Топ-10 фільмаў Анджэліны Джалі
Эталён прыгажосьці для мільёнаў людзей адзначыла на гэтым тыдні 49-годзьдзе. І няхай яе кінематаграфічная кар’ера не напоўненая вялікай колькасьцю магутных драматычных роляў, Анджэліна Джалі кожным новым фільмаў прыцягвае ўвагу да сваёй працы. Яе вобразы – пазнавальныя і ўлюбёныя масамі. Мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак зь яе ўдзелам. Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Лара Крофт: Раскрадальніца грабніцаў (Lara Croft: Tomb Raider). 2001
Легендарная адаптацыя відэагульні зрабіла акторку знакамітай па ўсім сьвеце. Вобраз рашучай і ракавой гераіні, якая шукае прыгодаў і скарбы, стаў культавым. Напэўна яшчэ ніколі археоляг на экране не выглядаў так захапляльна, як у выкананьні Анджэліны Джалі. Партнэрам на здымках быў будучы Джэймс Бонд – Дэніэл Крэйг і бацька Анджэліны – актор Джон Войт.
Сюжэт гэтага баевіка Саймана Ўэста не вылучаецца асаблівай непрадказальнасьцю. Гледачы цалкам адпачываюць падчас прагляду, пакуль галоўная гераіня вырашае галаваломкі, скокае з вышыні і проста прыгожа выглядае на экране. Трэба прызнаць, што калі б на яе месцы была не такая эфектная акторка, стужку непазьбежна чакаў правал, што і даказаў выхад у 2018 годзе новай вэрсіі з Алісіяй Вікандэр у галоўнай ролі. Не Джалі, зусім не Джалі.
Нумар 9. Маліфісэнта (Maleficent). 2014
Пасьля выхаду гэтай стужкі Робэрта Стромбэрга вобраз Маліфісэнты стаў адным з самых папулярных сярод дзяцей ды і дарослых. Гэта сваеасаблівы пераказ клясычнай казкі «Санлівая прыгажуня» з паглыбленьнем у перадгісторыю аднаго з самых загадкавых казачных злодзеяў у гісторыі – помсьлівай феі Маліфісэнты, у выкананьні чароўнай Анджэліны Джалі.
Як і з папярэднім фільмам, калі б не прысутнасьць акторкі, стужка выглядала б плоскай і мала цікавай, бо астатнія героі прысутнічаюць збольшага, каб разбавіць магнетычную гульню Анджэліны Джалі. Вобраз Аўроры, у выкананьні Эль Фэнінг, верагодна, меў пэўны посьпех у маленькіх гледачоў, але сур’ёзна глядзець за яе працай на экране немагчыма. Добрая казка, але даволі пасрэдны фільм.
Нумар 8. Турыст (The Tourist). 2010
Некалькі чалавек прыяжджае ў горад, які славіцца самім сабою. Вэнэцыя яшчэ больш становіцца зачараваным месцам, калі героі Анджэліны Джалі і Джоні Дэпа становяцца заблытанымі ў захапляльную гісторыю. Трылер, напоўнены рамантычнасьцю і лёгкім гумарам – тое што трэба ў летні час. Неверагодных, сьвежых, новых хадоў у гэтай працы Флярыяна Хенкель фон Донэрсмарка чакаць не выпадае. Але калі вы прыхільнік адной з двух суперзорак, што ўдзельнічаюць у стужцы – сьмела ўключайце гэты фільм.
Нумар 7. Джыа (Gia). 1998
Праца рэжысэра Майкла Крыстафэра — гэта захапляльны, востры біяграфічны фільм, які паглыбляецца ў бурнае жыцьцё Джыі Каранджы, адной з самых знакамітых супермадэляў канца 70-х, пачатку 80-х гадоў. Стужка зробленая вельмі якасна і насычаная сцэнамі для дарослых.
Анджэліна Джалі прызнавалася пасьля, што яе ўласнае жыцьцё было вельмі і вельмі падобным да яе гераіні. яны абедзьве працавалі ў заштатным бары, а потым раптоўна былі закінутыя ў сьвет здымкаў, вокладак часопісаў, наркотыкаў і астатніх атрыбутаў жыцьця фотамадэляў таго (ды і сёньняшняга) часу.
Акторка атрымала першую значную ўзнагароду ў сваёй кар’еры за гэтую ролю – Залаты Глёбус.
Нумар 6. Містэр і місіс Сьміт (Mr. & Mrs. Smith). 2005
Дуг Ліман стварыў захапляльную экшн-камедыю з мужам і жонкай у жыцьці – Брэдам Пітам і Анджэлінай Джалі у вобразах мужа і жонкі на экране. Фільм можна апісаць як клясычны шпіёнскі трылер з побытавым адценьнем. Стваральнікі здолелі зрабіць бездакорны баланс паміж пасьлядоўнасьцю дзеяньняў на экране, якія ўздымаюць адрэналін, і глыбокімі, але і часта зьедлівымі шлюбнымі зносінамі герояў.
Сюжэтная лінія пра містэра і місіс разгортваецца вакол сямейнай пары двух забойцаў, нанятых, каб забіць адзін аднаго. Зразумела, яны ня ведаюць пра тое, хто павінен стаць іх наступнай ахвярай.
Перастрэлкі, пагоні, баі бяз правілаў – муж і жонка пакажуць усе свае навыкі.
Нумар 5. Пярэрванае жыцьцё (Girl, Interrupted). 1999
Шыкоўны псыхалягічны фільм Джэймса Мэнгалда распавядае пра страшэнную рэальную гісторыю дзяўчыны, якую прымусова адправілі на лекаваньне ў псыхіятрычны шпіталь у 1960-х гадах. Ідэальнае выкананьне ролі хворай дзяўчыны прынесла Анджэліне Джалі яе першы Оскар.
Партнэркай Джалі выступае Наталі Портман, якая таксама не вылучаецца мэнтальным здароўем. Жорсткі, шчыры, драматычны погляд на жыцьцё ў псыхіятрычным шпіталі.
Стужка прымушае гледачоў супрацьстаяць уласным уяўленьням пра здаровы розум. Ці не зьяўляюцца пацыэнты такіх установаў больш здаровымі за тых, хто знаходзіцца па той бок сьцяны?
Нумар 4. Солт (Salt). 2010
Фільм рэжысэра Філіпа Нойса – гэта захапляльны трылер, які дэманструе Анджэліну Джалі ў выглядзе афіцэра ЦРУ, якую абвінавачваюць у тым, што яна зьяўляецца расейскім агентам, і якая павінна бегчы, каб ачысьціць сваё імя і раскрыць глыбокую змову, што пагражае дэмакратычнаму сьвету.
Гэта захапляльны баевік, які не сорамна паглядзець. Джалі па-майстэрску выконвае ўсё тое, што мусіць умець спецагент ЦРУ. Пошукі праўды правядуць галоўную гераіню праз шэраг небясьпечных прыгодаў і злых людзей. Гэта Амэрыка, а значыць справядлівасьць абавязкова будзе трыюмфаваць. Прынамсі ў фільме.
Нумар 3. Першародны грэх (Original Sin). 2001
Гісторыя каханьня ў выкананьні Анджэліны Джалі і Антоніа Бандэраса. Рэжысэр Майкл Крыстафэр, аўтар вышэй згаданай стужкі Джыа, зьняў прыгожую, напружаную, захапляльную гісторыю. Адаптаваны на аснове рамана Карнэла Вулрыча "Вальс у цемры", дзеяньне фільма разгортваецца на Кубе канца ХІХ стагодзьдзя.
Антоніа Бандэрас у ролі заможнага ўладальніка кававай плянтацыі сустракае жанчыну, якая мелася стаць яго жонкай. Але замест сьціпласьці і пакоры яму дастаецца самая прывабная кабета свайго часу, якая прымушае сэрцы біцца хутчэй, а рукі хапацца за зброю.
Герой Бандэраса трапіў у сетку жарсьці і здрады. Яго шлях ад закаханасьці да адчаю будзе балючым, жорсткім, але адначасова і прыгожым.
Нумар 2. Добры пастыр (The Good Shepherd). 2006
Рэдкая зьява ў сусьветным кіно – калі ў ролі рэжысэра выступіў вялікі Робэрт Дэ Ніра. Ён жа выканаў адну з галоўных роляў, але асноўнымі акторскім зоркамі тут выступілі Анджэліна Джалі і Мэт Дэйман. Стужка расьцягнулася амаль на тры гадзіны і ў плаўным тэмпе распавядае захаплльную гісторыю аб стваральніку ЦРУ.
Дэ Ніра прапануе гледачам змрочны погляд на асабістыя ахвяры і маральныя неадназначнасьці, уласьцівыя сьвету выведкі. Калі ты ідзеш у агенты – ты ўцякаеш ад усяго астатняга, як бы не стараўся пераканаць самога сябе ў адваротным.
Тэмп стужкі адмыслова не хуткі, што дазваляе адчуць дэталі, паўцені і непрамоўленыя сэнсы.
Нумар 1. Падмена (Changeling). 2008
Шэдэўр, зьняты шаноўным Клінтам Іствудам, — гэта фільм, які пераклікаецца з рэхамі мінулай эпохі. Рэжысэр па-майстэрску пераносіць сваіх гледачоў у Лос-Анджэлес 1928 года. Стужка заснаваная на сапраўднай гісторыі жанчыны пра яе нястомныя пошукі зьніклага сына.
У фільме вы будзеце захопленыя гульнёй Анджэліны Джалі, яе кранальнасьць, а ў іншых момантах рашучасьць гераіні, скіроўвае нас да лепшай ролі акторкі. Клінт Іствуд, як сапраўдны рэспубліканец, не баіцца жорстка і па справе абвінавачваць дзяржаўныя органы ў інстытуцыйных правалах.
Джон Малкавіч у фільме грае ролю другога пляну – пратэстанцкага пастара, які спрабуе выцягнуць галоўную гераіню з пекла адчаю. Іствуду атрымліваецца пераканаўча давесьці небясьпечную ролю мэдыя ў справе пабудовы грамадзкага меркаваньня. Карупцыя ў дзяржаўных органах, у тым ліку паліцыі – хвароба, якую ўсё ніяк не ампутуюць.
Прыемнага прагляду!