661-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі
Расія плануе вайну супраць Украіны як мінімум на тры гады наперад. І ў гэтых планах — захапіць яшчэ 4 вобласці.
***
Германскае выданне «Bild» са спасылкай на выведвальныя крыніцы піша пра тое, што Расія плануе акупаваць украінскую тэрыторыю па-за межамі чатырох ужо незаконна анэксаваных украінскіх абласцей цягам 2024-2026 гадоў — усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей і да ракі Аскол у Харкаўскай вобласці да канца 2024 года.
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) адзначыў, што гэтыя мэты супадаюць з бягучымі лакальнымі наступальнымі аперацыямі Расеі ў Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласцях.
Паводле інфармацыі «Bild», Расія таксама плануе захапіць значную частку Запарожскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласцей, уключаючы горад Харкаў, калі гэта будзе магчыма, у 2025 і 2026 гадах.
«Bild» са спасылкай на інсайдарскую крыніцу таксама заявіў, што Расія плануе акупаваць значную частку ўсходняй Украіны, размешчаную на ўсход ад ракі Днепр, на працягу наступных 36 месяцаў.
Акрамя гэтага, Расія плануе ўтрымліваць цяперашнюю лінію фронту ў Херсонскай вобласці ўздоўж ракі Днепр і занепакоеная толькі тым, каб не дапусціць прасоўвання ўкраінскіх сіл на поўдні Украіны ў кірунку акупаванага Крыма.
«Bild» заявіла, што планы Расіі грунтуюцца на мабілізацыі расійскай абаронна-прамысловай базы, штогадовых стратах блізу 100 000 вайскоўцаў у знясільваючых наступальных аперацыях, а таксама на магчымым абранні новага прэзідэнта ЗША ў 2024 годзе, які рэзка скароціць або спыніць вайсковую падтрымку Украіны.
«Bild» паведаміла, што крыніца, знаёмая з вынікамі выведкі, заявіла, што Крэмль плануе спадзявацца на «фіктыўныя перамовы», працягваючы праводзіць наступальныя аперацыі, падобна таму, як Расія вяла перамовы аб «мінскіх пагадненнях» у 2015 годзе, у той час як расійскія вайскоўцы працягвалі акупаваць дадатковыя ўкраінскія населеныя пункты.
«Інстытут вывучэння вайны» адзначае, што «Bild» раней апублікавала ў асноўным дакладныя звесткі выведкі пра планы Расіі ў поўнамаштабным уварванні ва Украіну ў снежні 2021 года. Тады прагназавалася, што Расія нападзе на Украіну на поўдні з Крыма, з кантраляванай Расіяй тэрыторыі на ўсходзе Украіны і з поўначы. Праўда, газета прагназавала напад у канцы студзеня або на пачатку лютага 2022 года.
ISW адзначыў, што не можа самастойна праверыць дакладнасць справаздач «Bild», але інфармацыя пра планы Расіі па вайне ва Украіне да 2026 года адпавядае падрыхтоўцы Расіі да доўгіх ваенных дзеянняў.
Расійскае ваеннае камандаванне ажыццяўляе доўгатэрміновую рэструктурызацыю і пашырэнне з мэтай фарміравання стратэгічных рэзерваў, і Расія паступова мабілізуе свае ўзброеныя сілы для вядзення працяглай вайны.
На думку ваенных аналітыкаў, паведамленні пра сярэдне- і доўгатэрміновыя планы Расіі па акупацыі тэрыторыі па-за межамі чатырох незаконна анексаваных тэрыторый таксама з'яўляюцца праўдападобнымі, улічваючы тое, што расійскія афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, у апошні час вярнуліся да экспансіянісцкай рыторыкі, а расійскія войскі працягваюць наступальныя аперацыі з мэтай пашырэння сваіх пазіцый у Харкаўскай вобласці.
Акрамя гэтага, расійскія афіцыйныя асобы зрабілі заявы аб намеры Расіі акупаваць і анэксаваць дадатковую ўкраінскую тэрыторыю па-за межамі цяперашняй лініі фронту.
Нядаўна ISW ацаніў, што раптоўнае спыненне заходняй дапамогі, верагодна, рана ці позна прывядзе да краху здольнасці Украіны стрымліваць расійскіх вайскоўцаў, і пры такім сцэнары расійскія войскі могуць, урэшце, прасунуцца да заходняй украінскай мяжы.
***
Мінабароны Расіі паведаміла яшчэ пра шэсць збітых беспілотнікаў над анэксаваным Крымам: з 23:00 да 23:50 расійская СПА збіла яшчэ шэсць украінскіх беспілотнікаў, піша «Бі-бі-сі».
Раней Мінабароны РФ паведамляла, што з 20:30 да 22:30 над Крымам расійскія вайскоўцы збілі 26 украінскіх дронаў самалётнага тыпу.
***
У ноч на 16 снежня расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, ужыўшы 31 БпЛА тыпу «Shahed-136/131». Паветраныя сілы Украіны пацвердзілі інфармацыю аб збіцці 30 з 31 «Шахеда».
Паводле іх даных, праціўнік атакаваў з трох напрамкаў: Прыморска-Ахтарск, Сешча, Курск.
Знішчаныя 30 «шахідаў» у межах Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Вінніцкай, Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Чаркаскай, Херсонскай, Запарожскай, Мікалаеўскай і Хмяльніцкай абласцей.
***
Расійскія акупанты ўначы на 16 снежня атакавалі Херсон і вобласць, ёсць параненыя цывільныя, паведаміў кіраўнік Херсонскай АВА Аляксей Пракудзін.
Адзначаецца, што з-за «прылётаў» па Херсоне было пападанне паблізу інфраструктурнага аб'екта, пашкоджаныя памяшканні, а таксама пацярпелі людзі.
У 55-гадовага мужчыны раненні канечнасцяў. У 51-гадовага гараджаніна — асколачная траўма галавы.
***
За мінулыя суткі адбылося 96 баявых сутыкненняў. Увогуле вораг нанёс 2 ракетныя і 23 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў 40 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
Авіяцыйным ударам падвергліся: Сумская і Данецкая вобласці, піша Генштаб УСУ.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 130 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
У Сцяпанаўцы абломкі ўпалі паблізу медустановы. Раненні атрымаў лекар, які быў на працоўным месцы.
***
За суткі 15-16 снежня на фронце знішчаныя яшчэ 930 расійскіх акупантаў.
Паводле звестак Генштаба УСУ, агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 16.12.23 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 344 820 (+930) чалавек;
- танкаў — 5720 (+14) адз.;
- баявых браніраваных машын — 10 667 (+13) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 8100 (+1) адз.;
- РСЗА — 920 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 605 (+0) адз.;
- самалётаў — 324 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6 238 (+12);
- крылатых ракет — 1609 (+1);
- караблёў / катэраў — 22 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 10 710 (+11) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1190 (+1).