Свабодныя «Купалаўцы» выйшлі на сапраўдную сцэну перад гледачамі. Гэта іх першы афлайн-выступ за год
Выступ адбыўся ў Беластоку на сцэне «Кіно — Тон» у рамках фестывалю «Напрамак — Усход». «Купалаўцы» учора паказвалі спектакль «Я», піша Радыё Рацыя.
«Я ўпершыню выходжу на сцэну за паўтара года вось так, каб гэта быў жывы глядач. …Лягла на сцэну, думаю: Божачкі! Я ляжу на сцэне. Я стаю на сцэне. Гэта штосьці дзіўнае. Для мяне гэта хутчэй выпрабаванне будзе, ці здольная я яшчэ», — падзялілася ўражаннямі Крысціна Дробыш.
У жніўні 2020 года купалаўцы асудзілі гвалт сілавікоў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, а пасля таго як быў звольнены дырэктар тэатра Павел Латушка, звольніліся разам з ім. Тады Купалаўскі тэатр пакінулі тры дзясяткі акцёраў, а таксама музыканты, рэжысёры, адміністратары, кіраўнік Мікалай Пінігін — каля 60 чалавек. З таго часу яны выступалі анлайн, даючы відэапастаноўкі, адзначае «Наша Ніва».