Топ-10 фільмаў пра дабрачыннасьць
У дні, калі нашаму выданьню неабходная вашая фінансавая дапамога, прыгадалі выдатныя стужкі, якія паказваюць прыгожыя сюжэты дапамогі адно аднаму і дабрачыннасьці. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Падтрымаць «Новы Час» на BYSOL можна тут. Любая сума будзе дарэчнай.
Нумар 10. Плаці наперад (Pay It Forward). 2000
Мімі Лэдэр прапанавала пазнаёміцца з пяшчотнай гісторыяй пра добразычлівасьць, дабрыню і здольнасьць людзей пазытыўна ўплываць на жыцьцё іншых нечаканымі спосабамі.
У фільме Кэвін Спэйсі выконвае ролю настаўніка грамадазнаўства, чалавека з сэрцам, якое глыбока схаванае ад сустрэчы з навакольнымі небясьпекамі. Ён стварае захапляльны вобраз чалавека, якога шчыра кранула простая ідэя аднаго зь яго вучняў: Вы аказваеце каму-небудзь істотную паслугу і просіце гэтага чалавека аддзячыць не вам, а тром іншым людзям, якія, у сваю чаргу, аддзячаць яшчэ траім, і гэтак далей, праз гэта павінна распаўсюдзіцца цяплыня і дабрыня ў сусьветным маштабе.
Ці магчыма такое ажыцьцявіць у наш час, поўны нянавісьці і карысьлівасьці?
Нумар 9. Гандзі (Gandhi). 1982
У тым годзе студыі адна за адной адмаўляліся здымаць гэтую стужку, бо лічылі, што яе лёс будзе незайздросным, а камерцыйнага посьпеху пра індыйскага змагара чакаць не варта. Але насуперак гэтаму рэжысэр Рычард Атэнбара здолеў ледзьве не з асабістай кішэні знайсьці фінансаваньне. Як вынік: стужка прынесла ўтрая больш грошаў за патрачаныя, а кінаакадэмія аддала ёй усе галоўныя ўзнагароды: за лепшы фільм, рэжысуру, мужчынскую ролю, сцэнар і шэраг іншых.
А мы з вамі атрымалі чароўнае ўвасабленьне на экране гісторыю Махатмы Гандзі. Апроч вельмі пераканальнай працы актораў, вы станеце сьведкамі гістарычнай кінематаграфічнай падзеі: у сцэнах пахаваньня Гандзі ўдзельнічалі запрошаныя 300 тысячаў чалавек. Уявіце сабе маштаб гэтых кадраў. Калі вы мала што ведаеце пра сучасную гісторыю Індыі, і тое, якім чынам яна атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 70 гадоў таму – знайдзіце тры гадзіны (так, гэта вельмі доўгі фільм), каб атрымаць усе адказы.
Нумар 8. Францішак (Francesco). 1989
Яшчэ адна экранізацыя жыцьця сьвятога Францішка, на гэты раз зьдзейсьненая Ліліянай Кавані. Фільм па-свойму малюе партрэт гэтай загадкавай постаці, чыя вера і радыкальная прастата ўмацавалі хрысьціянства і працягваюць натхняць людзей і сёньня. Дарэчы Папа Францішак, які узначальвае каталіцкі Касьцёл з 2013 года ўзяў сваё імя ў гонар гэтага сьвятога.
Вобраз сьвятога Францішка ў выкананьні Мікі Рурка - адкрыцьцё. Гэтая роля прынесла актору сусьветную славу ў якасьці выдатнага драматычнага актора. Іншая справа, што рэальзаваць свой патэнцыял Мікі Рурк так і ня здолеў напрацягу сваёй кар’еры. І гэта шкада, бо мы маглі б захапляцца па-сапраўднаму добрым акторам, але яго крывая кар’ерная дарога – ужо іншая гісторыя.
Нумар 7. Я, Даніэл Блэйк (I, Daniel Blake). 2016
Стужка рэжысэра Кена Лоўча перамагла на Канскім кінафэсьце. Яна пра чалавечнасьць і пра абыякавасьць. У наш час паралельныя плыні рэдка перасякаюцца. Але дзеля іх і варта жыць. Дэніэл Блэйк – гэта 59-гадовы цесьляр, які апрытомнеў ад сардэчнага прыступу, і змагаецца з бюракратычнай машынай Брытаніі пасьля таго, як яго прызналі непрыдатным да працы. Разам з гэтым ён не мае права на ніякія ільготы.
Гэтая стужка – напамін пра тое, што дабрачыннасьць пачынаецца не з шырокіх жэстаў, а з таго, каб убачыць і дапамагчы чалавеку побач.
Нумар 6. Калядная песьня (A Christmas Carol). 2009
Бадай што самая ўдалая экранізацыя кнігі Чарльза Дзікінза атрымалася ў рэжысэра Робэрта Зэмэкіса. Адна з самых знакамітых казак, якую да дзірак зачытваюць дзеці ў Англіі, атрымала шырокую вядомасьць і ў Беларусі. Вядомы комік Джым Кэры выконвае зусім не камічную, але трагічную ролю сталага чалавека, які, як зараз кажуць, стварыў сябе сам.
Містэр Скрудж працаваў усё жыцьцё, не марнуючы нешта на прыемнасьці, але ўсё больш і больш назапашваў сродкі. На Раство, калі ўсё вакол адназаюць сьвята, ён працягваў працаваць і быў незадаволены, што яго падначаленыя зьбіраюцца дадому.
Езус кажа ў Новым Запавеце: Не ведаеце, у якую гадзіну памрэце, калі будзе ўзятыя з гэтага сьвету. Так і галоўны герой казкі памірае і глядзіць рэтраспектыву свайго жыцьця. Ці ёсьць шанец нешта паправіць? Ці адгукнецца яго сухое сэрца?
Нумар 5. Пір Бабэты (Babettes gæstebud). 1987
Дацкая стужка, якая атрымала перамогу на цырымоніі Оскар у намінацыі «Лепшы замежны фільм». Праца Габрыэля Аксэля — гэта рэдкая пярліна сусьветнага кінематографа. Да такіх фільмаў нячаста дабіраецца масавы глядач, але менавіта на такіх карцінах і існуе мастацтва.
«Пір Бабэты» — гэта ціхая, але надзвычай магутная медытацыя аўтара пра шчодрасьць, ахвярнасьць і любоў звычайнага чалавека. Дзеяньне разгортваецца ў далёкай дацкай вёсцы, а сама гісторыя адбываецца вакол Бабэты, французскай бежанкі, якая знаходзіць кут у якасьці хатняй гаспадыні ў дзьвюх строгіх сёстраў.
Калі Бабжта нечакана выйграе ў лятарэю, яна вырашае патраціць свой выйгрыш на шчодрае сьвята, вялікі пір для жыхароў вёскі. Гэта назаўсёды зьмяняе жыцьцё тых, хто побач зь ёй.
Нумар 4. Форэст Гамп (Forrest Gump). 1994
Рэжысэр Робэрт Зэмэкіс зьняў легендарны фільм. Седзячы на аўтобусным прыпынку, Форэст Гамп — не вельмі разумны, але добры і адкрыты хлопец — распавядае выпадковым сустрэчным гісторыю свайго незвычайнага жыцьця.
Форэст Гамп, ролю якога выконвае Том Хэнкс, ніколі не лічыў сябе абяздоленым. Дзякуючы сваёй маці ён вядзе зусім звычайны лад жыцьця. З самага маленства хлопец пакутаваў ад захворваньня ног, суседзкія хлопцы дражнілі яго, але ў адзін цудоўны дзень Форэст адкрыў у сабе неверагодныя здольнасьці да бегу.
Форэст натхняе людзей сваім дзіцячым аптымізмам, незалежна ад таго, ці становіцца ён выпадкова зоркай футбольнай каманды, ці змагаецца ў В'етнаме або ўзначальвае рыбацкую лодку. На цырымоніі Оскар гэтая стужка атрымала сярод іншых узнагароды за лепшы фільм, рэжысэрскую працу і лепшую галоўную ролю Тома Хэнкса.
Нумар 3. Амэлі (Le Fabuleux destin d'Amélie Poulain). 2001
Фантастычны посьпех гэтай надзвычай мілай стужкі стаў сусьветным прызнаньнем у каханьні да францускага кіно. У Парыжы дагэтуль працуе кавярня, у якой працавала гераіня Адры Тату, там можна выпіць кавы з круасанам, зрабіць здымак ля аднаго з плякатаў і пайсьці блукаць па вуліцах сталіцы, па якіх бегала, хадзіла, езьдзіла Амэлі.
Таямніца посьпеху стужкі — у чароўнай звыкласьці гісторыі. Дзяўчына, якая магла ўбачыць казачныя праявы ў шэрых падзёртасьцях лёсу, і, паўтараючы за гераіняй, можна задацца пытаньнем, колькі людзей у гэты момант займаюцца каханьнем у Парыжы. Ці то ў Менску.
Гэта адзін з тых фільмаў, якія будуць пераглядаць пакаленьне за пакаленьнем гледачоў. Галоўная гераіня ўвесь час дапамагае іншым адчуць смачны глыток гэтага жыцьця, якое часта становіцца шэрым і абрыдлым.
Адзінае, пра што можна шкадаваць, гэта тое, што Адры Тату больш не атрымала магчымасьці знайсьці такі фэнаменальны посьпех у гледачоў у іншых стужках.
Нумар 2. Гэта цудоўнае жыцьцё (It's a Wonderful Life). 1946
Яшчэ адным цудам зьяўляецца гэтая стужка. Пасьля вайны відавочна лунаў запыт на нешта, што здолее падараваць надзею для ўсяго чалавецтва. Фрэнк Капра зьняў шэдэўр кінематографу. У галоўнай ролі – суперзорка Джэймс Сьцюарт, які грае чалавека, што зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам. Вы можаце заўважыць - такі сабе пачатак для фільма на Раство.
У гэтую ж сэкунду дзеяньне фільма спыняецца, і мы прысутнічаем на нарадзе анёлаў, дзе яны дзівяцца, што ж прывяло чалавека на самы край яго існаваньня. Яны перамотваюць жыцьцё патэнцыйнага самагубцы назад, каб разабрацца. Дзе тыя шляхі, якія вядуць у прорву.
Па вэрсіі амэрыканскага істытута кіно – гэтая стужка самая натхняльная ў гісторыі. Калі вайна і дыктатура падкашваюць вашае жыцьцё – гэта яшчэ не канец. Нам, безумоўна, неабходна натхненьне ў гэтыя часы.
Нумар 1. Езус з Назарэту (Jesus of Nazareth). 1977
«Езус нарадзіўся! Славім яго!» Падобнымі словамі ва ўсім сьвеце будзе адзначацца чарговае Раство. Напрацягу гісторыі кіно незьлічоную колькасьць разоў, яшчэ з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы, рабіліся спробы экранізацыі жыцьця Збаўцы Езуса Хрыста.
Былі, безумоўна, вартыя адаптацыі, былі і прахадныя карціны. Але кінаэталёнам можа служыць гэтая праца, створаная Франка Дзэфірэлі з Робэртам Паўэлам у галоўнай ролі.
Больш за 6 гадзінаў у рэжысэрскай вэрсіі фільма прамільгнуць як адно імгненьне. Чыстае мастацтва паводле самай галоўнай гісторыі ў гісторыі чалавецтва.
Прыемнага прагляду!
Падтрымайце«Новы Час» на BYSOL.