суседнім Ачэрэціна ў траўні стварылі аснову для наступу на Пакроўск. Цяпер расійскія войскі знаходзяцца за 10 км ад горада».
«Украінскае камандаванне па-рознаму тлумачыць наступ расійцаў. Некаторыя кажуць, што снарадаў не хапае, а вораг пускае ў дзесяць разоў больш. Іншыя паказваюць на расійскую тактыку — невялікія атакі пяхоты, кіраваныя бомбы, новыя віды электроннай барацьбы. Але, падобна, у аснове краху ляжыць знясіленне і праблемы з жывой сілай».
«The Economist» таксама піша, што спачатку, калі Украіна пачала наступальную аперацыю ў Курскай вобласці, была надзея, што Расія перамесціць свае сілы з Пакроўскага кірунку, але гэтага не адбылося. Затое РФ толькі ўзмацніла свае войскі паблізу горада.
***
Украіна ўзмацніла атакі дронамі па расійскіх ваенных аб'ектах, пакуль партнёры ўсё яшчэ не дазваляюць біць сваёй дальнабойнай зброяй углыб Расіі, і гэта можа прымусіць Расію забраць самалёты і СПА далей ад фронту, піша «The Wall Street Journal».
Паводле слоў старшага навуковага супрацоўніка Каралеўскага інстытута Аб'яднаных узброеных сіл у Лондане, які вывучае ваенна-паветраныя сілы і тэхналогіі, Джасціна Бронка, хоць удары беспілотнікаў прычыняюць боль Расіі, шкода пакуль не з'яўляецца стратэгічна значнай.
«Аднак цяперашні ўзровень шкоды, нанесенай авіябазам, з'яўляецца тым, з чым расійцы не могуць проста змірыцца ў доўгатэрміновай перспектыве, паколькі з часам гэта стане сур'ёзнай праблемай для (ваенна-паветраных) сіл», – сказаў ён.
Паведамляецца, што, атакуючы авіябазы ў глыбіні Расіі, Украіна можа прымусіць Маскву перадыслакаваць сістэмы супрацьпаветранай абароны далей ад прыфрантавых раёнаў, што зробіць аб'екты паблізу лініі фронту больш уразлівымі да ўкраінскіх удараў.
Бронк мяркуе, што ўдары беспілотнікаў могуць таксама заахвоціць Расію перадыслакаваць частку сваіх знішчальнікаў і штурмавікоў на базы, значна аддаленыя ад Украіны. Паводле яго слоў, гэта ўжо зменшыла колькасць выпускаў планерных бомбаў, паколькі расійскія самалёты вымушаныя лятаць далей на базы і з баз на фронт.
Выданне нагадвае, што Украіна і раней збівала расійскія самалёты, якія перавозілі планерныя бомбы, але для гэтага даводзілася рызыкаваць дэфіцытнымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны, перамяшчаючы іх бліжэй да лініі фронту.
Павелічэнне колькасці і далёкасці нападаў украінскіх беспілотнікаў становіцца ўсё большай праблемай для Расіі, мяркуе старшы навуковы супрацоўнік па пытаннях ваеннай авіяцыі і космасу Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў у Лондане Дуглас Бары.
Паводле яго слоў, хоць украінскія беспілотнікі не могуць замяніць ракеты далёкага радыусу дзеяння, на выкарыстанне якіх Кіеў хоча атрымаць дазвол, яны прымушаюць Расію задумацца над тым, дзе яна размяшчае свае самалёты і сродкі супрацьпаветранай абароны.
«Эфектыўнасць беспілотніка не толькі ў тым, што ён паражае цэль — ён мае эфект, нават калі яго збіваюць», — перакананы Бары.
***
У ваенна-марскіх сілах Украіны пацвердзілі знішчэнне расійскага чыгуначнага парома «Конрад» у порце «Каўказ» Краснадарскага краю 22 жніўня.
«Мы можам пацвердзіць інфармацыю, што гэтая цэль была знішчана ваенна-марскімі сіламі, — заявіў прадстаўнік ВМС Зміцер Пляцянчук у эфіры «Радыё Свабода». — Гэты паром з'яўляецца адным з важных ланцугоў расійскай ваеннай лагістыкі для забеспячэння акупацыйных сіл, у першую чаргу, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, але, акрамя таго, ён перавозіў, вядома, і ўзбраенне. Таму гэта — цалкам легітымная цэль. І, адпаведна, гэта павінна зменшыць патэнцыял магчымасці нашага ворага на тых лакацыях, дзе ён вядзе актыўныя баявыя дзеянні».
Пляцянчук дадае, што ў выніку атакі праца расійскага порта часткова заблакаваная — пакуль паражанае судна не прыбяруць з прычала. Паводле яго слоў, іншыя два чыгуначныя паромы ў гэтым порце не працуюць: адзін з іх на рамонце, а другі, паражаны раней «Славянін», чакае рамонту ў Азоўскім моры.
«Паром патануў. Гэта значыць, праца гэтай часткі порта фактычна заблакаваная. У іх застаецца яшчэ адна платформа для загрузкі на паром вагонаў. Аднак паромаў няма. Вось у чым праблема. Так, нездарма адразу мясцовыя жыхары ў акупаваным украінскім Крыме імгненна адрэагавалі масавымі заездамі на АЗС».
Спікер дадаў, што атаку па «Конрад» ажыццявілі ў супрацоўніцтве з іншымі родамі войскаў Сіл абароны Украіны.
***
Расійскія акупанты працягваюць атакі з паветра і штурмы па ўсёй лініі фронту, самая цяжкая сітуацыя цяпер на Пакроўскім кірунку, Усяго за суткі адбылося 144 баявыя сутыкненні, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.
«Учора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах адзін ракетны ўдар з ужываннем адной ракеты, а таксама 67 авіяўдараў, у прыватнасці, скінуў 79 КАБаў. Акрамя таго, здзейсніў 4 483 абстрэлы, з іх 176 — з рэактыўных сістэм залпавага агню».
У прыватнасці, акупанты наносілі авіяўдары ў раёнах населеных пунктаў Дружба, Талстадубава, Сопіч, Вольная Слабада, Міраполле, Паўлаўка, Вялікая Пісараўка, Казачая Лопань, Пакроўка, Круглякоўка, Часаў Яр, Тарэцк, Пляшчэеўка, Александропаль, Канстанцінаўка, Максімаўка і Макараўка.
У той жа час авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны Украіны нанеслі 16 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу і ваеннай тэхнікі праціўніка, пяці сродках ракетных войскаў і артылерыі акупантаў, пункце кіравання і яшчэ адным важным аб'екце ворага.
Толькі за мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі 1 190 расійскіх захопнікаў, 32 ББМ, 4 танкі і 45 артылерыйскіх сістэм ворага.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 23.08.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 605 330 (+1 190) чалавек;
- танкаў — 8 533 (+4) адз.;
- баявых браніраваных машын — 16 599 (+32) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 17 307 (+45) адз.;
- РСЗА — 1 167 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 932 (+1) адз.;
- самалётаў — 367 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 025 (+27) адз.;
- крылатых ракет — 2442 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 23 329 (+49) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 910 (+6) адз.
***
Уначы 23 жніўня расійскія акупанты атакавалі Чаркаскую вобласць ракетамі і «Шахедамі», у выніку падзення ракеты ўзнік пажар, пашкоджаныя прыватныя прадпрыемствы, крама і аўто, але абышлося без пацярпелых, паведаміў кіраўнік Чаркаскай вобласці Ігар Табурэц у Telegram.
«Уначы вораг атакаваў нашу Чаркаскую вобласць. У вобласці працавала СПА. Паводле папярэдняй інфармацыі, адбылося падзенне ракеты на адкрытую тэрыторыю ў межах абласнога цэнтра. У выніку гэтага загарэлася драўніна, якая там захоўвалася. Пажар аператыўна ліквідаваны.
Абломкамі пашкоджаныя суседнія пабудовы прыватных прадпрыемстваў, вокны ў краме, некалькі аўтамабіляў».
Таксама, паводле словах кіраўніка АВА, у Чаркаскім раёне знішчылі варожы «Шахед».
«На шчасце, абышлося без пацярпелых», — падсумаваў Табурэц.
***
У ноч на 23 жніўня расійскія войскі ўдарылі кіраванай авіябомбай па вёсцы Багуслаўка Бароўскай грамады Ізюмскага раёна. Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы 61-гадовага мужчыны і яго 59-гадовай жонкі. Таксама пацярпела 78-гадовая жанчына.
Паводле ратавальнікаў, у выніку ўдару разбураныя прыватныя жылыя дамы і ўзнік пажар у будынку на плошчы 80 м кв.
У Харкаўскай абласной пракуратуры адзначаюць, што, папярэдне, акупанты выкарыстоўвалі ФАБ-500 з УМПК.
***
Расійскія войскі нанеслі ўдар па Купянску-Вузлавым на Харкаўшчыне, два чалавекі загінулі, яшчэ два пацярпелі, паведаміў старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў.
«Акупанты ўдарылі па цэнтральнай частцы Купянска-Вузлавога. На жаль, двое грамадзянскіх людзей загінулі».
Ёсць яшчэ прынамсі двое пацярпелых. Профільныя службы працягваюць агляд месца.
***
Падчас пошукава-выратавальнай аперацыі ў Казачай Лопані на Харкаўшчыне, якая працягваецца трэція суткі, дасталі цела жанчыны, напісаў кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў у Telegram.
«На жаль, у выніку расійскіх удараў па Казачай Лопані загінула жанчына 1981 года нараджэння.
Ратавальнікі з-пад завалаў вынялі цела».
Цяпер пад заваламі можа знаходзіцца яшчэ адзін чалавек, адзначае кіраўнік АВА. Выратавальная аперацыя працягваецца.
22 жніўня начальнік Дзергачоўскай ГВА Вячаслаў Задоранка паведаміў, што пад заваламі знайшлі целы дзвюх жанчын (на той момант яны не былі вынятыя).
Як удакладнілі «Украінскай праўдзе» ў Харкаўскай абласной пракуратуры, на дадзены момант у выніку пошукава-выратавальнай аперацыі ў Казачай Лопані аднаго чалавека дасталі жывым, дэблакаванае адно цела загінулай, яшчэ адзін чалавек знаходзіцца пад заваламі, верагодна, гэта загінулая жанчына.
***
Запарожская АЭС зноў аказалася на мяжы блэкаўта: расійскія абстрэлы пашкодзілі знешнюю паветраную лінію, праз якую станцыя атрымлівала сілкаванне ад украінскай энергасістэмы для ўласных патрэб.
Пра гэта паведамляе прэс-служба «Энергаатама».
«22 жніўня праз расійскія абстрэлы адбылося пашкоджанне замежнай паветранай лініі ВЛ - 330кв "Запарожская ТЭС — Ферасплаўная"», — гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер Запарожская АЭС злучаная з украінскай энергасістэмай толькі адной лініяй ВЛ-750кв «Дняпроўская». У выпадку яе пашкоджання можа ўзнікнуць аварыйная сітуацыя з-за страты вонкавага сілкавання помпаў, што ахалоджваюць актыўныя зоны рэактараў і басейны вытрымкі паліва.
«Пад "кіраваннем" расійскіх захопнікаў, якія знаходзяцца на часова акупаванай ЗАЭС, пастаянна паглыбляецца дэградацыя на ўсіх кірунках эксплуатацыі», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага «Энергаатама».
Акрамя таго, адсутнасць кваліфікаванага персаналу і ператварэнне станцыі ў ваенную базу абцяжарвае безаварыйную эксплуатацыю.
У прэс-службе адзначылі, што Запарожская АЭС павінна неадкладна перайсці пад кантроль Украіны, а расійскія вайскоўцы павінны пакінуць станцыю. Гэта адзіны шлях да аднаўлення ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Еўропе.