Дохлы Сталін і Баба Яга лесбіянка

Фільм «Смерць Сталіна», які сёння выходзіць у беларускі пракат, пастаўлены паводле еўрапейскага комікса. У Расіі ў стужкі адабралі пракатнае пасведчанне, а беларускае Міністэрства культуры таксама стрымала паказ карціны. Што такое еўракоміксы — і чаму іхнія экранізацыі такія непажаданыя на колішняй сталінскай тэрыторыі?

deathofstalin_banner.jpg


Комікс — гэта друкаваны твор, які складаецца з серыі намаляваных кадраў, што расказваюць гісторыю. У ХІХ стагоддзі коміксы атабарыліся на старонках прэсы, а ў ХХ стагоддзі пайшлі ў наступ на ўсіх франтах.
У 1960-я гады пачаўся бум еўракоміксаў. Як падкрэслівае знаўца коміксаў Дзмітры Ком, еўрапейскія коміксы адрозніваліся ад класічных амерыканскіх. Яны дазвалялі сабе куды большую сексуальную і сацыяльную разняволенасць, а самі кадры-выявы нярэдка нагадвалі творы старых мастакоў.
Французская «Барбарэла» была смелай шукальніцай міжгалактычных сексуальных прыгодаў. З’явіўшыся ў коміксах Жана-Клода Форэста, яна агаломшвала цэнзараў, якія забаранялі кніжкі з яе выявай — дый штурмавала кінаэкран у фільме Ражэ Вадзіма. Гэтая карціна дасюль здзіўляе кісліннымі колерамі і гратэскна-малімоннымі касцюмамі.
Коміксавы таварыш Барбарэлы «Д’яболік», які быў прыдуманы сёстрамі Джусіяні, стаўся «жаночай фантазіяй пра супермужчыну». Ён таксама дачакаўся кінаўвасаблення: гэтым заняўся чараўнік італьянскага кіно Марыё Бава. Кадры з гэтых стужак яшчэ ў савецкія часы выклікалі шал ідэолагаў, якія, пускаючы пену, пракліналі «буржуазную масавую культуру».
Увогуле, стасункі кіно і коміксаў вельмі цесныя. Самі коміксы — як раскадроўкі карцін, а новыя карціны ў сваю чаргу вырастаюць з коміксаў. Герой комікса «Дзілан Дог» быў спісаны з акцёра Руперта Эверэта. Калі гэты комікс пра прыгоды вясёлага далакопа экранізавалі, у галоўнай ролі, натуральна, выступіў сам Эверэт.
Да раскадровак фільма «Сэрца ў глотцы» Цінта Браса прыклаў руку італьянскі аўтар коміксаў Гвіда Крэпакс, а ягоны калега Міла Манара працаваў з Аляхандра Хадароўскім, Педра Альмадоварам і Федэрыка Феліні.Італьянскія коміксы, як падкрэслівае Дзмітры Ком, вылучаліся асаблівай разняволенасцю. З дапамогаю пстрычкі пульта ў гераіні коміксаў, якія прыдумаў Міла Манара, абуджалася сексуальная пажада, так што гераіня неаднойчы пакутавала (чаго нельга сказаць пра ўдзячных чытачоў). «Пстрычка» меў колькі працягаў дый перакладаўся на іншыя мовы.

01a.jpg

01b_copy.jpg

Комікс «Шчаўчок» «Пстрычка» Міла Манары
Не менш знакаміты крывавы комікс Манары пра сям’ю Борджыа ці выданне «Гуліверыяны» — з кабетай-нудысткай у галоўнай ролі.


Гвіда Крэпакс прапанаваў зусім іншы цыкл эратычных прыгодаў. Ягоная чорна-белая і ўзвінчана-карункавая Валянціна любіць трызніць і сніць — і часта трапляе ў розныя дзіўныя сітуацыі — і нават у розныя эпохі.У коміксе «Баба Яга» яна сустракае вытанчаную модную кабету, старэйшую за сябе. Гэта ведзьма Баба Яга, якая прагне цялесных уцехаў з гераіняй (абурэнне славянскай аўдыторыі гарантаванае). Мала таго, у экранізацыі комікса (фільм Карада Фарыны, 1973) дадалася сексуальна-блюзнерская сцэна расстрэлу Валянціны нямецка-фашысцкімі акупантамі.

 Комікс «Баба Яга» Гвіда Крэпакса

 Комікс «Баба Яга» Гвіда Крэпакса


У іншым коміксе мастак зухавата і адным махам абражае пачуцці царабожнікаў, камуністаў і канібалаў. На малюнку цар-бацюшка, яўна Мікалай ІІ, збіраецца сажраць Валянціну, якая, сервіраваная і аголеная, ляжыць на стале. Але прыгажуню вызваляюць кранштацкія матросы. Раз’юшаны і галодны цар тыкае відэльцам у чытача (і ўсё гэта адным сюррэалістычным кадрам, не падзеленым на паасобныя клеткі!).

Рускі цар збіраецца сажраць Валянціну. З комікса Гвіда Крэпакса

Рускі цар збіраецца сажраць Валянціну. З комікса Гвіда Крэпакса


Эратычная авантурыстка Валянціна яўна сімпатызуе рэвалюцыі. У адной з нататак свайго комікс-дзённіка яна спакушае Троцкага і кладзе вока на іншых рэвалюцыянераў.

Прыгода «Віва, Троцкі!» (З «Дзённіка Валянціны», комікс Гвіда Крэпакса)

Прыгода «Віва, Троцкі!» (З «Дзённіка Валянціны», комікс Гвіда Крэпакса)


Нарэшце, у жыццяпісе Валянціны знаходзіцца месца і хаўтурам Сталіна. Але да ніякіх асаблівых прыгод гэта не прыводзіць.

З «Дзённіка Валянціны», комікс Гвіда Крэпакса

З «Дзённіка Валянціны», комікс Гвіда Крэпакса


Сітуацыю выправілі французскія мастакі. У 2010-2012 гадах Фаб’е Нуры і Цьеры Робін выдалі комікс «Смерць Сталіна» ў дзвюх частках. Першая частка прысвечаная агоніі правадыра, другая — хаўтурам.

 Мастацтва забівае тырана. Комікс «Смерць Сталіна».

 Мастацтва забівае тырана. Комікс «Смерць Сталіна».


У адрозненне ад італьянскіх мастакоў, французскія творцы коміксаў заўжды былі больш стрыманымі ў паказе жорсткасці і сексу. У «сталінскім» коміксе гэтыя тэмы тычацца двух персанажаў: Берыі і Васіля Сталіна. І той, і другі паказаныя разбэшчанымі істотамі. А сустрэча Васіля Сталіна з трупам «бацькі народаў» суправаджаецца стралянінай, лямантам лекараў — і скокамі мозга па падлозе.


Комікс, як графічны твор падкрэслівае, узмацняе — і даводзіць да гратэску пэўныя рысы, але стваральнікі «Смерці Сталіна» адштурхоўваліся ад сапраўдных фактаў.
Марыя Юдзіна была любімаю піяністкаю Сталіна, і адмыслова для яго быў хутка ўначы запісаны на плыту канцэрт, які ён толькі што праслухаў па радыё. Сталін, сапраўды, у момант смерці падняў руку, каб паказаць на кагосьці, Берыя быў знянацку для яго самога арыштаваны ваеннымі.

 Апошняя хвіля тырана. Комікс «Смерць Сталіна»

 Апошняя хвіля тырана. Комікс «Смерць Сталіна»

12_37.jpg

Арышт Берыі. Комікс «Смерць Сталіна» Але савецкія персанажы французскага твора — камічныя. Зло — смяротнае, і зло смешнае. Нягледзячы на забароны, яго пазбаўляе ўлады мастацтва — з сэрцам сыграная музыка і намаляваны графічны твор.

 Пахавальная цырымонія. Комікс «Смерць Сталіна»

 Пахавальная цырымонія. Комікс «Смерць Сталіна»

14_31.jpg

Камуністычны сінкліт. Комікс «Смерць Сталіна»
Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, стала вядома, што Міністэрства культуры дазволіла паказаць у Беларусі стужку «Смерць Сталіна», створаную паводле аднайменнага комікса. Дэманстрацыя стужкі запланаваная з 8 да 21 лютага ў прыватных мінскіх кінатэатрах. Ці забівае мастацтва тыранаў?