721-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўныя навіны
Яшчэ адзін расійскі карабель пайшоў па ўсім вядомым маршруце!
***
Генеральны штаб УСУ пацвердзіў інфармацыю аб знішчэнні вялікага дэсантнага карабля Чарнаморскага флоту РФ «Цэзар Кунікаў» у Чорным моры ўначы 14 лютага.
«Узброеныя сілы Украіны сумесна з падраздзяленнямі ГУР МА знішчылі вялікі дэсантны карабель акупантаў «Цэзар Кунікаў».
Дэталі: адзначаецца, што ў момант паражэння ён знаходзіўся ў тэрытарыяльных водах Украіны паблізу Алупкі.
Пазней у Галоўным упраўленні выведкі паведамілі, што ВДК «Цэзар Кунікаў» патапілі з дапамогай марскіх дронаў «Магура V5» і паказалі відэа атакі.
На сайце ЧФ РФ паведамляецца, што «Цэзар Кунікаў» — гэта вялікі дэсантны карабель праекта 775. Яго даўжыня — 112,5 м, шырыня — 15 м, асадка — 3,7 м. Ён нясе ўзбраенне: 2х2 57-мм артустаноўкі АК-725, 4х8 ПУ ПЗРК, 2х30 122-мм ПУ НКРС а-215 «Град-М».
Экіпаж — 87 чалавек.
Паведамляецца, што карабель можа выкарыстоўвацца для ўстаноўкі мінных загарод. ВДК таксама можа быць выкарыстаны пры розных варыянтах загрузкі: 150 чалавек дэсанта і 10 танкаў тыпу Т-55 з экіпажам у 40 чалавек; 12 танкаў ПТ-76 з экіпажам у 36 чалавек; падраздзяленне ў складзе 3 танкаў тыпу Т-55 з экіпажам у 12 чалавек, 3 120-мм мінамёты, 3 баявыя машыны тыпу 2г 27, 4 аўтамабілі ЗІЛ-130, 4 ГАЗ-66 і адзін легкавы недарожнік ГАЗ-69.
Асабовы састаў дэсанта — 147 чалавек. Карабель здольны перавезці груз вагой 650 т на адлегласць 4700 міль.
Паводле звестак з «Вікіпедыі», савецкі афіцэр, камандзір дэсантнага атрада Цэзар Львовіч Кунікаў, імем якога названы ВДК, памёр 14 лютага 1943 года і быў пахаваны ў Геленджыку, дзе расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін мае бункер.
***
У Данецкай вобласці за суткі расіяне забілі трох чалавек — у Селідаве. Яшчэ 14 чалавек у вобласці атрымалі раненні.
На Херсоншчыне за суткі з-за расійскай агрэсіі 1 чалавек загінуў, яшчэ шасцёра атрымалі раненні.
У Запарожскай вобласці ў выніку абстрэлу загінуў 66-гадовы жыхар Малой Такмачкі.
На Харкаўшчыне ў выніку артылерыйскіх удараў па Ваўчанску 61-гадовая жанчына загінула, атрымаўшы мінна-выбуховыя траўмы, яшчэ адна 50-гадовая жанчына атрымала траўмы.
На Днепрапятроўшчыне варожая зброя забіла 64-гадовага мужчыну. Двое 53-гадовых мужчын пацярпелі, паведамляе «Украінская праўда».
***
За мінулыя суткі ўкраінскія войскі знішчылі каля 1060 расійскіх захопнікаў, 4 сістэмы супрацьпаветранай абароны РФ, 9 танкаў, 39 баявых браніраваных машын, 66 артылерыйскіх сістэм і 3 рэактыўныя сістэмы залпавага агню.
Паводле звестак украінскага Генштаба, агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 14.02.24 арыенціровачна склалі:
- асабовага саставу — парадку 398 140 (+1060) чалавек;
- танкаў — 6 433 (+9) адз.;
- баявых браніраваных машын — 12 043 (+39) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 9 566 (+66) адз.;
- РСЗА — 984 (+3) адз.;
- сродкаў СПА — 671 (+4) адз.;
- самалётаў — 332 (+0) адз.;
- верталётаў — 325 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7 371 (+39) адз.;
- крылатых ракет — 1882 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 24 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 12 662 (+39) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 523 (+5) адз.
***
За мінулыя суткі на фронце адбылося 71 баявое сутыкненне, увогуле расіяне нанеслі 3 ракетныя і 159 авіяцыйных удараў, здзейснілі 162 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Авіяцыйным ударам падвергліся: Круглае Харкаўскай вобласці; Новаягораўка і Белагораўка Луганскай вобласці; Тэрны, Раздолаўка, Часовы Яр, Арлоўка, Новаміхайлаўка, Канстанцінаўка, Старамаёрскае Данецкай вобласці; Навадараўка, Далінка, Жоўтая Круча, Малая Такмачка Запарожскай вобласці; Крынкі Херсонскай вобласці.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 100 населеных пунктаў Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец паведаміў, што расійскія войскі спрабуюць аднавіць манеўр на полі бою з дапамогай савецкай тэорыі глыбокага бою, але пакуль не могуць рэалізаваць яе праз сучасныя магчымасці Украіны.
Тэорыя глыбокага бою — гэта прадукт савецкага аператыўнага мастацтва, распрацаваны ў 1920-1930-х гадах, закліканы аднавіць манеўр на полі бою пасля Першай сусветнай вайны.
Для гэтага ўзаемадзейнічаць з праціўнікам трэба было на некалькіх франтах і ў глыбіні на тактычным і аператыўным узроўнях шляхам атакі на варожыя актывы на ўсіх напрамках артылерыяй, паветранымі ўдарамі і атакаваць тыл праціўніка ў спалучэнні з франтальнымі нападамі для прарыву абарончых ліній.
Тэорыя глыбокага бою таксама уключае тэзіс аб паспяховым паслядоўным аператыўным планаванні, каб прадухіліць аднаўленне цэласных абарончых пазіцый праціўніка пасля пранікнення.
Ключавыя аператыўныя прынцыпы тэорыі глыбокага бою застаюцца актуальнымі ў сучаснай вайне, і расійскія вайскоўцы маглі б аднавіць манеўр на полі бою і пераламаць украінскую абарону, калі б яны змаглі паспяхова планаваць і ажыццяўляць аператыўна абгрунтаваныя дзеянні.
Украінскія войскі таксама маглі б выкарыстоўваць тэорыю глыбокага бою для аднаўлення манеўру на полі бою на сваю карысць, калі б іх заходнія партнёры належным чынам забяспечылі іх рэсурсамі.
Машавец, аднак, адзначыў, што цяперашнія абмежаваныя магчымасці расійскіх войскаў, у прыватнасці, у вядзенні эфектыўнага контрбатарэйнага агню, паражэнні цэляў на аператыўнай глыбіні, утойванні канцэнтрацыі сіл ад праціўніка і барацьбе з украінскім тэхналагічным парытэтам перашкаджаюць расійскім войскам дасягнуць эфекту нечаканасці на аператыўным узроўні, неабходнага для прарыву ўкраінскіх ліній абароны і правядзення глыбокіх аперацый.
Машавец заявіў, што расійскае ваеннае камандаванне не ў стане ўкараніць пэўныя тэхналагічныя інавацыі ў аператыўнае планаванне, у тым ліку дыстанцыйную ўстаноўку мін, шырокамаштабныя аперацыі з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў, камандаванне, кіраванне і сувязь з ужываннем сучасных тэхналогій.
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) дадаў, што цяперашні ўкраінскі баявы патэнцыял пазбаўляе расійскія сілы магчымасці аднавіць манеўр на полі бою на расійскіх умовах. Аднак ён у значнай ступені залежыць ад заходняй ваеннай дапамогі ў ключавых пытаннях. Большасць з патрэбнай дапамогі можа даць толькі ЗША.
***
У Селідаве Данецкай вобласці ў ноч на сераду ў выніку абстрэлаў пашкоджанні атрымалі медустанова і жылы дом, паведамляюць украінскія ўлады. Загінулі прынамсі тры чалавекі, у тым ліку дзіця і цяжарная жанчына, яшчэ 12 чалавек былі паранены, сярод іх чацвёра дзяцей.
Паводле звестак Данецкай абласной пракуратуры, у ноч на 14 лютага расійскія вайскоўцы ажыццявілі масіраваную ракетную атаку на горад. У 23:30 удар быў нанесены па пяціпавярховым жылым доме, у выніку чаго быў разбураны цэлы пад'езд. Раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі шэсць чалавек, сярод якіх трое дзяцей — 7, 12 і 16 гадоў, паведамляе «Бі-бі-сі».
Каля гадзіны ночы расійская армія, паводле слоў мясцовых чыноўнікаў, абстраляла медыцынскую ўстанову ў Селідаве. З-пад завалаў дасталі целы трох загінулых: 38-гадовай жанчыны, якая знаходзілася ў бальніцы на захаванні цяжарнасці, і 36-гадовай маці з сынам 9 гадоў. Раненні атрымалі шэсць пацыентаў, найстарэйшаму з якіх 76 гадоў, наймалодшаму — няма яшчэ 6 месяцаў.