«На тое мелася вялікае жаданне кіраўніцтва». Зорка Опернага сышла з тэатра
Салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета Наталля Акініна звольнілася з тэатра.
«Ад сёння я не загадчыца трупы оперы і не салістка Вялікага тэатра Беларусі. Я не звольненая, як Сільчукоў, Галанаў і музыканты нашага аркестра. Сышла па згодзе бакоў», — паведаміла яна «Нашай Ніве».
Пры гэтым, як падкрэслівае Акініна, на тое было вялікае жаданне кіраўніцтва тэатра.
Наталля Акініна — вядомая оперная спявачка. Скончыла Мінскае музычнае вучылішча і Акадэмію музыкі. Працавала салісткай музычнай капэлы «Санорус», з 2005 года — у Оперным.
Як патлумачылі крыніцы «Нашай Нівы», раней у Акінінай быў доўгатэрміновы кантракт спявачкі, разлічаны на некалькі гадоў наперад. Год таму яе папрасілі стаць загадчыцай опернай трупы. Яна згадзілася, працавала там на стаўку, адначасова салісткай — на палову стаўкі.
Нядаўна Акінінай не прадоўжылі кантракт як загадчыцы трупы. А як салістцы замест доўгатэрміновага кантракта ёй прапанавалі бестэрміновую дамову на палову стаўкі. Гэта дае магчымасць прасцей звольніць яе. Акініна адмовіліся і сышла.
«Заставацца ў цяперашніх умовах нават дзеля музыкі і спеваў я палічыла немагчымым для сябе. Даказваць гэтым людзям сваю прафесійнасць як чалавека і спявачкі для мяне непрымальна», — патлумачыла яна.
У прэс-службе Опернага тэатра адмовіліся ад каментароў.
Гэта не першы сыход зорак Опернага за апошні час. Восенню 2020 года з тэатра былі звольненыя дырыжоры Андрэй Галанаў, спявак Ілья Сільчукоў, канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган і альтыстка Аляксандра Пацёміна. Гэта адбылося пасля акцыі «Вольнага хору», што адбылася перад пачаткам аднаго са спектакляў.
Пасля сканчэння гэтага сезона ў тэатры не застанецца народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, які — гэтаксама як Сільчукоў — удзельнічаў у запісе зваротаў супраць гвалту.
Тэатр звольніў галоўнага дырыжора Вячаслава Воліча і не працягнуў кантакт спявачцы Кацярыне Галаўлёвай.
У кулуарах кажуць пра паслядоўнае звальненне салістаў ды супрацоўнікаў Опернага, якія выказвалі сваю пазіцыю.
Сыходы Пятрова і Акінінай адбыліся пасля таго, як у траўні 2021-га дырэктарам тэатра стаў Вячаслаў Гарбузаў. Раней ён быў дырэктарам Брэсцкага тэатра драмы, пачынаў кар’еру ў БРСМ.