360-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: што вядома на гэты момант

Амаль год працягваецца гарачая фаза вайны Расіі супраць Украіны. Расказваем, як прайшлі 360-я суткі на ўкраінскім фронце.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net


***

Ва Украіне, паводле ацэнак амерыканскай выведкі, загінулі ўжо больш за 30 тысяч баевікоў ПВК «Вагнер», прычым 90% наймітаў, забітых з пачатку снежня мінулага года, — гэта былыя зняволеныя, заявіў каардынатар стратэгічных камунікацый Рады нацыянальнай бяспекі пры Белым доме Джон Кірбі, якога цытуе тэлеканал «Sky News». Паводле слоў Кірбі, «вагнераўцы» актыўна ўдзельнічалі ў наступе Расіі ў раёне Бахмута і Саледара Данецкай вобласці, а сама ПВК у асноўным складаецца з «крымінальных злачынцаў, выпушчаных з турмаў, каб ваяваць ва Украіне». Некалькімі гадзінамі раней Міністэрства абароны Вялікабрытаніі заявіла, што ПВК «Вагнер» адправіла ва Украіну вялікую колькасць асуджаных, і сярод іх «узровень страт, верагодна, дасягае 50%».

***

Польшча разгледзіць пытанне аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29, якія знаходзяцца на ўзбраенні польскай арміі, а ў выпадку фарміравання шырокай авіяцыйнай кааліцыі далучыцца да яе. Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён падкрэсліў, што на самалётах МіГ-29 або Су ўкраінскія пілоты гатовыя лётаць «практычна адразу», тады як падрыхтоўка ўкраінскіх пілотаў для амерыканскіх F-16 запатрабуе доўгіх месяцаў навучання. Акрамя таго, у пытанні аб прадастаўленні Варшавай Украіне знішчальнікаў F-16 ёсць праблема, бо іх у Польшчы «проста мала, улічваючы маштабы і агульны патэнцыял краіны», сказаў Дуда.

***

Узброеныя Сілы Украіны на поўдні і ўсходзе краіны збілі шэсць расійскіх дронаў, якія адсочвалі размяшчэнне пазіцый украінскай арміі, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Генеральны штаб УСУ. «Сілы СПА збілі 6 БПЛА праціўніка. Паводле папярэдняй інфармацыі, 5 — тыпу "Ланцэт" і 1 — "Zala"», — гаворыцца ў паведамленні.

За мінулыя суткі Сілы абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах 20 населеных пунктаў. «На працягу сутак праціўнік нанёс 10 ракетных і 29 авіяцыйных удараў, ажыццявіў 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пагроза далейшых расійскіх ракетных удараў застаецца вельмі высокай па ўсёй тэрыторыі Украіны», — паведамляе Генштаб УСУ. Цягам мінулых дзён «адбітыя атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Гранікаўка і Сінькоўка Харкаўскай вобласці; Стэльмахоўка, Чырвонапапаўка і Крэменная — Луганскай і Выемка, Фёдараўка, Дубова-Васільеўка, Раздолаўка, Параскавіеўка, Берхоўка, Бахмут, Іванаўскае, Часаў Яр, Вясёлае, Вадзяное, Мар'інка, Пабеда, Новаміхайлаўка і Вуглядар у Данецкай вобласці».

Расійскія войскі 65 разоў абстралялі Херсонскую вобласць з РСЗА, мінамётаў, артылерыі, танкаў і БПЛА. Адміністрацыйны цэнтр вобласці быў атакаваны 13 разоў, снарады і ракеты патрапілі ў прыватныя і шматкватэрныя дамы, будынак адной з вышэйшых навучальных устаноў. У выніку абстрэлаў адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненні, гаворыцца ў паведамленні.

Раніцай 18 лютага на большай частцы тэрыторыі Украіны была абвешчаная паветраная трывога, якая доўжылася больш за гадзіну. Шэраг СМІ паведамілі пра ракеты, запушчаныя з акваторыі Чорнага мора. Сігналы трывогі прагучалі па ўсёй Украіне, акрамя заходніх і шэрагу паўднёвых абласцей. Кіраўнік Хмяльніцкай АВА Гамалій паведаміў пра два выбухі ў горадзе.

***

У расійскай арміі з'явіўся новы камандуючы Цэнтральнай вайсковай акругай. Генерала Аляксандра Лапіна, які стаў героем мемаў і скандалаў, замяніў генерал-лейтэнант Андрэй Мордвічаў. Ён адзін з самых маладых расійскіх военачальнікаў і да гэтага прызначэння не камандаваў нават уласнай арміяй. Аднак за гэты год ён паспеў праславіцца тым, што зраўняў з зямлёю Марыупаль і абдымаўся з Рамзанам Кадыравым на камеру.

***

Крэмль, верагодна, «паглыне» элементы абаронна-прамысловай базы Беларусі ў рамках больш маштабных намаганняў Масквы па пераўзбраенні расійскай арміі для падтрымкі вайны супраць Украіны, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у новай зводцы. Яго аналітыкі нагадалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што беларуская аэракасмічная прамысловасць гатовая вырабляць штурмавікі Су-25 для вайскоўцаў РФ пры падтрымцы расійскіх тэхналогій. Акрамя таго, паводле слоў Лукашэнкі, Мінскі аўтамабільны завод пачаў выпускаць кампаненты для расійскага «КамАЗа» і выказаў гатоўнасць дапамагчы РФ у вытворчасці электронных кампанентаў для замяшчэння страчанага заходняга імпарту.