Выйшлі першыя тры кнігі амбіцыйнай дзіцячай серыі «Чытаю сабе сам». Вось чаму гэта чыстае нахабства
«Чытаю сабе сам»: серыя дзіцячых кніг з матыватарамі ад Gutenberg Publisher. Дзецям эмігрантаў няпроста пачаць чытаць кірыліцай — у выдавецтве "Гутэнберг" зрабілі ўсё, каб гэта было цікава і весела! Але кніжкі можна замовіць і ў Беларусь: дастаўка камплекта каштуе 28 злотых.

Кожны выпуск серыі складаецца з трох кніг розных узроўняў складанасці: чытаем па словах, па сказах, па абзацах. Аднак ад звыклых чытанак пасля буквара яны розняцца самастойнасцю твораў: гэта не прымітыўныя гісторыі пра тое, як мама мыла раму, а сапраўдныя сюжэты з завязкай, кульмінацыяй і развязкай.
Каб дапамагчы адважнаму чытачу, выкарыстоўвацца адмысловы італьянскі шрыфт EasyReading, распрацаваны для дыслексікаў: літары ў ім лягчэй распазнаюцца і не разбягаюцца.
У першых кніжках выдаўцы паставілі націскі і расфарбавалі склады. За цікавым сюжэтам наш герой не заўважыць, як перагорне апошнюю старонку.
А там яго ці яе чакаюць Дыплом і налепкі: прачытаць цэлую кнігу самастойна — гэта не жарты!
На адваротным баку вокладкі бацькі знойдуць методыку, як зрабіць так, каб дзіця «расчыталася», а таксама табліцу, якая з гэтым дапаможа. Такую табліцу можна таксама спампаваць на qr-кодзе і надрукаваць, каб павесіць на лядоўню. А як вам ідэя, што не толькі вы будзеце заахвочваць дзіця чытаць, але і яно вас?
У першым выпуску — тры кніжкі.
«Сябры ў двары». Алена Зарніцкая. Малюнкі Дарыны Харытончык

Двор жыў дружна, пакуль аднойчы пацук не надумаў скрасці малое мышаня. Разам сябры адбіліся ад нахабы, а ўрэшце і перавыхавалі пацука.
На гэтым этапе патрэбныя простыя сказы (1-2 на старонку) і займальныя сюжэты. Выдаўцы паставілі націскі і расфарбавалі склады там, дзе іх шмат, каб чытанне давалася лягчэй.
«Заяц і Мядзведзь едуць да бабулі». Андрэй Скурко. Малюнкі Марыі Платонавай

Сябры Заяц і Мядзведзь віншуюць бабулю з Днём нараджэння, а таксама выбіраюць новы аўтамабіль.
Толькі самыя даўгія і складаныя словы падзелены колерам на склады. Некалькі сказаў на старонцы.
«Казкі гарадскога парку». Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). Малюнкі Марыі Платонавай

У кнізе дзве гарадскія гісторыі. Першая пра прывіда, што жыве ў гарадскім люку і палохае мінакоў. Дзяўчынка разгадвае яго таямніцу. Другая пра насельнікаў парку, якія аднойчы губляюць добрага сябра і трапляюць у кепскую кампанію. Урэшце ўсё стае на свае месцы.
На трэцім кроку дзіця можа самастойна прачытаць цэлую старонку тэксту.
Казкі гэтай кніжкі можна таксама паслухаць на Кніжным возе!
У чым нахабства? У тым, што ў выдавецтве такі перакананыя, што даволі шмат людзей хоча навучыць сваіх дзяцей чытаць па-беларуску — і ў гэтага праекта хутка будзе працяг.