570-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ здае пазіцыі пад Бахмутам, а ў Цвярской і Калужскай абласцях заўважаныя БПЛА

Расія павольна, але няўхільна прайграе вайну як рэальную, так і інфармацыйную. На фронце наступаюць УСУ, у тыле лётаюць БПЛА, а на моры церпяць паразы ваенныя караблі.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

***

Расійскія войскі прызналі, што тактычная абстаноўка на поўдзень ад Бахмута для іх пагаршаецца, і выказалі занепакоенасць тым, што УСУ могуць пагражаць групоўцы РФ у Бахмуце. Пра гэта гаворыцца ў чарговым аналітычным аглядзе амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW). Там жа паведамляецца, што ўкраінскія войскі 14 верасня вызвалілі пасёлак Андрэеўка ў раёне Бахмута, а 15 верасня працягнулі наступленне паблізу Бахмута, а таксама на захадзе Запарожскай вобласці.

Паводле даных ISW, падраздзяленні расійскай 72-й асобнай мотастралковай брыгады падчас лакалізаваных украінскіх контратак у раёне Бахмута ў траўні 2023 года панеслі значныя страты і цяпер, верагодна, цалкам дэградавалі. У сваю чаргу, украінская 3-я дэсантна-штурмавая брыгада заявіла, што вызваленне Андрэеўкі адкрывае магчымасці для прарыву на паўднёвым флангу Бахмута і што баі ў гэтым раёне працягваюцца.

Акрамя таго, расійскае камандаванне занепакоена тым, што 14 і 15 верасня ўкраінскія вайскоўцы фарсіравалі раку Днепр у Херсонскай вобласці. Яно прызнае, што расійцам не хапае магчымасцей для ўласных аперацый па пераправе праз Днепр у гэтым раёне, у прыватнасці праз дэфіцыт артылерыйскіх снарадаў. Паводле ацэнак ISW, войскі РФ, верагодна, не валодаюць жывой сілай, неабходнай для абароны на гэтым участку фронту, улічваючы, што Расія перакінула некалькі падраздзяленняў з Херсонскай вобласці ў Запарожскую.

***


Міністэрства абароны Расіі абвінаваціла УСУ ў спробе атакаваць аб'екты на тэрыторыі РФ з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў. У ноч на 16 верасня расійскія сродкі СПА збілі два ўкраінскія БПЛА самалётнага тыпу ў Калужскай і Цвярской абласцях, напісала расійскае ведамства ў Telegram-канале. Інфармацыіпра пацарпелых і разбурэнні няма. Украінскі бок на момант публікацыі не каментаваў гэтыя сцвярджэнні.

Раніцай 16 верасня ў аэрапортах Унукава, Дамадзедава і Шарамеццева праз магчымыя атакі БПЛА былі затрыманыя каля 30 авіярэйсаў, яшчэ чатыры рэйсы адмененыя. 

***

Камандаванне Сіл спецыяльных аперацый (ССА) УСУ апублікавала справаздачу аб праведзенай у ноч на 13 верасня спецаперацыі ў Севастопалі. «З мэтай ідэнтыфікацыі цэляў, навядзення і карэкціроўкі агню, а таксама выведкі на аператыўнай глыбіні праціўніка былі прыцягнутыя аператары ССА. На лодках група падышла да бяспечнага месца і ажыццявіла перамяшчэнне да берага дзякуючы падводным сродкам дастаўкі. Правёўшы паспяховую інфільтрацыю, воіны прыступілі да выканання асноўнай часткі аперацыі. З дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў выведкі выкананая ідэнтыфікацыя і навядзенне на цэль», — паведаміла камандаванне ССА ў Telegram.

***

Проста цяпер расійскія войскі абстрэльваюць Харкаў. Яны нанеслі прынамсі чатыры ўдары па Харкаве, заявіў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго, на месца выехалі экстраныя службы.

Тым часам у палове абласцей Украіны, у тым ліку ў Кіеве, абвешчаная паветраная трывога. Паводле даных Паветраных сіл УСУ, існуе пагроза прымянення балістычнага ўзбраення.

***

Украінскі марскі дрон у чацвер падбіў расійскі ракетны карабель «Самум» ля берагоў анэксаванага Крыма, пацвердзіла крыніца «Бі-бі-сі» ва УСУ. 


Пашкоджаны «Самум» на буксіры

Пашкоджаны «Самум» на буксіры

Дрон СБУ «Марскі малыш» трапіў у заднюю правую частку судна, нанёсшы значныя пашкоджанні, праз што карабель страціў ход, пішуць украінскія СМІ. Гэта адбылося недалёка ад уваходу ў Севастопальскую бухту.

Паводле слоў крыніцы Reuters, судна давялося адбуксіраваць для рамонту, і яно перавярнулася на бок.

Мінабароны Расіі ў чацвер паведаміла пра спробу УСУ атакаваць судна «Самум», але заявіла, што «напад быў адбіты, а марскі дрон — знішчаны».

***

«Салідарнасць» прыводзіць аператыўную інфармацыю ад Генштаба УСУ паводле стану на раніцу 16 верасня:


war15609_02.webp
  • За мінулыя суткі адбылося 24 баявыя сутыкненні. Расійскія войскі нанеслі 59 авіяўдараў і здзейснілі 36 абстрэлаў з РСЗА як па пазіцыях УСУ, так і па грамадзянскіх аб'ектах.
  • Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за сто населеных пунктаў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
  • Сілы абароны па выніках вядзення наступальных дзеянняў мелі поспех у раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці.
  • Усе атакі расійцаў у раёне Ураджайнага Данецкай вобласці абярнуліся для акупантаў значнымі стратамі як у жывой сіле, так і ў тэхніцы.
  • На Мелітопальскім напрамку сілы абароны выцясняюць праціўніка з займаных пазіцый у раёнах Вербавога і Новапракопаўкі Запарожскай вобласці і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
  • За суткі Авіяцыя сіл абароны Украіны нанесла 3 удары па раёнах засяроджання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка.